4 мая, на сцэне B&W Hallerne ў Капенгагене адбудзецца адкрыццё 59-га песеннага конкурсу Еўрабачанне. У конкурсе будуць удзельнічаць прадстаўнікі 37 краін-удзельніц.

Букмекеры называюць армянскага выканаўца Арама галоўным прэтэндэнтам на перамогу

Букмекеры называюць армянскага выканаўца Арама галоўным прэтэндэнтам на перамогу

Дэвіз сёлетняга Еўрабачання — Далучайся да нас (JoinUs). Паўфіналы конкурсу пройдуць 6 і 8 мая (аўторак і чацвер), фінал — 10 мая (субота).

Беларусь (выканаўца Тэа) будзе ўдзельнічаць у другім паўфінале, пад нумарам 10. Але букмекеры ацэньваюць шанцы не вельмі — 251,0.

Букмекеры з William Hill, а гэтыя хлопцы рэдка памыляюцца, называюць галоўным фаварытам конкурсу прадстаўніка Арменіі Aram MP3 (каэфіцыент 3,0).

Яго шчымлівая песня Not Alone лідзіруе ў праглядах на Youtube, толькі афіцыйны ролік праглядзела больш за 2,6 млн чалавек. Aram выступіць у першым паўфінале 6 мая пад нумарам 1.

На другое месца букмекеры паставілі шведскую спявачку Саня Нільсэн (каэфіцыент верагоднасці таксама высокі — 3,75).

На 3-е месца, але з значным адставаннем, букмекеры адправілі вясёлую песню прадстаўніка Даніі Басіма (11,00).

 

За апошнія дні, паводле William Hill, моцна выраслі шанцы ва ўкраінскай прыгажуні Марыі Ярэмчук (яна абышла Нарвегію, Брытанію і дагнала Данію, і каэфіцыент ужо 11,00).

Марыя — дачка знакамітага спевака 1970—пачатку 1990-х Назарыя Ярэмчука, які зрабіў украінскую песню мегапапулярнай у СССР. Менавіта «Чэрвона Рута» ў яго выкананні (спяваў спачатку з аўтарам У.Івасюком) стала хітом 1970 г.

І песня ў Марыі добрая, і сэрцы еўрапейцаў могуць на баку Украіны ў гэтыя неспакойныя майскія дні.

Расія, дарэчы, ужо настройваецца на тое, што яе «пракацяць» на Еўрабачанні з-за далучэння Крыма і агрэсіі ва Украіне (букмекеры ацэньваюць шанцы сясцёр Талмачовых, 51,0).

Пятае месца букмекеры аддаюць брытанскай спявачцы Молі (13,00)

Такі ж каэфіцыент у венгерскага праекта Андраш Калай-Саўндэрс

Скандальна-эпатажная аўстрыйская спявачка Канчыта Вюрст уваходзіць у дзясятку, але на Youtube яе ролік даганяе па папулярнасці Арменію.

Дарэчы, сёлета спаўняецца 40 гадоў як на «Еўрабачанні» трыумфальна перамагла шведская ABBA з песняй Waterloo

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0