Усе мы час ад часу крытыкуем музеі. Маўляў, нецікавыя падачы, няма інтэрактыву, не ведаем, што дзе адбываецца… Кампанія «Будзьма!» дае кожнаму з вас шанец зрабіць музей цікавейшым! Прапануйце ідэю, прадстаўце яе на першым сталічным «Кірмашы праектаў», атрымайце парады прафесіяналаў і рэалізуйце свае задумы! Вашую ідэю лепш за вас ніхто ажыццявіць не зможа! Адкаркуйма музейную «кансерву» разам!

Музейны «Кірмаш» адбудзецца 15 траўня і будзе прысвечаны новым, актуальным спосабам пашырэння аўдыторыі музеяў, сучасным мадэлям працы з наведнікамі. Асаблівую цікавасць уяўляюць праекты, якія не толькі стымулююць навуковую і выхаваўчую дзейнасць музея, але і ўлічваюць патрэбы сённяшняга беларускага грамадства.

Якія праекты збіраюцца?

- новыя падыходы да супрацы музеяў і грамадства,

- праекты, што разбураюць стэрэатыпы пра «закансерваваны нецікавы музей»: раскрываюць магчымасці музея далучаць, цікавіць, здзіўляць людзей, задаваць пытанні і/або даваць на іх адказы.

Тэматычныя кірункі прэзентацый/праектаў:

- развiццё лакальных супольнасцяў праз музей (клубы, аб'яднаннi навакольных жыхароў, таварыствы сяброў музея);

- правядзенне музейных pop-up праектаў (кароткачасовых мерапрыемстваў, падчас якіх месцічы прыносяць у музей уласныя тэматычныя «экспанаты» i самі ж расказваюць гісторыі гэтых рэчаў); 

- стварэнне і раскрутка віртуальных музейных пляцовак праз сацыяльныя сеткі, сацыяльныя праекты ў сеціве;

- iнавацыйныя праекты, накіраваныя на фармаванне грамадскай думкі вакол гістарычнай спадчыны;

- музей па-за сценамi музея (выязныя праекты, накiраваныя на актуалiзацыю ў горадзе музейнай дзейнасцi);

- ідэі па прасоўванні дзейнасці музеяў або іх асобных мерапрыемстваў.

 

Да ўдзелу запрашаюцца як прафесіяналы, так і ўсе неабыякавыя аматары беларускіх музеяў!

Экспертамі выступяць аўтарытэтныя адмыслоўцы ў музейнай справе.

Каб прадставіць свой праект, неабходна да 11 траўня ўключна даслаць на электронную скрыню [email protected] прэзентацыю, (зробленую ў PowerPoint, Keynote або на сервісе prezi.com) па плане:

- назва прэзентацыі;

- сутнасць прэзентацыі (што менавіта вы хочаце прадставіць: праект, стратэгію, кампанію, канцэпцыю і г.д.);

- мэты і задачы (чаму і каму гэты праект неабходны?);

- фармат праекта, яго ўнікальнасць і (ці) неабходнасць;

- калі і дзе ідэя мусіць рэалізавацца?

- якія рэсурсы вы ўжо маеце і якія – шукаеце? (каманда, дзеянні, партнёры, бюджэт).

Больш падрабязна пра падрыхтоўку прэзентацыі – тут.

«Кірмаш праектаў» ад кампаніі «Будзьма беларусамі!» – гэта прэзентацыя культурніцкіх ідэй, на якой кожны ахвочы, незалежна ад прафесійнага досведу, можа прадставіць сваю задуму шырокай публіцы. Навошта? Каб знайсці новыя погляды на звыклыя прафесійныя функцыі і падыходы, знайсці партнёраў для ажыццяўлення сваёй ідэі, сустрэць патрэбных людзей, натхніць іх і натхніцца самім, атрымаць прафесійныя кансультацыі і парады дый проста «выпрабаваць» сваю ідэю на публіцы.

Дата правядзення: 15 траўня 2014 г.

Месца: Крэатыўная прастора «ЦЭХ», прасп. Незалежнасці, 58, к.6 (праход праз вул. П.Броўкі), дальні пад’езд, 2 паверх (схема праезду).

Пачатак: 19:00.

Зробім разам жыццё музеяў разнастайнейшым і цікавейшым!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0