У сувязі з намерам расійскіх заўзятараў «далучыцца да святочных мерапрыемстваў» 9 мая, партыя БНФ накіравала ў Мінгарвыканкам адпаведную заяву.
«Ва ўмовах бягучага абвастрэння напружанасці ў стасунках паміж Украінай і Расіяй з нагоды ўзброенага канфлікта ва Ўсходняй і Паўднёвай Украіне павялічваецца рызыка экстрэмісцкіх выступаў з боку расійскіх балельшчыкаў, якія могуць дэстабілізаваць абстаноўку ў горадзе і паставіць пад пагрозу грамадскую бяспеку ў горадзе у часе правядзення чэмпіянату свету па хакеі», — гаворыцца ў дакуменце.
«Асаблівую насцярожанасць выклікаюць паведамленні некаторых спартовых сайтаў пра тое, што запланаванае на 9 мая шэсце асобныя з груповак расійскіх балельшчыкаў хочуць правесці пад назвай «Рускі марш». Менавіта пад гэтай назвай у Маскве і іншых гарадах Расіі рэгулярна праводзяцца дэманстрацыі праварадыкальных і нэанацысцкіх арганізацыяў», — адзначаецца ў заяве.
У сувязі з вышэйсказаным БНФ заклікае:
- Органам унутраных справаў Мінгарвыканкама ўзмацніць дзейнасць па недапушчэнні і прафілактыцы праяваў экстрэмізму і распальвання нацыянальнай варожасці, прапаганды выключнасці па прыкмеце нацыянальнай прыналежнасці з боку балельшчыкаў зборнай Расіі ў часе правядзення Чэмпіянату свету па хакеі ў горадзе Мінску як на спартовых арэнах, так і па-за іх межамі.
- Мінгарвыканкаму забараніць правядзенне несанкцыянаваных шэсцяў ды іншых масавых акцыяў клубу Russia Unites ды іншым незарэгістраваным групоўкам балельшчыкаў зборнай Расіі.
- Мінгарвыканкаму не дапускаць распаўсюджання ў часе спаборніцтваў правакацыйных і экстрэмісцкіх заклікаў, асабліва ў дзень 9 мая, у тым ліку падчас масавых мерапрыемстваў, што арганізуюцца пад эгідай Мінгарвыканкама ў межах фан-зонаў, зоны гасціннасці каля Палацу Спорту і ў межах культурнай праграмы чэмпіянату 9-25 мая.