Чыноўнікі адмовіліся даваць гастрольнае пасведчанне на канцэрт гурту Amaroka. Музыкам патлумачылі, што іх творчасць можа падпадаць пад прапаганду вайны ці экстрэмізму ды ўяўляць пагрозу нацыянальнай бяспецы.

Канцэрт-прэзентацыя новага альбома гурту Amaroka планаваўся на 5 чэрвеня. Адпаведна з правіламі, заява на яго правядзенне была пададзена ў галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай працы, культуры і па справа моладзі Мінгарвыканкама. Але ў правядзеньні мерапрыемства было адмоўлена.

Адзін з арганізатараў выступу Павал Белавус намагаўся высветліць прычыну адмовы ў размове з намеснікам начальніка ўпраўлення Сяргеем Мядзведзевым. «Чыноўнік у нашай размове спаслаўся на пункт 5 указа №257 і сказаў, што з гэтае прычыны нам не могуць даць дазвол», - кажа Павал. У дадзеным дакумэнце пазначана, што забараняецца правядзенне мерапрыемстваў, якія маюць на мэце ажыццяўленне прапаганды вайны ці экстрэмісцкай дзейнасці, уяўляюць пагрозу нацыянальнай бяспецы, грамадскаму парадку, маральнасці, здароўю насельніцтва, правам і свабодам грамадзян, а таксама парушаюць іншыя акты заканадаўства, у тым ліку ў сферы аўтарскага права і сумежных правоў».

Павал Белавус кажа, што гурт Amaroka будзе дамагацца больш канкрэтных тлумачэнняў з гэтай нагоды, бо анічога з таго, што пазначана ў дакуменце, у творчасьці музыкаў няма і блізка.

Прыблізна з гэтых жа прычынаў практычна адначасова быў забаронены канцэрт гурту Pet Nihil у Гродне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?