Лідэр руху «Паўднёвы ўсход» і былы кандыдат у прэзідэнты Украіны Алег Цароў распавёў парталу LifeNews (уладальнікам якога, дарэчы, з'яўляецца даўні сябар Уладзіміра Пуціна Арам Габрэлянаў) аб тым, як будзе адбывацца федэралізацыя Украіны.
«Я знаходжуся ў Луганскай вобласці, і ўчора мы ўсе разам сабралі дэпутатаў «старой гвардыі», «новай хвалі», а таксама бізнэсмэнаў. Пазнаёмілі іх з Народным саветам і прынялі аднадушнае рашэнне — правесці рэферэндум 11 мая. Мы ўжо падрыхтавалі пытанне, на якое трэба будзе адказаць жыхарам Луганска і Данецка: «Ці падтрымліваеце вы рэферэндум ў Луганскай вобласці і Данецкай вобласці?» І калі людзі падтрымаюць, мы атрымаем два ўтварэнні: Луганская і Данецкая Рэспубліка. Спадзяемся, што заходняя частка Украіны нас падтрымае».
Па словах Царова, новая дзяржава можа быць заснавана на тэрыторыі Адэскай, Мікалаеўскай, Херсонскай, Запарожскай, Данецкай, Луганскай, Харкаўскай і Днепрапятроўскай абласцей. Лідэр «Паўднёвага ўсходу» паведаміў, што ўлады Кіева ўжо робяць усё, каб сарваць гэтыя планы.
«Мяжа новай дзяржавы практычна супадае з Наварасійскай губерняй, якая існавала ў царскі час. Зараз Вярхоўная рада сабралася на закрытае паседжанне, і спецыяльна пад мяне дэпутаты прагаласавалі за закон, які дазволіць без дадатковых галасаванняў накіроўваць на мяне запыт аб зняцці дэпутацкай недатыкальнасці, так што чакаю наступнага кроку».
«Народны губернатар» Луганскай вобласці Валерый Болатаў ужо выдаў загад аб правядзенні рэферэндуму 11 мая. У бюлетэні будзе толькі адно пытанне: «Ці падтрымліваеце Вы акт аб дзяржаўнай самастойнасці Луганскай Народнай Рэспублікі?»