Вольга Класкоўская, асуджаная ў Швецыі за замах на забойства мужа, звярнулася ў Міністэрства юстыцыі каралеўства з просьбай экстрадаваць яе на радзіму, у Беларусь. Аб гэтым паведаміла маці Вольгі Людміла Класкоўская. 

Некалькі тыдняў таму сама Людміла Класкоўская звярталася ў Генеральную пракуратуру Беларусі з хадайніцтвам аб пераводзе ў краіну дачкі і аб пераглядзе яе справы. Паводле слоў Класкоўскай, Генпракуратура праінфармавала яе аб тым, што выйшла праз МЗС Беларусі на кампетэнтныя органы Швецыі з просьбай «прадставіць неабходныя дакументы для разгляду пытання аб прыёме Вольгі Класкоўскай у папраўчую ўстанову Беларусі». Пасля паступлення гэтых дакументаў пытанне аб прыёме будзе разгледжана па сутнасці, запэўнілі маці асуджанай у Генпракуратуры. 

Нагадаем, Вольга Класкоўская была затрымана вясной мінулага года ў горадзе Ханінгу што на поўдзень ад Стакгольма. Дагэтуль яна некалькі гадоў жыла ў Швецыі. У 2011 годзе вярнулася ў Беларусь з-за сямейных праблем, але хутка зноў паехала ў Швецыю, дзе ўзяла шлюб з мясцовым жыхаром, а ў ліпені 2012 года нарадзіла сына. Дакументы на атрыманне права на жыхарства ў Швецыі падавала двойчы: пасля ўзяцця шлюбу і пасля нараджэння дзіцяці. У канцы студзеня 2013 года стала вядома, што ўлады Швецыі адмовілі ёй у атрыманні права на жыхарства і прынялі рашэнне аб яе дэпартацыі без магчымасці абскарджання. 

6 лютага прадстаўнікі сацыяльных службаў Швецыі забралі ў Класкоўскай малалетняе дзіця ў сувязі з тым, што ў яе няма права на жыхарства ў гэтай краіне і яна не можа забяспечыць сыну нармальныя ўмовы пражывання. 8 лютага Класкоўская і яе адвакат сустракаліся з прадстаўніком сацслужбаў, які паведаміў, што дзіця перададзена бацьку. 

Людміла Класкоўская абураная паводзінамі шведскіх уладаў, якія, як заявіла яна, «блакіруюць усю інфармацыю пра дзіця». Тым не менш, паводле слоў Класкоўскай, Вольга вельмі спадзяецца на сустрэчу з сынам і для таго, каб паразмаўляць з ім, сказаць, што яна яго маці, пайшла на курсы шведскай мовы. 

Дачка Класкоўскай Міраслава, паводле рашэння шведскіх уладаў, таксама падлягала дэпартацыі. У Швецыю па дзяўчынку ездзіла яе бабуля. Зараз Міраслава жыве з бацькам. 

23 жніўня Стакгольмскі суд прызнаў Вольгу Класкоўскую вінаватай у замаху на забойства былога мужа Гёкая Безгіна. Вольга была прыгаворана да васьмі гадоў турэмнага зняволення і павінна выплаціць грашовую кампенсацыю Безгіну ў 110 тысяч шведскіх крон. 5 лістапада Апеляцыйны суд Стакгольма пакінуў прыгавор у сіле, але тэрмін турэмнага зняволення скараціў да сямі гадоў. Вярхоўны суд не стаў разглядаць справу Класкоўскай, і ў сярэдзіне снежня яе перавялі ў турму Хінсеберг за 200 кіламетраў ад Стакгольма. 

У канцы лютага 2014 года Вольгу перавялі ў жаночую турму асабліва строгага рэжыму Істад на поўдні Швецыі на мяжы з Даніяй за 700 км ад сталіцы. Тут утрымліваюцца ў асноўным эмігранткі, і ў большасці сваёй за выкраданне ў шведскіх мужоў сваіх дзяцей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?