Заклікаць да забароны раздачы георгіеўскай стужкі «могуць толькі ідыёты», заявіў першы намеснік старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч 6 мая на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Нагадаем, 4 мая рух «За Свабоду» выступіў з заклікам да ўладаў забараніць раздачу і выкарыстанне ў грамадскіх месцах георгіеўскіх стужак. «Чорна-аранжавая сімволіка ўсё менш і менш асацыіруецца з Днём Перамогі над нацызмам і фашызмам. Яна ўсё больш становіцца сімвалам расійскага імперыялізму. Пасля апошніх падзей ва Украіне яна адназначна мае новы адмоўны сэнс як праслаўленне сепаратызму і ваеннай агрэсіі», — гаворыцца ў заяве «За Свабоду».

Актывісты руху заклікалі беларусаў «адмаўляцца ад выкарыстання гэтых стужак у знак салідарнасці з Украінай і пратэсту супраць ваеннай агрэсіі», прапанавалі «святкаваць гадавіну перамогі ў Другой сусветнай вайны з іншымі, у тым ліку нацыянальнымі, сімваламі».

Гайдукевіч не бачыць у раздачы і нашэнні георгіеўскіх стужак палітыкі.

«Мы ўжо не першы год раздаем стужкі. Тут няма палітыкі. Чаму менавіта георгіеўскія стужкі? Так склалася гістарычна, тут нават не важна, як яны называюцца», — лічыць ён. Гайдукевіч адзначыў, што з павагай ставіцца да бел-чырвона-белага сцяга. «Але ж і яго выкарыстоўвалі ў не самых лепшых мэтах. Таксама і ў георгіеўскай стужцы можна знайсці штосьці кепскае. Але для большасці беларусаў гэта сімвал перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне», — падкрэсліў ён.

Паводле слоў Гайдукевіча, падзеі ва Украіне «тут ні пры чым». Ён паведаміў, што за сёння актывісты партыі раздалі на вуліцы некалькі тысяч стужак, прычым ніводзін чалавек не адмовіўся яе ўзяць.

Гайдукевіч таксама паабяцаў прыйсці са сваімі прыхільнікамі з георгіеўскімі стужкамі на кангрэс дэмакратычных сіл.

«Няхай паспрабуюць нас не пусціць. Няма ў іх такіх сіл», — заявіў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?