Беларусь 1 мая ўвяла ліцэнзаванне імпарту піва з-за межаў мытнай тэрыторыі Мытнага саюза. Гэта прадугледжана пастановай Савета міністраў № 365 ад 18 красавіка, паведамляецца на сайце беларускага ўрада.

Згодна з пастановай імпарт безалкагольнага і соладавага піва, што класіфікуюцца кодамі 2202 90 100 1 і 2203 00 адзінай Таварнай наменклатуры знешнеэканамічнай дзейнасці МС, у Беларусь з-за межаў адзінай мытнай тэрыторыі Мытнага саюза будзе ажыццяўляцца па разавых ліцэнзіях. Выдаваць іх будзе Міністэрства гандлю па ўзгадненні з канцэрнам «Белдзяржхарчпрам».

Парадак выдачы ліцэнзій будзе аналагічным устаноўленаму пагадненнем аб правілах ліцэнзавання ў сферы знешняга гандлю таварамі ад 9 чэрвеня 2009 года ў дачыненні да тавараў, да якіх прымяняюцца забароны ці абмежаванні на ўвоз ці вываз дзяржавамі — членамі Мытнага саюза ў рамках Еўразійскай эканамічнай супольнасці ў гандлі з трэцімі краінамі, з улікам асаблівасцяў гэтай пастановы.

Узгадняць заявы аб выдачы ліцэнзіі «Белдзяржхарчпрам» будзе пры наяўнасці заключанага паміж ім і арганізацыяй — вытворцам піва пагаднення аб умовах паставак у Беларусь піва, які ўстанаўлівае мінімальныя цэны на яго, а таксама пры ўмове, што знешнегандлёвым кантрактам прадугледжваецца пастаўка піва ў рэспубліку па цэнах не ніжэй за мінімальныя цэны, устаноўленыя пагадненнем аб умовах паставак піва.

Міністэрству замежных спраў даручана паведаміць Еўразійскую эканамічную камісію аб прыманых гэтай пастановай захадах, а таксама ўнесці на разгляд ЕЭК прапанову аб прымяненні аналагічнага захаду іншымі краінамі Мытнага саюза.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?