Паўсюдна пацвярджаецца інфармацыя пра тое, што рашэнне аб забароне выкарыстання «георгіеўскай» стужкі ў афармленні будынкаў і ўстаноў да 9 траўня было прынята на самым высокім узроўні.
Нагадаем, напярэдадні стала вядома, што ва ўсе школы Гомеля паступіў ліст з Чыгуначнага райкама БРСМ, дзе змяшчаецца ўказанне падчас святкаванні 9 мая выкарыстоўваць «толькі чырвона-зялёныя стужкі. Ніякіх георгіеўскіх стужак быць не павінна!»
Пазней у сацыяльных сетках ад беларусаў з розных рэгіёнаў краіны стала з'яўляцца інфармацыя, што ў дзяржустановы паступіў афіцыйны ліст тэрмінова прыбраць «георгіеўскія» стужкі з афармлення памяшканняў да 9 мая, замяніўшы іх афіцыйнай беларускай сімволікай.
Пацверджаннем гэтай інфармацыі можа служыць той факт, што «ўпрыгожаны» да Дня Перамогі «героргіеўскімі» сцягамі сталічны ГУМ, тэрмінова памяняў іх на чырвона-зялёныя.
Гэты факт захаваў у сваім акаўнце ў Фэйсбуку карыстальнік Андрэй Кабанаў, які суправадзіў апублікаваныя ім фота запісам «Два фота з розніцай у некалькі тыдняў. Былі георгіеўскіх стужкі на ГУМе і іх не стала!»
Раптам перадумала раздаваць «георгіеўскія» стужачкі пакупнікам і кіраўніцтва найбуйнейшай у Беларусі сеткі «Еўраопт».
На сайце гандлёвай сеткі была інфармацыя аб раздачы «георгіеўскіх» стужачак, якую планавалася праводзіць з 7 па 9 мая каля крам сеткі ў Мінску, Віцебску, Гомелі, Гродне і Брэсце. Аднак цяпер у гэтай інфармацыі замест паведамленні аб часе і месцы раздачы стужак толькі паказана, што «ўсе крамы сеткі «Еўраопт» будуць аформленыя тэматычна святочнымі плакатамі».
Тым часам жыхары рэгіёнаў скардзяцца, што ў шапіках «Белсаюздруку» немагчыма набыць афіцыйную чырвона-зялёную сімволіку — прадаюцца толькі «георгіеўскіх» стужкі. У прыватнасці, запіс пра гэта з'явіўся на форуме pruzhany.net.
Нагадаем, у савецкі час «георгіеўскую» стужку называлі гвардзейскай. Яе масавае ўкараненне ў грамадскую свядомасць пачалося пры Пуціне.
Акцыю «Георгіеўская стужка» пачала праводзіць у 2005-м расійская арганізацыя «Студэнцкая абшчына» пры падтрымцы ўрада Масквы і РІА-Новості. З тых часоў масавая раздача стужачак мэтанакіравана ажыццяўляецца штогод практычна на ўсёй тэрыторыі былога СССР. Акрамя таго, іх рассылаюць ва ўсе расійскія амбасады — таму геаграфія стужак ахоплівае практычна ўвесь свет.
Як мяркуе «Наша Нiва», для адраджэння новай імперыі расейскім уладам патрэбны быў знак. Вось ім і стала «георгіеўская» стужка. Паколькі ні савецкі сцяг, ні расійскі трыкалор на гэтую ролю не падыходзіў — ніхто з былых савецкіх рэспублік не хоча вяртацца ў «савок» або маршыраваць пад расійскімі сцягамі.
Нагадаем, «георгіеўская» стужка ў апошні час стала сімвалам прарасейскага руху ва Украіне. Павязкі з «георгіеўскай» стужкай ужываюць баевікі і тэрарысты, якія захопліваюць урадавыя будынкі на ўсходзе краіны. У сувязі з гэтым ва Украіне было прынята рашэнне адмовіцца ад «георгіеўскай» стужкі як ад сімвала перамогі над фашызмам.
Рашэнне аб забароне выкарыстоўваць «георгіеўскія» стужачкі прынялі і ўлады Казахстана.