Нацыянальны банк рэкамендаваў камерцыйным банкам праводзіць узгодненую курсавую палітыку ў перыяд чэмпіянату свету па хакеі, які адкрываецца ў Мінску 9 мая.
Паводле інфармацыі БелаПАН з некалькіх крыніцаў, на час хакейнага першынства банкам рэкамендавана абмежаваць адхіленне курсу беларускага рубля ад біржавога ўзроўню.
«Фармальна дадатковых абмежаванняў не ўводзілася. Разам з тым Нацбанк на перыяд чэмпіянату свету па хакеі рэкамендаваў праводзіць узгодненую палітыку ў частцы курсаўтварэння», — паведаміў БелаПАН прадстаўнік аднаго з банкаў.
Паводле звестак агенцтва з іншых крыніцаў, падчас адной з нядаўніх нарад у Нацбанку абмяркоўвалася праграма мерапрыемстваў па падрыхтоўцы банкаў да чэмпіянату свету па хакеі, адзін з пунктаў якой і заключаўся ў правядзенні скаардынаванай курсавой палітыкі на перыяд хакейнага форуму.
Паводле слоў удзельнікаў фінансавага рынку, Нацбанк рэкамендаваў камерцыйным банкам пры ўстанаўленні курсаў абмену валют адхіляцца ад афіцыйнага курсу долара і еўра не больш чым на 0,3%, па іншых валютах курс у абменных пунктах можа адхіляцца не больш чым на 1% ад біржавога ўзроўню.
«Сапраўды, Нацбанк заклікаў усе банкі дзейнічаць у перыяд чэмпіянату свету па хакеі такім чынам. Відаць, каб прадэманстраваць замежным балельшчыкам, якія прыязджаюць да нас, спакойнае становішча на рынку», — выказаў меркаванне прадстаўнік аднаго з банкаў.
Варта зазначыць, што па стане на раніцу 8 мая афіцыйны курс долара складаў 10.000 рублёў, еўра — 13.930 рублёў. Разам з тым максімальны курс продажу долара ў абменных пунктах беларускіх банкаў знаходзіўся на ўзроўні 10.030 рублёў, еўра — 13.970 рублёў. Такім чынам, курсы абмену валют у абменных пунктах адрозніваюцца не больш чым на 0,3% ад афіцыйнага.
Паводле слоў банкіраў, уплыў рэкамендацый Нацбанка на маржынальнасць валютна-абменных аперацый банкаў будзе розным.
«Банкі, якія не імкнуліся кліентам прапанаваць добры курс канверсоўнасці валют, працавалі да апошняга часу з маржой (розніцай паміж курсам куплі і продажу валюты) у 1%, 1,5% і нават 2%. Зараз такім банкам давялося сваю маржу прыкметна знізіць», — зазначыў у гутарцы з карэспандэнтам БелаПАН топ-менеджар аднаго з банкаў.
Пры гэтым ён звярнуў увагу, што новаўвядзенні ў частцы курсаўтварэння закрануць і іншую групу банкаў.
«Грашова-крэдытныя ўстановы, якія раней зараблялі за кошт вялікіх аб'ёмаў канверсійных аперацый, зараз не могуць прапанаваць кліентам больш выгадныя ўмовы на рынку па куплі-продажы валюты. Такія банкі сёння не могуць выйграць канкурэнцыю на рынку канверсійных аперацый, таму што ўсе ўдзельнікі рынку пастаўлены зараз у аднолькавыя ўмовы», — канстатаваў прадстаўнік банка.
Разам з тым усе банкіры пацвердзілі БелаПАН, што ўжо поўнасцю выканалі рэкамендацыі Нацбанка ў частцы падрыхтоўкі да чэмпіянату свету па хакеі і будуць прытрымлівацца ўстаноўленых правілаў на перыяд хакейнага першынства.