Відэа пра чалавека з Талачына, які прасіў карэспандэнтаў «НН» размаўляць з ім «на рускай мове», выклікаў бурную рэакцыю чытачоў. Чаму жыхар беларускага горада не разумее беларускую мову?

«НН» звярнулася да начальніцы аддзела адукацыі, спорту і турызму Талачынскага райвыканкама Вольгі Шафранскай, каб даведацца пра стан беларускамоўнай адукацыі ў Талачыне і ваколіцах.

Выслухаўшы пра мужчыну з Талачына, Шафранская выказала меркаванне, што мужчына мог і не быць беларусам:

«Ну дык і што, што ён з Талачына? Да нас розныя людзі прыязджаюць, купляюць дамы. Ён жа не паведамляў пра сваё грамадзянства».

Што тычыцца навучання па-беларуску, паводле словаў Шафранскай, сітуацыя ў Талачынскім раёне вельмі аптымістычная.

«Усе школы ў Талачынскім раёне беларускамоўныя, акрамя дзвюх расійскамоўных сельскіх школ-садкоў і гарадскіх школ. Гарадскія школы ў нас расійскамоўныя. Але на сяле выкладанне ўсіх прадметаў вядзецца па-беларуску, дый вучні сельскіх школ звычайна выбіраюць беларускую мову падчас здачы цэнтралізаванага тэставання.

Нават у нашым аддзеле ўся дакументацыя вядзецца па-беларуску», — патлумачыла Вольга Шафранская.

Аднак калі справа дайшла да лічбаў, увесь аптымізм вокамгненна знікае. Хоць у Талачынскім раёне «амаль усе школы» беларускамоўныя, наведвае іх менш за сотню вучняў.

«У нашым раёне 12 сярэдніх, 2 пачатковыя і 4 базавыя школы. На іх прыходзіцца 2 600 вучняў. Аднак сельскія школы з навучаннем па-беларуску маленькія, агулам у іх навучаецца 95 вучняў. Астатнія наведваюць расійскамоўныя школы ў гарадах», — паведаміла Шафранская.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?