Украіна не прызнае доўг за прыродны газ памерам 3,5 млрд даляраў, які выстаўляецца расійскім газавым манапалістам, кампаніяй «Газпром», «Нафтагазу Украіны».

«Мы не прымаем гэты доўг», — сказаў журналістам міністр энергетыкі і вугальнай прамысловасці Юрый Продан на прэс-канферэнцыі ў Кіеве.

У той жа час міністр адмовіўся называць суму доўгу, якую ўкраінскі бок лічыць прымальнай.

«Да суда, або да ўрэгулявання сітуацыі, я не буду называць суму», — сказаў ён.

Таксама Продан адзначыў, што на наступным тыдні, у панядзелак, у Брусэлі збярэцца трохбаковая рабочая група па выпрацоўцы прапаноў для вырашэння газавых пытанняў ЕС, Украіны і Расіі.

Каментуючы заяву расійскага боку аб магчымым пераводзе НАК «Нафтагаз Украіны» на авансавыя плацяжы за чэрвеньскія пастаўкі газу, міністр сказаў: «Мы не можам зрабіць перадаплату па 485 даляраў за тысячу кубаметраў».

Паводле «Газпрома», запазычанасць Украіны за расійскі газ на 30 красавіка складае 3,492 млрд даляраў.

«Газпром» з красавіка вырашыў адмяніць усе льготы на пастаўку газу Украіне, патлумачыўшы гэта тым, што ўкраінскі партнёр не выконвае дасягнутыя дамоўленасці адносна пагашэння запазычанасці за пастаўкі газу. У выніку гэтага цана на расійскі газ з красавіка 2014 г. павялічылася да 480 даляраў за тысячу кубаметраў з $268,5 у першым квартале гэтага года.

Украіна прызнае наяўнасць доўгу ў 2,2 млрд даляраў за пастаўкі газу да 1 красавіка 2014 года, але гатовая аплаціць яго ў 10-дзённы тэрмін толькі пасля зніжэння «Газпромам» цаны на газ да 268,5 даляра за тыс. кубаметраў.

«Нафтагаз» ужо пачаў перадарбітражную працэдуру падачы пазову да «Газпрома» аб пераглядзе цаны на газ. У бакоў да 28 мая 2014 года ёсць час дасягнуць міравога пагаднення.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру