Учора ўвечары 8 мая не стала празаіка Анатоля Кудраўца. Яму было 78 гадоў. Пра гэта паведаміла прэс-служба Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Анатоль Кудравец нарадзіўся 1 студзеня 1936 у вёсцы Аколіца Клічаўскага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям'і. Скончыў Слуцкую педагагічную вучэльню (1955). Кароткі час настаўнічаў у Віркаўскай сямігадовай школе Клічаўскага раёна. Служыў у Савецкай Арміі (1955-1958). У 1958-1963 гг. вучыўся на аддзяленні журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Адначасова (з 1961) працаваў у рэдакцыі газеты «Калгасная праўда». Пасля заканчэння ўніверсітэта працаваў рэдактарам на Беларускім радыё (1963-1965), літсупрацоўнікам газеты «Літаратура і мастацтва» (1965-1966), рэдактарам выдавецтва «Беларусь», доўгі час узначальваў часопіс «Нёман».

Кудравец быў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі імя Якуба Коласа за раман «Сачыненне на вольную тэму» (1986) і прэміі часопіса «Дзеяслоў» «Залаты апостраф» (2012). Яго подпіс стаяў пад снежаньскай заявай беларускіх пісьменнікаў у падтрымку ўкраінскага Майдану.

Развітанне з Анатолем Кудраўцом адбудзецца ў нядзелю, 11 мая, у Мінску, на вул. Альшэўскага, 12 (УП «Спецкамбінат» КБА), у мемарыяльнай зале № 1, ад 12.00 да 14.00.

Пахаваюць спадара Анатоля на могілках у Калодзішчах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0