Інцыдэнт здарыўся 8 мая. Лідар «Моладзі Хрысціянска-дэмакратычнай партыі Нарвегіі» Эміль Андрэ Эрстад і міжнародны дарадца арганізацыі Лінэ Нордхаўг прыляцелі ў Вільнюс, адкуль на цягніку адправіліся ў Мінск.
Беларускія памежнікі не далі ім уехаць у краіну, нягледзячы на білеты, якія ў іх меліся, на матч паміж зборнымі Германіі і Казахстана, які адбудзецца 10 мая.
Грамадзян Нарвегіі знялі з цягніка і перасадзілі на цягнік назад у Вільнюс, заявілі, што яны знаходзяцца ў спісе асоб, якім забаронены ўезд у Беларусь.
«Мне цяжка ўявіць, якую небяспеку рэжым бачыць у маладых нарвежскіх палітыках. Але ў адзін цудоўны дзень дэмакратыя пераможа. Гэта ведаю і я, і Лукашэнка. Магчыма, менавіта, таму ён і спалохаўся», —
пракаментаваў сітуацыю Эміль Андрэ Эрстад, якому ўжо адмаўлялі ва ўездзе ў Беларусь у 2012 годзе.
Як паведамлялася раней, 7 сакавіка ў Беларусь не пусцілі грамадзяніна Швецыі Марціна Углу — кіраўніка праваабарончай арганізацыі Оstgruppen. Ён быў затрыманы ў транзітнай зоне нацыянальнага аэрапорта Мінск. Углу таксама было заяўлена, што ўезд у Беларусь для яго забаронены.
Арганізацыя Оstgruppen з'яўляецца адной з ініцыятараў міжнароднай кампаніі «Не гуляйце з дыктатарам», накіраванай супраць правядзення ў Мінску хакейнага чэмпіянату свету.





