Reuters.com
Журналіст рэсурса horki.info пагутарыў з ураджэнкай горада Горкі (Магілёўская вобласць), якая многія гады жыве са сваёй сям'ёй у Данбаскім рэгіёне. З меркаванняў бяспекі, імя і прозвішча яе не называецца.
— Што адбываецца ў Данецку сёння?
— Данецк цяпер — у блокпастах. Мы сёння пакуль праехалі на дачу з цэнтра горада да ўскраіны, перасеклі іх тры ці чатыры. Нас спынялі, але не міліцыя або ваенныя… Улады няма — такая рэальнасць.
Пры гэтым у жыцці абывацеля па вялікім рахунку нічога не змянілася. Рынкі, крамы, школы і ВНУ — усе функцыянуюць. Цэны, праўда, павысіліся, але не вельмі. Пенсіі выплачваюцца.
— Учора паводле паведамленняў СМІ ў вас праходзіў «рэферэндум» аб далучэнні да Расіі. Гэта рэальнасць або фікцыя?
— «Рэферэндум» быў не аб далучэнні да Расіі, а пра самастойнасць «Данецкай Рэспублікі». Наступны «рэферэндум» можа адбыцца ўжо праз тыдзень. На ім будзе пытанне далучыцца да Расіі ці быць у складзе Украіны.
Людзі на самай справе хадзілі на ўчасткі, але лічбы тых, хто прыняў удзел у галасаванні, моцна завышаныя.
Тыя, хто прыходзяць на ўчасткі, галасуюць у асноўным «за», бо надакучыў гэты бардак.
— У чым бардак, калі ўсе ўстановы працуюць, а заробкі і пенсіі выплачваюцца?
— Бардак ў тым, што любы п'яны і абкураны маргінал пад выглядам самаабароны можа прыйсці да цябе ў дом і запатрабаваць што захоча.
Спыніць машыну і разбіць яе проста так. Або адабраць. Або расстраляць, як здарылася з сям'ёй з Луганска. Бо няма ніякіх адметных знакаў у «сапраўдных рэвалюцыянераў» і, скажам так, бандытаў.
— На вашу думку, што думаюць жыхары Данецка аб далучэнні да Расіі?
— Асноўная маса працуючага насельніцтва адназначна супраць такога далучэння. Людзі схіляюцца да самастойнасці ў межах Украіны ў выглядзе аўтаноміі.
Наш рэгіён — гэта вугальная і металургічная прамысловасці. Побач — Растоўская вобласць, падобная ў гэтым плане на нас, але мясцовыя вугальныя прадпрыемствы даўно абанкруціліся і зачыніліся, бо ў Расіі — танны вугаль, які здабываюць з адкрытых радовішчаў. І метал наш не канкурэнтаздольны ў параўнанні з кітайскім.
Атрымліваецца, што ўся данецкая прадукцыя спажываецца ва Украіне. Калі выйдзем са складу, наш рэгіён нічога добрага не чакае — ні свайго харчавання, ні бензіну. І назіраючы два месяцы жыццё ў Крыме, астудзіліся самыя гарачыя галовы…
— Як мясцовыя людзі ставяцца да прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне, ці вырашаць гэтыя выбары што-небудзь?
— Данецкія да выбараў ставяцца з надзеяй. І як паказаў сённяшні рэферэндум — дарэмна.
Ёсць небяспека, што будуць стаяць баевікі з аўтаматамі і нікога не пусцяць на выбарчыя ўчасткі.
Сёння «народны губернатар» Губараў заявіў, што выбары прэзідэнта не адбудуцца … Хоць сімпатыі ў данецкіх, як мне здаецца, схіляюцца да Парашэнкі.
Думаю, што выбары многае могуць вырашыць.
Бо будзе легітымна абраны прэзідэнт з паўнамоцтвамі. Спадзяюся, гэта будзе сапраўдны менеджар, які ведае, што трэба рабіць. А дзейнічаць трэба тэрмінова.





