Чатыры клубы з Беларусі, Расіі і Казахстана стануць удзельнікамі пятага турніру Кубка Садружнасці па хакеі на траве, першы тур якога пройдзе 14—16 мая ў Брэсце.

Асаблівасцю турніру стала адмова ад удзелу ў спаборніцтвах двухразовых чэмпіёнаў Кубка Садружнасці — украінскай каманды «Колас-Секвоя». Клуб з Вінніцы заявіў аб нежаданні гуляць, паколькі ў турніры бярэ ўдзел каманда з Расіі. Замену ўкраінцам арганізатары турніру знайшлі ў выглядзе казахстанскага «Бесарыса».

У мінулыя чатыры гады КС праводзіўся ў чатыры туры — кожны ўдзельнік спаборніцтваў прымаў у сябе адзін тур. У выніку каманды праводзілі па 12 матчаў. Зараз будуць усяго два туры: з 14 па 16 мая каманды збяруцца ў Брэсце, а з 8 па 12 жніўня — у расійскай Электрасталі. Падчас тураў клубы згуляюць адзін з адным па два разы.

За галоўны прыз міжнародных спаборніцтваў паспрачаюцца «Будаўнік» (Брэст), «Мінск», «Дынама-Электрасталь» (Расія) і «Бесарыс» (Талдыкарган, Казахстан).

Першым пераможцам турніру стаў «Будаўнік», затым двойчы лепшымі былі ўкраінцы, а ў 2013 годзе перамога дасталася расіянам.

Ад адмовы прыехаць у Брэст украінцы не страцілі: на гэты час у клуба з Вінніцы запланавана правядзенне чатырох паядынкаў супраць моцнай зборнай Азербайджана.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?