Са студзеня па май 2014 года аддзел адукацыі, спорту і турызму Гомельскага райвыканкама пры падтрымцы прадстаўніцтва зарэгістраванага таварыства Deutscher Volkshochschul-Verband e.V. (ФРГ) у Беларусі рэалізуе праект «Грабаўскі парк» па захаванні і развіцці гісторыка-культурнай і прыроднай спадчыны вёскі Грабаўка Гомельскага раёна.

Праект фінансуецца Еўрапейскім саюзам і DVV international (са сродкаў Федэральнага міністэрства эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця). 

Як паведамляе Гомельскі райвыканкам, 17 мая адбудзецца кульмінацыйнае мерапрыемства праекта — адкрыты рэгіянальны фестываль «Грабаўская інтэрмедыя». Яго праграмай прадугледжаны паказ тэатральных пастановак, праца чайнай гасцёўні «Пад ліпамі», фотамайстэрні «Святлапіс дзён», музыкальна-танцавальнага салона, рыцарскага гарадка, сувенірнай лаўкі, выстава мясцовага мёду, правядзенне экскурсій для груп па парку XIX стагоддзя з панскім возерам, наведванне гісторыка-этнаграфічнага музея і музея пахаў. 

Грабаўка — адна з буйных вёсак Гомельскага раёна. Яе асаблівасцю з'яўляецца старажытная гісторыя, багатая культурная і прыродная спадчына. Да пачатку XX стагоддзя Грабаўка знаходзілася ва ўласнасці роду Фашчаў, якія зрабілі істотны ўнёсак у развіццё вёскі: тут было адкрыта народнае вучылішча, закладзены парк і сад, заснаваны заводы, водныя і ветраныя млыны. 

На сайце праекта «Грабаўскі парк» гаворыцца, што мэта праграмы — «захаваць гісторыка-культурную і прыродную спадчыну вёскі шляхам далучэння да дзейнасці па добраўпарадкаванні аб'ектаў, рэканструкцыі гістарычных традыцый і развіцці турыстычных паслуг мясцовых жыхароў».

У межах праекта праходзяць такія мерапрыемствы, як добраўпарадкаванне тэрыторыі магільнага склепа Фашчаў, стварэнне музейнай экспазіцыі па гісторыі вёскі і парку, майстар-класы па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. 

Напрыклад, у красавіку 2014 года ў мясцовым дзіцячым садку адбылося адкрыццё музейнай экспазіцыі, прысвечанай гісторыі Грабаўкі і роду Фашчаў. У сакавіку жыхары Грабаўкі сталі ўдзельнікамі навучальнага курса «Тэатральнае мастацтва». На працягу сямі заняткаў слухачы курса азнаёміліся з асновамі тэатральнай культуры і акцёрскага майстэрства, трэніравалі сваё сцэнічнае маўленне і сцэнічныя рухі, спрабавалі сябе ў эцюднай працы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?