Мітрапаліт Павел заклікаў палітыкаў «сесці за стол перамоў» і зрабіць «усё магчымае, каб спыніць насілле і кровапраліцце» ва Украіне.

На прэс-канферэнцыі 13 мая ў Мінску Павел заявіў, што сітуацыя ва Украіне — «агульны боль для славянскага народа». Паводле яго слоў, ва Украіне здолелі на «нізкіх схільнасцях чалавечай прыроды пасварыць людзей». А калі «людзі пачынаюць сварыцца», то «іх потым цяжка спыніць». Праваслаўная царква моліцца за тое, каб «Бог замірыў украінскі народ». «Сутыкнулі людзей па інтарэсах: адным паабяцалі добрыя перспектывы, калі яны павернуцца на Захад, іншым — калі павернуцца на Усход», — сказаў мітрапаліт Павел.

Пры гэтым, падкрэсліў праваслаўны іерарх, большасці людзей усё роўна, «якая будзе ўлада», а важна, каб была магчымасць «працаваць, жыць спакойна і мірна ў айчыне». «Людзі ж з прэзідэнтам не размаўляюць кожны дзень так, як размаўляюць адзін з адным, ім усё роўна, хто там будзе наверсе. Трэба, каб людзі жылі мірна, у згодзе, мелі хлеб, дах над галавой», — упэўнены ён.

«Якая ім розніца, дзе жыць, якая розніца, як краіна будзе называцца?» — заявіў кіраўнік Беларускага экзархату Рускай праваслаўнай царквы.

«Беларусь, Украіна і Расія — гэта славянскі народ. У нас адны карані, рэлігія, вера, культурная аснова, мова ўвогуле адна, якая ўсім зразумелая. Вы разумееце, нас палітыкі сёння раздзялілі: тыя, хто жыў у Вялікай Русі, сталі называцца расіянамі, у Малой Русі — украінцамі, у Белай Русі — беларусамі. Але ж мы ўсе маем адны і тыя ж карані, мы — славяне», — падсумаваў мітрапаліт Павел.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?