Ужо і не памятаю, у якім годзе тое было. Здаецца, у 1992-м, калі міністрам абароны быў прызначаны Павел Казлоўскі. Тады ўпершыню і толькі аднойчы за ўсе мінулыя да сёння дваццаць два гады 9 мая ў 22.00 мясцовага часу па загадзе міністра абароны ў Мінску павінен быў адбыцца «святочны феерверк», што ў перакладзе з нямецкай мовы азначае «дэкаратыўныя каляровыя агні».

Што праўда, сапраўдных феерверкаў, гэтых цудаў піратэхнікі, мінскае неба да таго часу не бачыла. Куды больш звыклымі былі традыцыйныя салюты «…цаццю артылерыйскімі залпамі». То бок дзейства класічна строгае, якое павінна сімвалізаваць дзяржаўную сутнасць свята. Вясёлая легкадумнасць феерверкаў, калі душа, што прагне святочнай забавы, атрымлівае магчымасць пракаціцца па небе на агнявой калясніцы, заўжды была далёкай ад ідэолагаў дзяржаўнай моцы. І, канечне, было нешта нечаканае ў рашэнні тагачаснага міністра абароны адмовіцца ад звыклай мілітарысцкай традыцыі, адсвяткаваць Дзень Перамогі не артылерыйскімі залпамі, але «дэкаратыўнымі каляровымі агнямі»…

Ні таго, ні іншага ў Мінску тады не адбылося. Калі не лічыць некалькіх «букетаў», што бязгучна распусціліся і адразу звялі над аддаленымі мікрараёнамі.

Між тым, у цэнтры горада, на плошчы Перамогі і вуліцах паблізу, на мосце праз Свіслач, у цёмнай вадзе якой зіхацелі рэдкія начныя агні, сабраліся ў чаканні святочнага феерверку дзясяткі тысяч людзей. Увесь дзень пасля афіцыйнага ўскладання вянкоў у горадзе панавалі нудота і пустэча. А ў 22.00…

Я слухаў размовы ў натоўпе. Нехта палічыў, што вайскоўцам не хапіла пораху, што салюты і феерверкі — справа дарагая, а мы жабракі, у бюджэце спрэс дзіры. Нехта з горыччу заўважыў, што войска развалілася і дрэнна выконвае загады. «Прычым тут вой-ска? — запярэчылі яму. — Гэта ўлады памыліліся, думалі, што народ па хатах сядзець будзе, піць горкую. Ды і як зараз дадому дабірацца? У транспарт не ўлезці, а таксоўка — самі ведаеце…» — «Ды не, — адгукнуўся малады чалавек у акулярах і белай, не па начной прахалодзе кашулі, — яны проста страшацца, калі збіраемся больш за трох…» Недалёка моўчкі прыхінуўся да дрэва вясковага выгляду стары на кавяле і з трыма медалямі на прымятым пінжаку. «Усё, бацька, — махнуў рукой той, што ў акулярах. — Здымай узнагароды, скончылася свята…»

Я не ведаў тады, скончылася яно 9-га ці скончылася назаўсёды. І ці не было прадвесцем гэтага канца нейкае падабенства глухога салюту над гарадскімі ўскраінамі?

Напярэдадні маскоўскае тэлебачанне паказала тоўстага чалавека ў падцяжках, які праходзіў па рангу «незалежнага маскоўскага журналіста». Грубаватая праставатасць аблічча і асаблівая даверлівасць тону абуджалі ўвагу да выкладаных думак. Галоўная сярод іх — Дзень Перамогі далей святочным быць не павінен. Тут, канечне, узнікала складаная інтэлектуальная калізія, якую паспяхова вырашалі камін і падцяжкі, робячы даходлівай саму думку: разам з таталітарным рэжымам павінен быць разбураны і гэты пераможна-святочны Карфаген. Хопіць, маўляў, прыніжаць адоленага ворага…

Насамрэч — якое на крыві свята?!

Але ці не дзіўна — «вораг» сам лічыць гэты дзень ці не галоўным у сваёй трагічнай гісторыі!

Колькі разоў мы чулі ад суграмадзян традыцыйна-савецкае здзіўленне «парадоксам»: маўляў, немцы вайну прайгралі — а як жывуць! Хто ж перамог?!

Але парадоксу няма — немцы, перажыўшы ў той вайне перамогу над сабой, перамаглі вайну ў сабе. А мы ўсё ваюем, цешымся перамогай над імі, бразгаем зброяй…

Мо таму так і жывём?

Мо таму так і жывём, што не зважаем, як спекулюе на перамозе ўлада ў няздольнасці забяспечыць годнае жыццё, у пошуку знешніх і ўнутраных ворагаў, у змярцвенні перад небяспечнымі гульнямі ўласных фашыстуючых малойчыкаў, у падтрымцы нястрымнай агрэсіўнасці Крамля — што б ні прамаўлялася нібыта незалежнае і самастойнае пад выццё над Беларуссю расійскіх знішчальнікаў…

Вось і ўзнікае пытанне: хто вораг? І над кім была атрымана перамога?

Колькі ні было б гаворана пра тую перамогу ганарліва-пафасных альбо абвяргальна-злавесных слоў, непарушнай, упэўнены, застанецца яе сутнасць: перамога над нацызмам была і застаецца прадвесніцай перамогі над уласным таталітарызмам.

Над вайной.

Час пасцірае з твару Перамогі фальшывыя рысы, усе грымасы прапагандысцкай крывадушнасці. Пасцірае.

Ці новай вайной, у якой ужо не будзе ні перамог, ні параз. Ці спраўджанай надзеяй на тое, што перамога ўрэшце паўстане калі не перад намі, дык перад дзецьмі нашымі і ўнукамі ў чыстым выглядзе перамогі людскага над звярыным.

Перамогі народу.

Таго, што «закапалі ў шар зямны».

І таго, хто ў чаканні салюту моўчкі прыхінуўся на кавяле да дрэва і не саромеецца сціплых узнагарод…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?