Дэпутаты палаты прадстаўнікоў на пасяджэнні 14 мая прынялі ў першым чытанні законапраект «Аб амністыі ў сувязі з 70-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў». Як адзначыў міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч, у Беларусі «заўсёды прымяняецца прынцып гуманізму да асоб, якія адбываюць розныя віды пакаранняў». «Дзяржава не толькі карае, але і дае выправіцца, выйсці раней з месцаў пазбаўлення волі», — сказаў ён. 

Мяркуецца, што з папраўчых устаноў закрытага тыпу (папраўчыя калоніі, выхаваўчыя калоніі, арыштныя дамы, СІЗА) будуць вызваленыя каля 2,1 тыс. чалавек, з папраўчых устаноў агульнага тыпу — каля 630. 

Ад пакарання ў выглядзе арышту, абмежавання або пазбаўлення волі будуць вызваленыя асобы, якія адбываюць пакаранне за злачынствы, якія не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі: 

- асуджаныя на арышт — незалежна ад тэрміну адбытага пакарання; 

- за менш цяжкія злачынствы — пры адбыцці не менш чым чвэрці тэрміну; 

- за некаторыя цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы супраць уласнасці і парадку ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці (прысваенне, растрата, крадзеж шляхам выкарыстання камп`ютарнай тэхнікі, ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў, незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць) — пры адбыцці не менш чым траціны тэрміну пакарання (за выключэннем тых, хто ўчыніў злачынствы ў складзе арганізаванай групы); 

- за іншыя злачынствы — калі да заканчэння тэрміну адбыцця пакарання засталося менш чым год. 

У законапраекце пашырана катэгорыя асоб, на якіх амністыя не распаўсюджваецца.

Яна не закране тых, хто ўчыніў забойства або наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання, што пацягнула смерць (арт. 139, ч. 3 арт. 147); злачынствы, звязаныя з незаконным абаротам наркатычных сродкаў (ч. 3 і 4 арт. 328). Пад амністыю не трапяць вадзіцелі, які кіравалі транспартам у стане алкагольнага ап`янення (арт. 317-1), а таксама парушылі ПДР у стане алкагольнага ап`янення, што пацягнула смерць чалавека (ч. 4 і 5 арт. 317). Не будуць вызваленыя і тыя, хто ўчыніў злачынства супраць палавой недатыкальнасці або палавой свабоды ў дачыненні да непаўналетніх. 

Як і папярэднія амністыі, цяперашняя не будзе распаўсюджвацца на асоб, да якіх на працягу 2007—2014 гадоў ужо прымяняліся амністыя або памілаванне, але яны ў перыяд нязнятай і непагашанай судзімасці зноў учынілі наўмысныя злачынствы.

Не трапяць пад амністыю злосныя парушальнікі ўстаноўленага парадку адбыцця пакарання; асабліва небяспечныя рэцыдывісты; асуджаныя на пажыццёвае зняволенне; тыя, хто не кампенсаваў урон ад злачынства, а таксама расходы на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні, або запазычанасці па аліментах. 

Шуневіч падкрэсліў, што правядзенне амністыі не паўплывае негатыўна на крымінальную абстаноўку ў грамадстве.

У размове з журналістамі перад прыняццем законапраекта кіраўнік МУС паведаміў: «Напярэдадні правядзення любой амністыі мы аналізуем і вывучаем сітуацыю, — сказаў ён. — Ёсць падставы гаварыць, што ўсплёску злачыннасці ў сувязі з датэрміновым вызваленнем асуджаных па амністыі не назіраецца». 

Больш за тое, паводле слоў Шуневіча, тэндэнцыя рэцыдыву злачыннасці сярод вызваленых па амністыі памяншаецца, у тым ліку сярод «закаранелых злачынцаў». Амністыя, падкрэсліў кіраўнік МУС, станоўча ўплывае на тых, хто апынуўся ў месцах пазбаўлення волі ўпершыню і хоча выправіцца. 

На пытанне, ці трапяць пад чарговую амністыю тыя, каго Захад і праваабаронцы лічаць палітычнымі зняволенымі, Шуневіч адказаў:

«Такога тэрміну, як «палітзняволены», у гэтым законе няма і быць не можа. Трапяць пад амністыю тыя, хто ўчыніў злачынства, якое не ўяўляе вялікай грамадскай небяспекі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?