Георгій Скрыпнічэнка. «Тата, паглядзі!» (1966-1971 гг.)

Георгій Скрыпнічэнка. «Тата, паглядзі!» (1966-1971 гг.)

Сярод мноства выставаў, якія адкрыліся ў Мінску падчас чэмпіянату свету па хакеі, вылучаецца грандыёзны праект «Avant-gARTe. Ад квадрата да аб’екта». Яго часткаю стала выстава «Сто гадоў беларускага авангарда».

Праект выключны: упершыню асобна і досыць поўна прадстаўленая гісторыя неакадэмічнага беларускага мастацтва.

Арганізатары адмералі беларускаму авангарду сто гадоў. Хоць, калі лічыць ад «Чорнага квадрата» Казіміра Малевіча, будзе 99. «Чорны квадрат» Малевіч пісаў у Маскве, выставіў у Пецярбурзе, але родам ён з Беларусі. Дзякуючы рупнасці даследчыкаў Арсеня Ліса і Адама Мальдзіса, мы ведаем, што Малевіч нарадзіўся на Капыльшчыне, а яго бацька Севярын быў чытачом «Нашае Нівы» і ў 1907 апублікаваў у «Вестях императорской Российской Академии наук» збор запісаных ім беларускіх народных песень.

Але і без «Чорнага квадрата» на пачатку ХХ стагоддзя Беларусь была ўнікальнай лабараторыяй мастацтва. Адны Смілавічы далі свету двух выбітных творцаў — Хаіма Суціна ды Сэма Царфіна. А імёны Яўгена Жака, Рамана Семашкевіча, Уладзіслава Страмінскага пакуль толькі ўводзяцца ў наш культурны ўжытак. На жаль, іх твораў у эспазіцыі няма. Як, напрыклад, і твораў Язэпа Драздовіча.

Найстарэйшымі выстаўленымі працамі сталі творы Роберта Геніна, родам з-пад Клімавічаў, «Колка дроў» і «Ля вадаёма», створаныя ў арыгінальнай, але цалкам рэалістычнай лірычнай манеры ў 1912.

А самым новым, з прадстаўленых тут твораў, стала скульптура «Tvаr» (2012) Уладзіміра Лапо, ведамага ў мінскім бамондзе па мянушцы Пілот.

Класічны авангард 1920-х прадстаўлены літаграфіяй Марка Шагала, графікай беларуска-фінска-шведскага мастака Аляксандра Ахола-Вало, ды, немаведама чаму, творамі цалкам французскага мастака Фернана Лежэ. Тутсама выстаўленыя і юначыя супрэматычныя творы ягонай жонкі Надзеі Хадасевіч-Лежэ, дзяўчыны з беларускай вёскі, якой пашчасціла скарыць Парыж ды старога Лежэ.

З вялікімі храналагічнымі і персаніфікаванымі прабеламі экспазіцыю працягваюць творы мастакоў 1960-70-х: Ізраіль Басаў, Георгій Скрыпнічэнка, Рычард Май, Яфім Раяк. Творцаў лучыла памкненне выкараскацца з нератаў сацрэалізму і канфармізму. Але такіх імёнаў магло на выставе быць нашмат болей…

Найбольш прадстаўнічай стала частка, прысвечаная мастацтву 1980—90-х.

Тут знайшлося нават месца для першага ў нашай гісторыі мастацкага перформанса Людмілы Русавай ды Ігара Кашкурэвіча: «Спаленне Казіміра» і «Уваскрашэнне Казіміра» (можна пабачыць відэа). 1988 год. Лістапад. Віцебск. Ігар Кашкурэвіч разам з Людмілай Русавай святкуюць прынародна 110-я народзіны Малевіча. Святкуюць па-дзівацку, па-эпатажнаму, па-крэатыўнаму. Трагічная неадпаведнасьць паміж творчым гарэннем, у якім зараджаецца задума, інтуіцыя, вобраз, і холадам скончанае формы заўжды востра перажывалася мастакамі. Тандэм Русавай і Кашкурэвіча распаўся. Ён цяпер жыве ў Берліне. А Людміла сышла з гэтага свету.

Другую палову 1980-х справядліва лічаць «залатым векам» мастацтва ў нашай краіне.

Выстава дэманструе гэта праз творы нефармальных суполак таго часу: «Няміга-17», прадстаўленая працамі Анатоля Кузняцова, Сяргея Кірушчанкі, Леаніда Хобатава; «Квадрат» на чале з Аляксандрам Малеем; Асацыяцыя творчай інтэлігенцыі «Форма», «Галіна», «Плюраліс», «БЛО», «4-63», «Комікон». Але вір гістарычных падзеяў занурыў грамадства ў стан несупынных акцыяў і палітычных перформансаў, што сталі куды больш радыкальнымі, чым самыя смелыя парыванні мастакоў. Многія значныя мастакі тае пары выстаўляюцца рэдка і сціпла. Напрыклад, Аляксей Жданаў ці Віталь Калгін-«Бісмарк».

Выстава — рэдкі шанец пабачыць творы з прыватных калекцый. Напрыклад, карціны Вольгі Сазыкінай ці Генадзя Хацкевіча. Гэтак сталася, што гэтая выстава стала апошняй для Хацкевіча. Мастак памёр праз некалькі дзён пасля адкрыцця выставы.

«Сто гадоў беларускага авангарда» — першая грунтоўная спроба выбудаваць храналогію і прадставіць авангардныя аб’яднанні ХХ стагоддзя, пераасэнсаваць і наноў інтэрпрэтаваць нашае неафіцыйнае мастацтва — як самую цікавую і змястоўную частку беларускай мастацкай культуры.

Вобразныя, жанравыя і фармальныя шуканні, што вялі творцаў праз ХХ стагоддзе, увасобіліся ў тысячах твораў. Арганізатары выставы паспрабавалі прадэманстраваць сувязі найноўшага мастацтва Беларусі з авангардам пачатку ХХ стагоддзя. І гэты першы крок надзвычай важны. Ад яго мы будзе адмерваць новую эпоху. Эпоху, у якім сапраўднае, незалежнае мастацтва зойме годнае месца.

***

Выстава «Сто гадоў беларускага авангарда»

працуе ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва (пр.Незалежнасці, 47) ад 11.00 да 19.00. Выходныя — нядзеля, панядзелак.

Выстава Avant-gARTe. Ад квадрата да аб’екта,

на якой можна пабачыць мастацтва апошняга дзесяцігоддзя, працуе на пр.Пераможцаў, 14. Штодня ад 11.00 да 21.00 (да 26 мая — да 22.00).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?