«Трэба толькі вытрымаць пару месяцаў, а далей сітуацыя пачне наладжвацца, — мяркуе выдатны ўкраінскі гісторык Яраслаў Грыцак. — Украіна мае шанец для каласальнага рыўка».
Ад прыняцця рашэнняў адсунутыя тыя сілы, якія столькі гадоў ставаралі карупцыйную сістэму. А новы ўрад — малады і энергічны. Грыцак высока ацэньвае прафесіяналізм прэм’ера Арсеня Яцанюка («Яцанюк трымае дыстанцыю ад Юліі Цімашэнкі»), а таксама міністраў эканамічнага развіцця і гандлю 42гадовага Паўла Шараметы і 54-гадовага міністра эканомікі Аляксандра Шлапака.
«Маем першы ўрад, у якім усе міністры гавораць паанглійску», — адзначае ён. Для Грыцака гэта азначае надзею на прыход заходніх тэхналогій.
Новым прэзідэнтам Украіны стане 49-гадовы мільярдэр Пятро Парашэнка, мяркуе Яраслаў Грыцак. Чаму? «Грамадства мае запыт на палітыка, які ўмее таргавацца. А Парашэнка — выдатны перагаворшчык, можа нават з д’яблам гаварыць».
Але ці не будзе Парашэнка чарговым у шэрагу бізнэсоўцаў, што выкарыстоўвалі ўладу для памнажэння ўласнасці? Ні адзін з мінулых прэзідэнтаў Украіны не сыходзіў з пасады папулярным. Януковіч падвёў краіну на мяжу гібелі.
«Не, — кажа Грыцак. — Парашэнка не рваўся на гэтыя выбары. Але апытанні паказалі, што ўкраінцы хочуць менавіта яго, і ён пагадзіўся».
З чаго ўзялася гэтая папулярнасць? Да снежня мінулага года Парашэнкі не было ў спісе лідараў.
«Усё пачалося з 1 снежня. Калі ўначы на Майдане разагналі студэнтаў, першым з палітыкаў туды прыляцеў Парашэнка і абараняў моладзь, рызыкуючы сабой. Грамадства такія моманты заўважае і цэніць. Пасля ён спадабаўся людзям на Майдане».
Нялёгкая ноша — узначаліць краіну ў такім стане. Вайна, эканамічная блакада, восьвось могуць перакрыць газ.
«У гэтай сітуацыі пазітыўна тое, што Парашэнка мае амбіцыю ўвайсці ў гісторыю, — кажа Грыцак, які ведае мільярдэра асабіста.
— Красці яму няма патрэбы. Грошай ён зарабіў ужо даволі».
Парашэнка нарадзіўся ў горадзе Болград Адэскай вобласці. Бацька Парашэнкі працаваў там галоўным інжынерам райсельгастэхнікі, а мама — бухгалтарам. Дарэчы, Пятро Парашэнка майстар спорту па дзюдо. Пуцін такога ўзроўню не дасягнуў.
«Парашэнка не ідэальны, але іншыя горшыя, — кажа Грыцак. — Парашэнка прагматык».
Украінцы выбіраюць прэзідэнта на фоне сітуацыі, калі «лёс Данецка і Луганска невядомы», прызнае Грыцак. У той жа час аптымізм у яго выклікае той факт, што баевікам з дзвюх спробаў не ўдалося захапіць Адэсу і Харкаў, прычым у сітуацыі калі мясцовыя сілавікі бяздзейнічалі, жорсткі адпор дало мясцовае насельніцтва.
І ўкраінцы, і заходнікі высока цэняць пазіцыю Аляксандра Лукашэнкі па Украіне.
Гэта адзначыў і Грыцак, і нашы суразмоўцы ў Міністэрстве замежных спраў Украіны. Міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус таксама назваў пазіцыю Беларусі па Украіне «незалежнай».
«Пуцін не разумее Украіны, — адзначае Грыцак. — Ён жыве ілюзіямі, і гэта нас ратуе».
* * *
Я гутарыў з Яраславам Грыцаком у кулуарах вялікага форуму салідарнасці з Украінай, што прайшоў у Кіеве. На яго з’ехаліся інтэлектуалы з усяго свету. Прысутнічалі французскі доктар і былы міністр замежных спраў Бернар Кушнер, рэдактар «Газеты выборчай» з Польшчы Адам Міхнік, амерыканскі гісторык Цімаці Снайдэр, пісьменнік Віктар Ерафееў (Расія), філосаф Бернар-Анры Леві. З Расіі прыехалі таксама вядомы беларусам журналіст Аляксандр Падрабінек і дырэктар Сахараўскага цэнтра Сяргей Лукашэўскі.
Ад Беларусі былі рэдактар «Arche» Валер Булгакаў, гісторык Алесь Пашкевіч, журналіст Віктар Марціновіч, пісьменніца Наталка Бабіна і кінасцэнарыст Андрэй Курэйчык. Арганізатары запрашалі і спевака Сяргея Міхалка, але ў таго былі канцэрты, дый, патлумачыў ён, ён не ўдзельнічае ў форумах такога фармату.
Форум многія параўноўвалі з Кангрэсам у абарону культуры, які адбыўся ў 1950 годзе ў Заходнім Берліне.
Агульны настрой быў вельмі рэзкім адносна Пуціна і расійскага імперыялізму. Пуцін скончыць як Гітлер — такую думку выказвалі многія выступоўцы з еўрапейскіх краін.
* * *
Еўропа адчувае віну перад Украінай за тое, што няздольная абараніць яе ад агрэсіі ваенным шляхам, а таму гатовая «адкупляцца грашыма», — кажа Яраслаў Грыцак. Фактычна, сёння магчымы сапраўдны «план Маршала» для Украіны. Хваля салідарнасці з Украінай у свеце каласальная.
«Мы ўсе цяпер украінцы», — сказаў рэдактар уплывовага часопіса «The New Republic» Леон Візэльцір. Візэльцір лічыць, што «фашысцкі рэжым Пуціна малюе фашыстамі ўкраінцаў». А гісторык Цімаці Снайдэр засцерагае, што ў абліччы расійскіх баевікоў на зямлю Украіны вярнуўся рэальны нацызм.
* * *
Яраслаў Грыцак
Прафесар гісторыі Львоўскага і Будапешцкага ўніверсітэтаў, 53 гады. Аўтар кніг «Нарысы гісторыі Украіны», «Прарок у сваёй айчыне: Іван Франко і ягоная супольнасць», «Жыццё, смерць ды іншыя непрыемнасці».





