Паводле звестак на раніцу 21 сакавіка, правам бязвізавага ўезду ў Беларусь падчас чэмпіянату свету па хакеі скарысталіся каля 29 тысяч замежных грамадзян, паведаміў прэс-сакратар Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Аляксандр Цішчанка.

Такую магчымасць заўзятары і госці ЧС-2014 атрымалі з 25 красавіка. 

Усяго, паводле слоў прэс-сакратара Дзяржпагранкамітэта, правам бязвізавага ўезду ў Беларусь скарысталіся балельшчыкі прыкладна 50 краін.

Лідарамі сярод іх з'яўляюцца грамадзяне Латвіі.

З 25 красавіка ў Беларусь іх заехала больш за 10 тысяч; паводле даных на 19 мая — 7 тысяч. Затым ідуць грамадзяне Літвы — каля 3.500, Польшчы — 2.500, Славакіі — каля 2.000, Фінляндыі — больш за 1.700, Чэхіі — 1.500, Германіі — крыху менш як 1.500. 

Сярод балельшчыкаў, гасцей і ўдзельнікаў ЧС-2014, якія перасеклі беларускую мяжу без віз, таксама 275 грамадзян Канады і 432 — ЗША. 

У Дзяржпагранкамітэце Беларусі мяркуюць, што ў апошнія дні ЧС-2014, калі праводзяцца матчы чвэрцьфіналу, паўфіналу і фіналу, наплыў замежных гасцей у Беларусь узрасце. Іх нацыянальная прыналежнасць будзе залежаць ад складу каманд, якія працягваюць удзельнічаць у турніры.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?