Конкурс на распрацоўку дызайну паштоўкі да Дня Беларускай Вайсковай Славы. Прыз - графічны планшэт 

Сёлета спаўняецца 500 год слаўнай перамозе войска Вялікага Княства Літоўскага над войскамі Маскоўскага княства пад Оршай, якая адбылася 8 верасня 1514 года. Партыя БНФ абвесціла конкурс на распрацоўку паштоўкі, прысвечанай Дню Беларускай Вайсковай Славы. Прыз - графічны планшэт Wacom Intuos Pen Small (CTL-480S). 

Бітва пад Оршай – гэта гонар для кожнага беларуса. Бітва пад Оршай — гэта шэраг славутых імёнаў: Канстанцін Астрожскі, Юрый Радзівіл, слуцкі князь Юрый Алелькавіч, Іван Сапега. Аршанская бітва – гэта бел-чырвона-белыя сцягі конніцы Вялікага княства. У бітве пад Оршай Вялікае княства Літоўскае адстаяла сваю незалежнасць - 30-тысячнае войска ВКЛ пад камандаваннем гетмана Канстанціна Астрожскага атрымала перамогу над 80-тысячным маскоўскім войскам.

Да ўдзелу ў конкурсе віншавальных паштовах запрашаюцца аматары і прафесіяналы дызайну. Працы прымаюцца да 23 чэрвеня.

Ацэньваць паштоўкі будуць вядомыя мастакі Мікола Купава і Аляксей Марачкін (мастацкая суполка «Пагоня»), дызайнер і паэт Міхал Анемпадыстаў, грамадскі дзеяч, адзін з арганізатараў акадэмічнага Музэю старажытнабеларускага мастацтва Юры Хадыка, мастачка, аніматарка, стваральніца сайта generation.by Вольга Кузьміч.

Усе працы неабходна дасылаць на электронны адрас: [email protected]

Першапачаткова файлы неабходна дасылаць у фармаце jpeg.

Тэхнічныя патрабаваньні для канчатковых файлаў: 

фармат А5 – (148*210 мм), А6 – (105*148 мм) з пашырэньнем eps, tiff, cdr, psd, ai;

каляровая мадэль CMYK;
300 dpi;
шрыфты, пераведзеныя ў крывыя;
эфекты ў растры;
дазаліўкі па 3 мм на кожным баку;
тэкст і важныя элементы на адлегласці не менш за 5 мм ад краю.

Вынікі будуць абвешчаныя 7 ліпеня, а цырымонія ўзнагароджання пройдзе 15 ліпеня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0