Доля імпартнага піва на ўнутраным рынку Беларусі ў першым квартале 2014 года складала 30,1%, сведчаць звесткі афіцыйнай статыстыкі. 

 

У студзені—сакавіку гэтага года ў краіну было ўвезена 3,19 млн. дал імпартнага піва, у тым ліку з Расіі 1,86 млн. дал. У параўнанні з аналагічным леташнім перыядам пастаўкі імпартнага піва павялічыліся на 18% у фізічным выражэнні, у грашовым — не змяніліся.

 

Разам з тым аб'ём вытворчасці беларускага піва ў студзені—сакавіку 2014 года склаў 9,18 млн. дал і знізіўся на 2% у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам. Пры гэтым на экспарт у першым квартале 2014 года было пастаўлена 1,76 млн. дал беларускага піва.

 

Такім чынам, на ўнутраны рынак у студзені—сакавіку 2014 года паступіла 7,43 млн. дал беларускага піва і 3,19 млн. дал імпартнага.

Адпаведна доля імпарту на беларускім рынку піва ў такім жа перыядзе складала 30,1%. 

Нагадаем, што 10 красавіка адбылася нарада па развіцці піваварнай галіны ў краіне, падчас якой Аляксандр Лукашэнка выказаў неразуменне наконт высокай долі імпартнага піва на беларускім рынку.

«Вы думаеце, імпартнае піва лепшае за наша і труціць і далей плануеце беларускі народ? Чым адрозніваецца імпартнае піва? Начынена рознага кшталту смакавымі кампанентамі і кансервантамі. Беларускае піва — натуральнае! У лазні пырсніце імпартнае піва і айчыннае на камні і панюхайце, чым гэта ўсё пахне! Беларускае піва — гэта пах хлеба, гэта ўсё жывое і натуральнае!», — сказаў Лукашэнка і даручыў забараніць прадаваць імпартнае піва на ўнутраным рынку без адпаведных дазволаў.

Пасля красавіцкай нарады дзяржорганы рэкамендавалі аб'ектам рознічнага гандлю прадаваць выключна беларускае піва. У сувязі з гэтым падчас чэмпіянату свету па хакеі, які праходзіў у Мінску з 9 па 25 мая, наведвальнікі магазінаў адчувалі дэфіцыт імпартнага піва на ўнутраным рынку.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?