Вечарам 23 мая ў мікрараёне Сяльмашаўскі на вуліцы Фадзеева ў Гомелі ўпала ліхтарня. Пры падзенні асвятляльная апора зачапіла дзвюх жанчын, якія ў той момант ішлі па тратуары, адна з іх каціла каляску з малым дзіцём. Дзіця не пацярпела — жанчына паспела адштурхнуць каляску. 

Як паведамляюць ва УУС аблвыканкама, з папярэднім дыягназам «страсенне мозгу і зрушэнне шыйнага хрыбетніка» адну з пацярпелых шпіталізавалі ў абласную бальніцу. Другая жанчына атрымала траўму жывата, і пасля аказання меддапамогі яе адпусцілі дадому, паведамляе прэс-служба УУС Гомельскага аблвыканкама.

Акалічнасці здарэння ўстанаўліваюць супрацоўнікі 2-га гарадскога аддзялення міліцыі Чыгуначнага АУС, якое размешчана па вуліцы Фадзеева. 

Паводле звестак міліцыі, асвятляльныя апоры знаходзяцца ў веданні гомельскага прадпрыемства «Гарэлектратранспарт». Слупы на гэтым участку вуліцы ўстаноўлены ў 1991 годзе, тэрмін іх службы 40—50 гадоў. Пры гэтым кожныя паўгода канструкцыі павінны праходзіць праверку. Калі яна праводзілася апошнім разам, высвятляецца. Таксама прызначана экспертыза, якая ўстановіць прычыну падзення асвятляльнай апоры.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?