Гэтая справа ўскалыхнула Беларусь летам 2013 года. Тады, 3 ліпеня, мінчанка Таццяна Слонімская паехала на сваім аўто ў ягады. І знікла. Жанчыну шукалі ўсёй краінай, але марна. Спачатку ў Маскве знайшлі яе «Мазду». А ўжо пасля, пад Мінскам, і саму жанчыну. Нежывой. Тады ж па падазрэнні ў забойстве затрымалі і дваіх хлопцаў. За імі выявіўся шлейф нераскрытых злачынстваў.

«Проста стукнуў з размаху»

На лаве падсудных — 21-гадовы Яўген Кулік і 20-гадовы Мікалай Лотыш. Мінчукі. Абодва раней былі асуджаныя за крадзяжы. Калі на судзе Кулік расказвае падрабязнасці справы (Лотыш адмовіўся гаварыць), становіцца зразумела, што забойства было спантанным — жанчына апынулася не ў той час не ў тым месцы.

У чэрвені 2013 хлопцы здзейснілі некалькі крадзяжоў. А нарабаванае прывезлі ў схованку ў лесе каля вёскі Прылессе. 3 ліпеня яны вырашылі падзяліць рэчы, калі туды ж прыехала Таццяна Слонімская.

«Прыехалі да схованкі на «Таўрыі», на вока падзялілі. І ў гэты час проста да нас пад’ехала тая жанчына. Пацікавілася, дзе ягады збіраюць.

Пачалі паказваць ёй у іншы бок. Яна крыху ад’ехала — але ў зоне бачнасці засталася. Я Лотышу прапанаваў не працягваць, а пакуль проста з’ехаць», — тлумачыў на судзе Кулік. І гэта быў шанец для жанчыны на ўратаванне. Але яна не чакала такой развязкі.

Калі хлопцы вярнуліся зноў у лес, Таццяна ўсё яшчэ збірала ягады. «Лотышу ўсё тэлефанавалі, падганялі… Ён знайшоў кліента, які гатовы быў купіць яго частку нарабаванага. Загрузілі машыну, развярнуліся…

Я сказаў, што трэба пазбавіцца ад гэтай жанчыны — яна бачыла, што ў нас схованка. Ён нешта адказваў, я не памятаю.

Я абышоў машыну. У кішэні быў самаробны нож. Сачыў здалёк за ёй. Адразу наважыцца не мог.

І ў гэты момант мне патэлефанаваў Лотыш: «Ідзі сюды, мне пазваніў кліент». Адказаў, каб ён ехаў, а я пайду пасля пешкі. Жанчына падышла да багажніка. Я на яе — проста стукнуў з размаху. Павярнулася да мяне і пачала крычаць. Я нанёс яшчэ ўдары нажом [эксперты пасля налічаць не менш за 14]. Яна павалілася.

Пачаў клікаць Лотыша. Гляджу, а ён паціху ад’язджае. «Вярніся!» — закрычаў. Ён пакінуў машыну і падышоў. «Дапамажы, — кажу. — Цела трэба пакласці ў багажнік яе машыны». Ён не пярэчыў. Я за ногі ўзяў, ён пад рукі. Там вядзерка з ягадамі было — дурніцы… Я сеў за руль «Мазды». Лотыш — у «Таўрыю», — без эмоцый Кулік апісваў, што і як рабілі.

Лотыш паехаў наперадзе. Ён павінен быў папярэдзіць па тэлефоне, калі па дарозе будзе міліцыя.

Пры выездзе на магілёўскую трасу яны раз’ехаліся. Лотыш вярнуўся ў горад, а Кулік скіраваўся ў бок вёскі Забалацце, дзе была дача бацькоў. «Ведаў, што недалёка ад вёскі ёсць балота». Схадзіў на дачу па рыдлёўку. «І паехаў далей — шукаць, дзе можна пахаваць». Яму выкапаў у лесе. Калі даставаў цела, з пальцаў зняў тры залатыя пярсцёнкі. Па дарозе назад спаліў дакументы жанчыны і мабільнікі.

У гэты момант ён прыдумаў цэлы план. Ёсць саюзная дзяржава і адкрытая мяжа з Расіяй. Кулік вырашыў купіць падробленыя дакументы ў Мінску і прадаць машыну ў Маскве. Глядзіш на гэтага хударлявага невысокага хлопца і дзівішся, як у яго галаве ў стрэсавай сітуацыі склалася цэлая схема. А ён жа сярэднюю школу ледзь скончыў. І ўсё з такім строгім разлікам.

Кулік перадаў Лотышу сваё адзенне ў крыві, каб той пазбавіўся ад яго. А сам паехаў па дакументы: «Я хацеў прадаць машыну. Патрэбны былі тэхпашпарт, транзітныя нумары. Зняць з уліку. Той чалавек сам друкуе, запаўняе, пячатку ставіць».

У Маскву выправіўся з кіроўцам: папрасіў аднакласніка адагнаць машыну, бо сам не меў правоў. Па дарозе ў раку выкінуў нож.

У расійскай сталіцы ў ламбард здаў залатыя пярсцёнкі Слонімскай (прыкладна за $200). Аднакласніка пасадзіў на цягнік да Мінска. А сам яшчэ два дні заставаўся ў горадзе.

Ён прапанаваў машыну знаёмаму Дзмітрыю Чайкоўскаму. Адкуль аўто, не расказваў. А той без лішніх праверак і пытанняў купіў — за 185 тысяч расійскіх рублёў (каля $5500). Гэта значна заніжаная цана. Пракурор ацаніў кошт машыны ў $14 тысяч. Дома Кулік перадаў Лотышу $500.

Машына — на Пятроўцы

Але ўжо праз тыдзень патэлефанаваў Чайкоўскі. Прасіў прывезці пустыя падробныя дакументы на аўтамабілі. «У Маскве сустрэліся ўначы. Ён сказаў, што машына тая на Пятроўцы — затрыманая. Маўляў, трэба вырашаць нешта, бо я іх падставіў. Напісаў распіску, што гэта я прадаў яму «Мазду». Аддаў 2600 ці 2700 даляраў, дакументы, якія прывёз. І вінен быў яшчэ 5000 даляраў». Ён быў пастаянным кліентам беларуса. Так, у Мінску за $100 набываў адзін тэхпашпарт, а прадаваў Чайкоўскаму па $700. Бізнэс, аднак.

Між іншым, Дзмітрый Чайкоўскі з канца 2011 знаходзіцца ў федэральным вышуку. «Паколькі Дзіма — бандыт, давялося яму вярнуць грошы», — так Кулік тлумачыў падчас расследавання.

Пасля такой размовы ў Маскве ён адправіўся цягніком у Мінск. Папярэдзіў сябра, каб той сустрэў на чыгуначным вакзале. Там іх абодвух і затрымалі.

Кулік і Лотыш не адмаўляюць сваёй віны.

Толькі з некаторымі дэталямі ў абвінавачанні не пагаджаюцца. Нягледзячы на розныя ролі ў забойстве, ім абодвум пагражае самае суровае пакаранне — ажно да расстрэлу. Дзеці Таццяны Слонімскай падтрымліваюць самае жорсткае пакаранне забойцам сваёй маці.

…«Магчыма, у той момант проста моцна спалохаўся. Не ў машыне пытанне — у мяне былі і лепшыя. Не хацеў больш трапіць у турму», — так тлумачыў на судзе Кулік. Лотыш паправіў сябра: забіў жанчыну выключна з-за той машыны. Як суддзя паставіцца да спробы Куліка прыкрыць сваю разважлівасць звычайным сполахам? Гэтая акалічнасць можа нязначна паўплываць на прысуд.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?