Аляксандр Лукашэнка 20 чэрвеня падпісаў указ «Аб устанаўленні дыпламатычных адносінаў паміж Рэспублікай Беларусь і Дэмакратычнай Рэспублікай Усходні Цімор», паведаміла прэс-служба прэзідэнта. 

Усходні Цімор — дзяржава ў Паўднёва-Усходняй Азіі, якая займае ўсходнюю палову вострава Цімор, а таксама невялікі эксклаў (правінцыя Акусі-Амбена) у заходняй палове таго ж вострава і невялікія астравы Атауру (на поўначы) і Жаку (на ўсходзе). 

Колькасць насельніцтва — 1.066.409 (ацэнка на ліпень 2010 года). Гарадское насельніцтва — 27%. Пісьменнасць — 58% (ацэнка 2002 года). 

Дзяржаўна-палітычны лад Усходняга Цімора — рэспубліка. Дзейная Канстытуцыя распрацавана на аснове мадэлі партугальскай Канстытуцыі. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на пяцігадовы тэрмін (магчымы другі тэрмін запар). Прэзідэнт можа накладваць вета на законы, распускаць парламент і прызначаць выбары. Дзейнічае ўсеагульнае выбарчае права (даецца з 17 гадоў). 

Эканоміка краіны была разбураная падчас Грамадзянскай вайны 1976—1999 гадоў. Яе аснову складала сельская гаспадарка, у якой пераважала арашанае земляробства. Палова насельніцтва не мела працы. З набыццём незалежнасці на першы план выйшлі нафта- і газаздабыча на марскім шэльфе, якая ажыццяўляецца пры дапамозе аўстралійскіх кампаній. На тэрыторыі краіны ёсць радовішчы золата, плаціны, мармуру і марганцу. 

Жыхары вырошчваюць каву, какосавую пальму, рыс, кукурузу, касаву, сою, батат, манга, бананы, ваніль, тытунь, бавоўну. У краіне наладжана вытворчасць копры, мыла і касметычных вырабаў, а таксама лоўля жэмчугу. Развіты дрэваапрацоўчая, гарбарная, тэкстыльная і харчовая прамысловасці. Саматужныя промыслы: пляценне кошыкаў, разьба па слановай косці і сандалавым дрэве, выпрацоўка керамічных вырабаў. У Ціморскім моры знойдзена некалькі радовішчаў нафты. Запасы толькі аднаго з іх — Баю-Ундан — ацэньваюцца ў 3 млрд. долараў. Традыцыйная аснова сельскай гаспадаркі — кава і трапічныя фрукты.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?