Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм» восенню плануе выпусціць у пракат 4 карціны, паведаміў генеральны дырэктар кінастудыі Алег Сільвановіч.

Сярод чаканых прэм'ер — фільм рэжысёра Аляксандры Бутар «Белыя росы. Вяртанне». Выхад на вялікія экраны працягу вядомай стужкі Ігара Дабралюбава плануецца ў верасні.

Яшчэ адна навінка — рамантычная камедыя «З 8 сакавіка, мужчыны!» сумеснай вытворчасці «Беларусьфільма» і расійскай кампаніі «Москит». Расійская публіка ўжо паспела ацаніць карціну — у суседняй краіне яе паказалі вясной. Беларусы змогуць паглядзець фільм праз пару месяцаў.

Не застанецца без увагі і юны глядач. Для дзяцей айчынныя кінематаграфісты падрыхтавалі прыгодніцкую камедыю «Неверагоднае перамяшчэнне» рэжысёра-дэбютанта Аляксандра Анісімава. Дарэчы, фільм стаў першай працай у паўнаметражным кіно сцэнарыста Рыты Шаграй, аўтара кароткаметражнага фільма «Страх» (ваенны альманах «Тэрыторыя супраціву») і п'ес для дзяцей.

Чакае публіку і працяг цыкла «Дзяржаўная мяжа». У кінатэатрах можна будзе паглядзець фільм «Дзяржаўная мяжа. Фільм дзевяты: Кур'еры страху». Зараз кінастудыя прыступіла да здымак новых частак. Так, 2-серыйны тэлевізійны фільм «Дзяржаўная мяжа. Фільм дзесяты: Аперацыя «Франклін»(рабочая назва) распавядае аб пачатковым этапе станаўлення памежнай службы Рэспублікі Беларусь. Тэлевізійны фільм «Дзяржаўная мяжа. Фільм адзінаццаты: Грошы не пахнуць» (рабочая назва) распавядае аб абароне беларускай мяжы, што праходзіць па рацэ Дняпро. Выхад фільмаў запланаваны на 2015 год.

У планах «Беларусьфільма» — удзел і ў Мінскім міжнародным кінафестывалі «Лістапад». Не выключана, што ў асноўным конкурсе будзе прадстаўлены фільм «Я не вярнуся», створаны сумесна з кінакампаніямі «СТВ» (Расія), «Хельсінкі-фільм» (Фінляндыя), «Амрыён» (Эстонія). Таксама кінастудыя рыхтуе падборку мультфільмаў для дзяцей ад 6 да 10 гадоў, якая ўвойдзе ў пазаконкурсную праграму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?