У Маскве на Манежнай плошчы разагналі чарговую акцыю ў падтрымку «вязняў 6 траўня».

У жорсткай форме былі затрыманыя не менш за 12 удзельнікаў акцыі ў падтрымку фігурантаў «Балотнай справы» і ўсіх палітвязняў.

Аднаму з затрыманых удзельнікаў акцыі на Манежнай плошчы паліцэйскія разбілі галаву аб аўтазак.

Восем чалавек з ліку затрыманых трымалі расцяжку са словамі «Свабоду палітвязням!». Паводле звестак АУС-Інфа, гэта Кацярына Мальдон, Ала Фралова, Сяргей Шаўшукоў, Антон Драздоў, Рэйда Лін, Аляксандр Макараў, Максім Чаканаў, а таксама чалавек, які адмовіўся называць сваё імя.

Пікеты з патрабаваннем вызваліць «вязняў Балотнай» прайшлі ў нядзелю не толькі ў Маскве, але і ў Архангельску, Краснаярску і шэрагу іншых гарадоў.

6 траўня 2012 года мірнае шэсце, якое павінна было скончыцца мітынгам на Балотнай плошчы ў Маскве, перарасло ў сутыкненні з паліцыяй. Была распачатая крымінальная справа аб масавых беспарадках. У розны час паводле яе праходзілі фігурантамі 33 чалавекі: 11 з іх былі амніставаныя, Аляксандра Духаніна (Навумава) атрымала ўмоўны тэрмін, 8 фігурантаў былі асуджаныя да рэальных тэрмінаў зняволення - ад 2,5 да 4 гадоў. Міхаіл Касенка быў адпраўлены на прымусовае псіхіятрычнае лячэнне.

У апошнія два тыдні следчыя затрымалі яшчэ траіх абвінавачаных: двое былі адпушчаныя пад падпіску аб нявыездзе, адзін - арыштаваны на два месяцы. Следства паводле справы падоўжанае да 6 лістапада.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?