Ідэалогія фашызму, шавінізму і іншых формаў скрайняга нацыяналізму набірае папулярнасць і на еўрапейскім кантыненце, і ў свеце ў цэлым. Да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі міжнароднай канферэнцыі супраць усіх форм фашызму, нацыяналізму і дыскрымінацыі, якая прайшла 5–6 ліпеня ў Мінску.

«Сёння ў свеце ў цэлым і ў тым ліку ў Еўропе атрымлівае ўсё большую папулярнасць ідэя крайняга нацыяналізму, развіваюцца арганізацыі, што спавядаюць гэтыя ідэі», — заявіў старшыня Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін 6 ліпеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску. У якасьці прыкладу ён прывёў Венгрыю, дзе прадстаўнікі партыі прафашысцкага кірунку ўваходзяць ва ўрад.

Паводле слоў Калякіна, удзельнікі канферэнцыі прыйшлі да высновы, што наяўная сітуацыя «з'яўляецца заканамерным вынікам абвастрэння супярэчнасцей на імперыялістычнай стадыі развіцця капіталізму, вырашыць якія можна толькі ліквідаваўшы гэту сістэму грамадскіх адносін».

«Эксплуататарскія класы, імкнучыся захаваць сваё пануючае становішча, спрабуюць выкарыстаць нацыяналістычную карту ў якасці інструменту адцягвання працоўных ад класавай барацьбы з рэальнымі вінаватымі пагаршэння іх сацыяльнага становішча.

Адначасова яны нагнятаюць антыкамуністычную істэрыю, спрабуючы дыскрэдытаваць «левую» ідэю, вядуць маштабны наступ на правы працоўных», — сказаў Калякін.

На яго думку, у сённяшніх умовах левым партыям і арганізацыям неабходна аб’ядноўваць свае намаганні для прасоўвання ў свядомасці «зразумелай і прыцягальнай альтэрнатывы грамадскага развіцця ў інтарэсах працоўнай большасці і стварэння шырокага фронту барацьбы з узрастаючай пагрозай неанацызму і неафашызму».

Канферэнцыя была арганізавана партыяй «Справядлівы свет» сумесна з партыяй Еўрапейскіх левых. У ёй бралі ўдзел прадстаўнікі левых і сацыял-дэмакратычных партый і арганізацый з Беларусі, Баўгарыі, Венгрыі і Эстоніі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?