Трохбаковая кантактная група Украіна — Расія — АБСЕ 6 ліпеня правяла сустрэчу ў Кіеве. Пра гэта паведамляецца на сайце АБСЕ. Нагадаем, раней гаварылася аб магчымасці яе правядзення ў беларускай сталіцы.

На сустрэчы ў Кіеве абмяркоўвалася наяўная сітуацыя на ўсходзе Украіны і перспектывы наступных перамоў з прыцягненнем усіх зацікаўленых бакоў. Кантактная група таксама падкрэсліла неабходнасць найхутчэйшага прагрэсу на шляху мірнага ўрэгулявання канфлікту ў адпаведнасці з сумеснай дэкларацыяй міністраў замежных спраў Украіны, Расіі, Францыі і Германіі ад 2 ліпеня і мірным планам прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі.

Апрача таго, удзельнікі сустрэчы прыйшлі да высновы аб тым, што наступнае пасяджэнне кантактнай групы павінна прайсці ў найбліжэйшым часе.

Нагадаем, 1 ліпеня аб магчымым правядзенні сустрэчы трохбаковай кантактнай групы па Украіне ў Мінску заявіла прадстаўнік прэзідэнта Украіны Ірына Герашчанка.

Прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык, у сваю чаргу, падкрэсліў, што Беларусь ніколі не адмаўлялася ад таго, каб прадаставіць сваю пляцоўку для ўрэгулявання канфлікту ва Украіне. «У Беларусі будуць рады, калі гэта дазволіць арганізаваць паўнацэнны дыялог», — зазначыў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?