На гэтым тыдні захаваецца па-летняму цёплае надвор'е.
Photo Bronislovas Ambrozas
Пра гэта паведаміў начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Дзмітрый Рабаў 7 ліпеня на відэабрыфінгу.
«Большую частку гэтага тыдня надвор'е будзе вызначаць вобласць павышанага атмасфернага ціску і цёплая, няўстойлівая паветраная маса, якая паступае з паўднёвага ўсходу Украіны. Сярэдняя тэмпература паветра чакаецца на 3-6 градусаў вышэйшай за норму», — сказаў сіноптык.
У аўторак у асобных раёнах чакаюцца кароткачасовыя дажджы, навальніцы. Тэмпература паветра ноччу плюс 13—19°С, днём плюс 25—30°С.
У сераду пераважна без ападкаў, толькі днём у паўднёва-заходніх раёнах кароткачасовыя дажджы, навальніцы. Тэмпература паветра ноччу плюс 14—19°С, днём плюс 24—29°С.
У чацвер у паўднёва-заходніх раёнах, а днём і па паўночным усходзе краіны кароткачасовыя дажджы, навальніцы. Тэмпература паветра ноччу плюс 14—19°С, днём плюс 22—27°С.
«Далей атмасферны ціск пачне падаць, у нашу краіну пачне паступаць больш свежае і вільготнае паветра: з`явіцца больш аблокаў і кароткіх летніх навальнічных дажджоў», — паведаміў Рабаў.
У пятніцу і суботу ў асобных раёнах, пераважна па поўдні краіны, кароткачасовыя дажджы, навальніцы. Тэмпература паветра ноччу плюс 9—16°С, днём плюс 20—26°С, месцамі да плюс 28°С.
У нядзелю месцамі кароткачасовыя дажджы, навальніцы. Тэмпература паветра ноччу плюс 9—16°С, днём плюс 18—25°С, месцамі да плюс 27°С.