Форвард мінскага «Дынама» Уладзімір Хвашчынскі змяніў клуб, да канца сезона на правах арэнды нападнік будзе выступаць за ФК «Мінск». 

Гэта трэцяя каманда ў кар'еры гульца. Пачынаў футбаліст у брэсцкім «Дынама», дзе за чатыры сезоны правёў 90 матчаў і забіў 17 мячоў. У студзені 2013 года Хвашчынскі змяніў брэсцкае «Дынама» на мінскае. У дэбютным сезоне ў сталіцы футбаліст згуляў 25 матчаў і забіў тры галы. Але з прыходам у мінскае «Дынама» Уладзіміра Жураўля Хвашчынскі страціў месца ў складзе. У сёлетнім сезоне нападнік толькі пяць разоў выйшаў на замену, увогуле правёўшы на полі 107 хвілін, але не забіў ніводнага гола. 

Затое ў Хвашчынскага някепска складвалася кар'ера ў розных зборных краіны. У 2011 годзе разам з маладзёжнай зборнай Беларусі ён выйграў бронзу маладзёжнага чэмпіянату Еўропы, у наступным годзе з'ездзіў на Алімпіяду ў Лондан. Праўда, на поле так і не выйшаў. Ёсць у Хвашчынскага і вопыт гульні за нацыянальную каманду Беларусі: у яе складзе футбаліст правёў чатыры матчы і забіў адзін гол, у таварыскім матчы паразіўшы вароты канадцаў. 

Футбольны клуб «Мінск» нядаўна таксама падпісаў кантракты з яшчэ двума экс-гульцамі нацыянальнай зборнай Беларусі — абаронцам Сяргеем Амельянчуком і форвардам Леанідам Ковелем. 

На гэты момант у турнірнай табліцы ФК «Мінск» займае сёмае месца і на чатыры ачкі адстае ад «Гомеля», які займае шостае месца. Нагадаем, восенню чэмпіянат раздзяліўся на дзве шасцёркі. Сталічны клуб умацаваў свой склад, каб быць у той шасцёрцы, якая павядзе барацьбу за медалі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?