У Беларусі вызначаны пералікі відаў работ па бягучым рамонце жылфонду, якія будуць аплачвацца сродкамі з мясцовых бюджэтаў, а таксама сродкамі, якія ўносяцца ўласнікамі, наймальнікамі жылля і членамі арганізацый забудоўшчыкаў у якасці платы за бягучы рамонт.

Гэта прадугледжана пастановай Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, якая афіцыйна апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

За кошт сродкаў уласнікаў і наймальнікаў жылля будуць выконвацца работы па рамонце пад'ездаў шматкватэрных жылых дамоў (аднаўленне тынкоўкі і абліцоўкі сцен, столі, рамонт падлогі, рамонт і замена асобных элементаў смеццеправодаў, малярныя работы), а таксама рамонт печаў і дымаходаў.

У пералік відаў работ па бягучым рамонце, крыніцамі фінансавання якіх з'яўляюцца сродкі мясцовых бюджэтаў, увайшлі работы па рамонце фундаментаў, сцен, перакрыццяў, дахаў, аконных і дзвярных запаўненняў месц агульнага карыстання, перагародак, лесвіц, балконаў, ганкаў, казыркоў над уваходамі ў пад'езды і балконамі верхніх паверхаў. Таксама ў гэты пералік увайшлі работы па ўнутранай аддзелцы тэхнічных памяшканняў, вонкавай аддзелцы будынкаў. За кошт сродкаў з мясцовага бюджэту таксама будуць вырашацца пытанні, звязаныя з работай сістэм ацяплення, вентыляцыі, гарачага і халоднага водазабеспячэння, водаадвядзення (каналізацыя) і электратэхнічных устройстваў.

Як растлумачыў начальнік упраўлення жыллёвай гаспадаркі Мінжылкамгаса Андрэй Рамашка, да ўступлення ў сілу Жыллёвага кодэкса работы па бягучым рамонце выконваліся ў рамках тэхнічнага абслугоўвання жылфонду. «Пасля ўступлення ў сілу гэтага дакумента бягучы рамонт стаў асобнай асноўнай жыллёва-камунальнай паслугай, фактычныя затраты на аказанне якой павінны аплачвацца насельніцтвам. Усе работы па бягучым рамонце павінны былі легчы на плечы грамадзян, у тым ліку такія віды работ, як рамонт даху, фасадаў, стыкаў і іншыя, даволі аб'ёмныя і дарагія», — адзначыў спецыяліст.

Аднак указам Лукашэнкі №550 ад 5 снежня 2013 года было вызначана некалькі крыніц фінансавання бягучага рамонту — сродкі мясцовых бюджэтаў і сродкі ад ўнясення ўласнікамі, наймальнікамі жылых памяшканняў і членамі арганізацый забудоўшчыкаў платы за бягучы рамонт, а таксама іншыя крыніцы фінансавання, не забароненыя заканадаўствам. Адпаведна, з'явілася неабходнасць вызначыць, якія менавіта віды работ фінансуюцца той ці іншай крыніцай.

Пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?