На фолк-фестывалі «Камяніца», які пройдзе 6 верасня на тэрыторыі Музея народнай архітэктуры і побыту ў вёсцы Азярцо пад Мінскам, выступяць музыканты з Беларусі, Польшчы, Расіі, Украіны і Чэхіі. Пра гэта паведамілі арганізатары фестывалю. 

Асноўную частку фестывальнай праграмы складуць выступленні вядомых беларускіх фолк-калектываў, у ліку якіх этна-трыа «Троіца», а таксама гурт Кriwi на чале з Веранікай Кругловай, чый дыск «Траўкамураўка» гэтай вясной стаў лепшым фолк-альбомам паводле версіі партала Experty.by. Акрамя таго, на фестывалі выступяць рок-гурт Re1ikt са спецыяльнай акустычнай фолк-праграмай і маладыя электроншчыкі Shuma. Таксама на малой сцэне фестывалю загучаць песні калектываў «Рада», «Гарынь», «Ягорава гара», на вялікай сцэне выступіць фолк-тэатр «Яварына». 

Пры падтрымцы Інстытута польскага ў Мінску на фестывалі выступяць удзельнікі мультылінгвістычнага праекта Караліны Ціхай і Бартака Палыгі. Яны прывязуць праграму на дзевяці мовах, на якіх гістарычна размаўляла Беласточчына. 

Ад Расіі на фестывалі выступіць гурт «Атава Ё», які выконвае нэафолк. Славянскія народныя песні ў панк-фолк-апрацоўцы прадставіць чэшскі калектыў Ahmed Ma Hlad. Украінская каманда «Бандурбенд» пазнаёміць гасцей музычнага свята са сваімі эксперыментамі па сінтэзе рэп-, рок- і фолк-музыкі. 

Акрамя таго, эксклюзіўны танцавальны DJ-сэт у стылі world music прывязе лідар легендарнагу гурту «Воплі Відаплясава» Алег Скрыпка. Арганізатары адзначаюць, што выступленне Скрыпкі ў якасці дыджэя на фестывалі ў 2011 годзе стала адным з лепшых момантаў «Камяніцы». Украінскі музыкант, у сваю чаргу, пацвердзіў, што з задавальненнем ізноў наведае фестываль. Ён заявіў, што падчас свайго мінулага прыезду быў вельмі ўражаны роўна як пляцоўкай, дзе праводзіцца фестываль, так і беларускай публікай. Паводле слоў Скрыпкі, у наш час этнічны фестывальны рух вельмі важны, паколькі ён аб'ядноўвае народ, краіны і дапамагае «выбудоўваць гарманічныя міжнародныя зносіны». 

Нязменны вядучы «Камяніцы», лідар гурту «Палац» Алег Хаменка адзначыў, што сёлета музычная частка фестывалю «вельмі ўражвае». «На мой погляд, практычна кожны з яго ўдзельнікаў можа быць хэдлайнерам любога еўрапейскага фальклорнага фестывалю», — заявіў ён. 

Акрамя фолк-музыкі гасцей фестывалю 6 верасня чакае кірмаш традыцыйных рамёстваў, старадаўнія танцы і гульні, выставы, майстар-класы. Усе жадаючыя змогуць пакаштаваць стравы нацыянальнай кухні ад лепшых шэф-кухароў. 

Паведамляецца, што ўваходныя білеты на фестываль ужо паступілі ў продаж праз сістэму ByCard, іх кошт складае 60 тыс. рублёў. Набыць білеты можна на сайце bycard.by ці ў фірменных касах сістэмы, размяшчэнне якіх таксама можна паглядзець на сайце. Для гасцей у беларускіх нацыянальных касцюмах прадугледжаны бясплатны ўваход. Пры гэтым трэба ўлічваць, што мужчыны павінны быць апранутыя ў народнага крою штаны з поясам, кашулю, камізэльку і з галаўным уборам. Жанчын на фестываль бясплатна правядзе нацыянальны касцюм, які складаецца са спадніцы, фартуха, кашулі, пояса і галаўнога убора (незамужнім дзяўчатам галаўны ўбор не патрэбны). Абутак у абодвух выпадках значэння не мае. 

Сёлета фестываль праходзіць пры падтрымцы ААТ «Банк БелЗЭБ». 

Фолк-фестываль «Камяніца» праходзіць з 2009 года і носіць дабрачынны характар. Усе сродкі ад продажу білетаў ідуць на рахункі Музея народнай архітэктуры і побыту, тым самым дапамагаючы захоўваць самую вялікую ў Беларусі калекцыю аўтэнтычнай драўлянай архітэктуры XVIII—XX стагоддзяў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?