Помнік народнаму артысту СССР Уладзіміру Мулявіну ўстановяць на яго радзіме ў Екацярынбургу 29 верасня. Аб гэтым сёння ў час акцыі «Вянок пашаны», прысвечанай заснавальніку ансамбля «Песняры», заявіў міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў/

Манумент узвядуць па праекце беларускага скульптара, уладальніка залатога медаля Акадэміі мастацтваў СССР Сяргея Логвіна. Помнік установяць у цэнтры горада на алеі, якая вядзе да білетных кас кінаканцэртнага тэатра «Космас».

У той жа дзень на радзіме Мулявіна пройдзе канцэрт Беларускага дзяржаўнага ансамбля «Песняры».

Сёння спаўняецца 45 гадоў з дня стварэння легендарнага калектыву. З гэтай нагоды на Маскоўскіх могілках адбылася акцыя «Вянок пашаны», прысвечаная памяці заснавальніка ансамбля — Уладзіміру Мулявіну.

Афіцыйнай датай стварэння калектыву лічыцца 1 верасня 1969 года, калі рашэннем мастацкага савета Беларускай філармоніі група «Лявоны» (першапачатковая назва калектыву) атрымала права называцца вакальна-інструментальным ансамблем. З назвай «Лявоны» група праіснавала каля года, да IV Міжнароднага конкурсу артыстаў эстрады, які праходзіў у кастрычніку 1970 года.

«Песняры» доўгі час заставаліся адной з самых папулярных груп Савецкага Саюза. «Белавежская пушча», «Волагда», «За паўгадзіны да вясны», «Княжна» і многія іншыя песні, што гучалі ў выкананні легендарнага ансамбля «Песняры», даўно прызнаны лепшымі хітамі XX стагоддзя. Склад калектыву не раз змяняўся. Усяго ў ансамблі прапрацавала больш за 50 музыкантаў. Мастацкім кіраўніком ансамбля «Песняры» з моманту яго ўтварэння і да сваёй смерці ў 2003 годзе быў Уладзімір Мулявін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?