Выставачны праект «Музей шакаладу Nikolya» крымскага шакалацье Мікалая Папова адкрыўся 4 верасня ў Нацыянальным гістарычным музеі ў Мінску. 

У экспазіцыю ўвайшло больш за 200 твораў мастацтва, вырабленых з шакаладу, марцыпану, цукровага дражэ і іншых кандытарскіх прадуктаў, аб'яднаных у два дзясяткі мастацкіх кампазіцый, і шэраг асобных работ. 

Шакаладныя кампазіцыі паўстаюць у выглядзе яек Фабержэ, карэты, малой і вялікай карон Расійскай імперыі, венецыянскіх масак, інструментаў, зброі XVIII і XXI стагоддзяў, антыкварыяту, жывёл і многага іншага. Беларусам асабліва цікава будзе паглядзець на шакаладны пояс Вітаўта, арыгінал якога захоўваецца ў суседняй зале музея, кафлі з фамільным гербам Радзівілаў, а таксама спецыяльна вырабленыя карціны з выявай герба Мінска і будынка Нацыянальнага гістарычнага музея. 

Цэнтральнае месца шакаладнай экспазіцыі займаюць чатыры работы, сярод якіх 45-кілаграмовая Эйфелева вежа, егіпецкая піраміда, масіўны белы раяль і макет палацавага комплексу ў Гродне. 

На адкрыцці выставы аўтар работ Мікалай Папоў адзначыў, што заўсёды «марыў паказаць людзям сваё ўменне» і «ўбачыць у іх вачах прыгожае святло шчасця і добрага настрою». «Усе работы былі зробленыя толькі для таго, каб вы атрымалі эстэтычную асалоду, адчулі шакалад не толькі як тое, што можна есці, але і ўспрыняць яго розную форму, выгляд», — сказаў шакалацье і пажадаў гасцям цырымоніі адкрыцця «салодкага жыцця». 

Выстава прабудзе ў Мінску да 9 лістапада. Час ад часу Папоў будзе праводзіць майстар-класы «Акадэмія шакаладу» для тых, хто жадае навучыцца абыходзіцца з шакаладам не толькі як з ласункам, але і як з матэрыялам для творчасці. У сярэдзіне кастрычніка «Музей шакаладу Nikolya» абяцае паказаць у гістарычным музеі самую вялікую шакаладную карціну ў свеце. 

Мікалай Папоў нарадзіўся на чарнаморскім узбярэжжы Крыма ў сям'і кулінараў. Скончыў музычную школу, школу мастацтваў, вучылішча, тэхнікум, а затым ВНУ па спецыяльнасці інжынер-тэхнолаг грамадскага харчавання. Папоў неаднаразова прызнаваўся лепшым шэф-кухарам Крыма. 

У 2006 годзе ў Сімферопалі адкрылася першая арт-кандытарская Nikolya. Праз тры гады ў сталіцы Крыма пачаў працаваць першы музей шакаладу. У 2012 годзе другая арт-кандытарская з'явілася ў Ерэване. Летась стартаваў трохгадовы тур праекта «Музей шакаладу Nikolya» па краінах СНД і Еўропы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?