UPD: Каментар суаўтара роліка (з каментаў на nn.by):

Калі каму цікава:

Усё пачалося з нашай суполкі - «Парціі Памяркоўных Цэнтрыстаў (ППЦ)», якая была створана напрыканцы 2011 г. Суполка з'яўляецца сцёбнай. Калі казаць сур'ёзна, яе мэта - высмяяць памяркоўнасць і чарка-шкварачнасць жыхароў Квітнеючай (Беларусі). (Дарэчы, неўзабаве пасля стварэння ППЦ у аўтара ідэі бралі інтэрв'ю з Еўрарадыё, магчыма, можна знайсці ў сеціве, там усё падрабязна апісвалася). Карацей, супока досыць спецыфічная, там шмат іроніі, сарказму, гратэску, стэрэатыпнасці. Аднак ёсць і досыць шмат сур'ёзнага, загорнутага ў тую ж спецыфічную абалонку. Хто мае вочы - той пабачыць. Трасянка выкарыстоўваецца прынцыпова, пра гэта пазначаецца і ў «статуце» Парціі. Аднак шмат разоў «сьвядомыя» пісалі, маўляў: «не ведаеце мовы - не пішыце» (мазгоў пачытаць і проста падумаць некаторым бракуе).

У Парціі ёсць (ці былі) такія людзі, як Андрусь Такінданг, Лэслі Кнайф (дарэчы, нярэдка нешта каментуе), Павел Аракелян, і - о божачкі! - Мікіта Недаверкаў (Наша Ніва). Іншымі словамі, ППЦ усё ж нон пэніс каніна эст. Дарэчы, ППЦ шмат у чым нагадвае Лурмоар, хто ў тэме - зразумее. Дык вось, у межах Парціі было нямала розных праектаў. Першапачаткова быў разлік на актыўнасць падпішчыкаў, аднак нават на справы памяркоўнасці большасці было памяркоўна, таму некаторыя праекты заглохлі. Іншыя ж мелі адноснае развіццё. Сярод такіх - «Памяркоўная Історыя».

Доўгі час гэты праект быў проста тэкставы. Аўтары пісалі цікавыя гістарычныя артыкулы ў стылі ППЦ - на трасянцы, з гумарам і г.д. У той жа час такія пасты былі інфарматыўнымі, таму мелі адносную папулярнасць. У маі 2014 г. было прапанавана стварыць ролік паводле аднаго с такіх тэкстаў. Яшчэ раз: гэта была проста прапанова, можна сказаць, крык адчаю аўтара ідэі. Шчыра кажучы, было нечакана, што некалькі чалавек адгукнуліся на прапанову. Размеркавалі абавязкі, пачалі працаваць.

Людзі, якія стварылі першы ролік (пра Оршу) БЫЛІ НЕЗНАЁМЫЯ ПАМІЖ САБОЙ у рэальным жыцці. Пазнаёміліся на здымках. Чалавек, які займаўся мантажом, увогуле жыве ў іншым горадзе, і НІХТО З АСТАТНЯЙ КАМАНДЫ ЯГО НЕ БАЧЫЎ да гэтага часу! Здымалі на фатаапарат, усё астатняе рабілі ўласнымі сіламі - хто як мог. Вядоўца Даша прынесла ўсім смачную ежу. Мікрафоны для першага роліка прынёс адзін чалавек… Астатнія таксама шмат зрабілі. І яшчэ раз: усё гэта - незнаёмыя людзі, якія працавалі над праектам «за ідэю», гублялі час і ўласныя грошы. (Дарэчы, адразу было зразумела, што на роліках будзе нельга нажыцца, напрыклад, на Ютубе, бо трасянка вельмі абмяжоўвае аўдыторыю). Іншымі словамі, Парція Памяркоўных Цэнтрыстаў у сапраўдным жыцці перамагла памяркоўнасць.

Я лічу, што адбыўся сапраўдны цуд, калі незнаёмыя людзі проста так сабраліся і зрабілі нешта на пустым месцы, сабе ў страту. Бо цяжкасцяў было даволі шмат. Аднак ужо прыкладна праз два тыдні ролік быў гатовы. А зараз усякія разумнікі пішуць у наш адрас розныя абразы. У стылі ППЦ было б адказаць: «сперва дабейся!», аднак гэты пост не жартоўны. І таму на поўным сур'ёзе можна запытацца: а што зрабілі вы, сраныя пазёры, якія насамрэч зганьбілі паняцці «змагар», «свядомасць» нейкім бязглуздым фанатызмам?.. Канешне, гэтае пытанне тычыцца далёка не ўсіх, каму не спадабаўся наш ролік. Аднак ёсць аб'ектыўная крытыка, а ёсць абразы, да таго ж, вельмі тупыя.

Мэта «Памяркоўнай Історыі» - прыцягнуць увагу да паўных гістарычных падзей. Наша звышзадача - зацікавіць гледачоў, каб яны пасля самастойна пачалі шукаць больш падрабязныя звесткі па тэме роліка (ды і не толькі). Калі не - што ж зробіш. Аднак нешта ж яны запомняць. Можна колькі заўгодна кідацца брудам у форму, якой мы карыстаемся, аднак змест застаецца зместам. Калі сёння нехта можа ўспрымаць сур'ёзную інфармацыю тольбкі ў выглядзе забаваў - хай так. Няўжо шмат каму насамрэч бракуе мазгоў зразумець гэтую простую і відавочную ідэю? Таму, я лічу, мы робім карысную справу….

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0