Усе падзеі, імёны і прозвішчы ў аповедзе мо і не выдуманыя, а супадзенне з існым верагоднае і невыпадковае, але аўтар не прызнаецца, бо крымінальнай адказнасці ў нас ніхто не адмяняў.

Я трапіў на службу ў рэзерве без хабару і блату. Проста вайскоўцы-чыгуначнікі палічылі за лепшае не браць «свядомага». Маўляў, у іх часці я буду першым беларускамоўным жаўнерам. Не спадабалася афіцэру-«купцу» і мая прыхільнасць да паганства («некрасіво звучіт»), і тое, што ў анкеце напісаў пра ліберальна-дэмакратычныя погляды. 

Спаслаўшыся на пункт «улік волі прызыўніка», афіцэры «папрасілі» мяне адмовіцца ад тэрміновай службы ў чыгуначных войсках. «Тым больш, што тэхнічнай адукацыі ў цябе няма». Кажу купцу наўпрост: «Хочаце пачуць маё «не»?» Той толькі хітнуў галавой і з палёгкай дадаў: «А мы папросім нашага маёра, каб запісаў цябе на службу ў рэзерве». 

200 чалавек за 10 хвілін

Прыгоды пачаліся ў цягніку, на якім мы ехалі ў аблваенкамат. Цвярозы выгляд маіх спадарожнікаў засмуціў маёра, які дарэмна шукаў у нашых валізах алкаголь. Праўда, у мой заплечнік не палез, сказаў, што «настаўнік кантрабанду не вязе». Горлаў знайшоў выйсце. Ён пайшоў у наступны вагон і вярнуўся праз паўгадзіны заўважна весялейшы.

Абласны цэнтр сустрэў дажджом і пранізлівым ветрам. Нібы з лета патрапіў у слотную восень. У ваенкамаце прызыўнікоў чакаў медагляд: двесце чалавек за 10 хвілін. Мы ішлі, як на канвееры. Потым чакалі на вуліцы, ад дажджу хаваліся пад навесам. З абеда неба развіднелася, заззяла сонца і, самае галоўнае, напоўніцу працаваў буфет, дзе прадавалі гарбату і піражкі з павідлам. Мабыць, нашае майно і зачынілі на складзе, каб даць буфету план, бо такой чаргі тут не будзе да наступнага прызыву!

Потым прызыўнікоў пашыхтавалі і пачалі размяркоўваць па пунктах прызначэння. З пафаснымі прамовамі выступілі афіцэры і праваслаўны святар. Апошні абдаў нашы цывільныя шыхты асвечанай вадой з мясцовага водаправода. Падчас гэтага чароўнага абраду я прыгадаў, як у Сярэднявеччы царква дабраслаўляла крыжовыя паходы на забойства ў імя «слушнай» веры… Традыцыя і сучаснасць. І сапраўды, як можа змяніцца час, калі людзі засталіся такімі ж?!

Ваенкамат запомніўся гармідарам і неарганізаванасцю. Выязджалі а сёмай вечара, прыехалі ў частку Z. а дзясятай.

Боты

…Пра вайсковую службу ў народзе кажуць: забралі ў боты. Вось і я атрымаў на складзе кірзачы. «Будзеце таптаць боты, іх на складзе яшчэ год на пятнаццаць хопіць», — сказаў прапар-загадчык. Боты доўга разношваюцца, таму ў першыя ж дні страявой падрыхтоўкі з’яўляюцца мазалі на пятах. Прынамсі ў тых, хто не навучыўся як след накручваць анучы. Звычайная карціна: узвод на плацы адбівае крок, а ззаду плятуцца салдацікі ў сланцах з забінтаванымі нагамі. Дзікая муштра пакліканая за месяц, які застаецца да прысягі, навучыць прызыўнікоў прыгожа хадзіць у шыхце. А праз паўгода службы змучаныя ботамі салдаты набываюць берцы. Праўда, нямногія: па-першае, начальства не ўхваляе парушэння «адзінаабразія», трэба спецыяльны дазвол, а па-другое, большасць не мае сродкаў не тое што на берцы, а нават на зубную пасту. «Дзяды» казалі нам, рэзервістам: «Вы можаце прывезці берцы, але раім па адбоі класці іх ў ложак, бо скрадуць».

У першы вечар падчас сталавання адзін прапар параіў з’есці ўсё смакоцце, прывезенае з дому — лядоўняў для салдацкай еміны няма. Таму раю зашмат у дарогу не браць, давядзецца або раздаць, або выкінуць. Першы адбой запомніўся даўжэзнымі чэргамі ў прыбіральні: чатыры кабінкі і восем рукамыйнікаў не разлічаныя на адначасовы попыт роты прызыўнікоў. У другой палове казармы, як нам патлумачылі, прыбіральня была зачыненая на рамонт.

Асаблівасці вайсковай гігіены

На другі дзень нас вазілі ў лазьню, дакладней, намёт-душ, дзе мы змылі апошні цывільны пыл. Калі апранулі форму, сталі як дзве кроплі вады падобныя адзін да аднаго.

Вечарам сяржанты вучылі нас майстэрству прышываць падкаўнерыкі. Яны спрачаліся паміж сабою, бо, праслужыўшы паўгода, ніхто не ведаў, як шыць слушна. Навошта гэта рабіць, калі лепш штодзень адшараваць мылам шыю?! Тлумачу для несвядомых: першая неабходнасць падшывы — не забрудзіць каўнер гімнасцёркі, другая і яна ж найпершая —салдат мусіць быць увесь час нечым заняты, каб не думаць, таму што ў войску табе не трэба думаць. Тут за цябе думаюць ротны, камбат, зампаліт і безліч іншых разумнікаў.

Дзяды штовечар не падшываюцца, ім статус дазваляе, але не статут (правяраюць звычайна «моладзь»). Тое ж заўважаю і за афіцэрамі. Новы, чысты падкаўнерык — святое, калі заступаеш у нарад днявальным (своеасаблівая тэхнічка-вахцёрка). Нельга выглядаць абы-як, бо ў начальства будзе лішняя нагода дачапіцца, ды і перспектыва атрымаць нарад па-за чаргой за брудны падкаўнерык не прываблівае. Зрэшты, для зачэпкі дастаткова й кепскага настрою, быў бы чалавек…

Наша лазня рамантавалася, як і другая прыбіральня ў казарме. Таму на восьмы дзень службы мы ідзём мыцца ў суседнюю частку Б. Да яе напрасткі, праз поле, блізу пяці кіламетраў. Яшчэ да выправы высвятляем, што салдаты тэрміновай службы і назад вярталіся пешшу. Узнялася хваля абурэння: у чым сэнс мыцця, калі назад прыйдзеш брудны ад пылу? «Сэнс вы зразумееце на восьмым кіламетры!» — адказаў п’яны маёр А. Але знайшоўся цвярозы ва ўсіх сэнсах чалавек, бо назад мы вярталіся на машыне. У кодабе камаза адчуваў непараўнальны кайф, нават большы, чым ад струменяў вады, што астуджвалі цела пасля дзённага сквару. Вецер праз дзіравы брызент дзьме ў твар, блакіт неба цешыць вока, прабіваюцца сонечныя промні. Файна! Найлепшае ўражанне ад першых дзён у войску.

…За два дні да прысягі —чарговая лазня. Туды і назад прывезлі на машыне. Але ў душы спачатку была толькі гарачая вада, амаль кіпень, а потым халодная. На такое мыццё для роты было адве-дзена дваццаць(!) хвілін. Здзек ды і толькі. Новае сподняе выдалі цэлае, бо папярэдняе было быццам пабітае шрапнеллю.

«Усё, адстраляліся!»

…Да прысягі большасць часу прызыўнікі займаюцца страявой падрыхтоўкай. Хто маршыраваў на плацы па 4—6 гадзін у дзень, добра памятае, як ныюць пасля ногі. Двойчы на нашых занятках прысутнічалі штабныя, якія доўга раіліся, як мы мусім ісці падчас прысягі. Давялося нарэзаць па плацы больш за дзесяць колаў з аўтаматамі, халера іх бяры! Натуральна, у казарму мы вярнуліся мокрыя, хоць выціскай. Добра, што на дварэ лета і можаш абмыцца ля рукамыйніка халоднай вадой.

Практыкаванні на плацы — тыповая муштра, даніна часу. Усё дзеля таго, каб цягам пяці хвілін прагрукаць ботамі перад кіраўніцтвам часці, якое сузірае спектакль з трыбуны, нібы генералісімус на праспекце Пераможцаў.

«Усё, адстраляліся!» — пранеслася ў галаве, калі наш узвод пад гукі «Развітанне славянкі» пакідаў плац. Бацька аднаго з сапёраў зазначыў, што ішлі мы, рэзервісты, нават лепш за афіцэраў, якія выносілі сцяг брыгады: «У мой час за такі вынас сцяга ім бы ногі паадрывалі».

Многа начальнікаў

…Пасля прысягi нас сталi часцей прыцягваць да левай працы. Па ранiшнiм разводзе асобныя групы салдат разбiраюцца прапаршчыкамi, штабнымi або iншымi афiцэрамi. Мы почасту хадзiлi ў парк, дзе касілі траву, збіралі галлё, нацягвалі дрот.

«Служым Рэспубліцы Беларусь!» — неяк паўжартам сказаў рэзервіст Ш.

Праца не заўсёды была ў напругу. Летам выйсці за КПП прыемней, чым сядзець у казарме.

Нават самая багатая і хворая фантазія не склала б на пустым месцы столькі показак пра войска. Большасць з іх — праўда. Раз наш узвод прыйшоў у лес ставіць агароджу для арсенала. Пакуль укопвалі слупы і нацягвалі дрот, паліваў дождж. Змоклі да майткоў, бо ніхто і не падумаў выдаць нам палаткі-накідкі. Па абедзе сохнем у казарме. Прыходзяць мінамётчыкі й распавядаюць, як па загадзе нейкага «палкана» разбіралі плён нашых самаахвярных і тытанічных высілкаў. Яму не спадабаўся нягеглы выгляд агароджы. А ноччу Ужо ноччу пры асвятленні фар наноў ставілі агароджу салдацікі тэрміновай службы.

І так на кожным кроку. Калі хадзілі ў лясок нацягваць масеткі, дык адну сетку скручвалі і разбіралі некалькі разоў, перш чым афіцэры прыйшлі да згоды і вырашылі маскіраваць-такі машыну. А ўсё праз тое, што ў войску шмат начальнікаў. Што каму заманецца, тое і выконвае салдат.

«Так не ваююць ужо гадоў пяцьдзясят»

Практыкаванні на палігоне таксама не вызначаліся разнастайнасцю: бег, скокі, плазаванне. Ахвоты пуляць па мішэнях у многіх паменела ўжо пасля першай стральбы. Ніхто не патлумачыў, як трэба цаляць. Спачатку страляем, потым ідзем на трэнажор «Сокал» (а трэба наадварот), але цір заняты іншым узводам. На палігоне з-за процьмы людзей усё адбываецца спехам, салдацікаў падганяюць, асыпаючы мацюкамі, што асабліва выводзіць з раўнавагі і спрыяе памылкам і недарэчнасцям. Замінае і вайсковы, яшчэ савецкі, рыштунак, што недарэчна матляецца ў розныя бакі. Падбягаю да месца стральбы, прылёг, устаўляю ражок у аўтамат і чую пагардлівае ад сяржанта: «Ты ўжо забіты!» З-за высокай травы мішэні ледзьве заўважныя, і я выпускаю ўвесь боекамплект літаральна ў поле. Грошы на вецер…

На кантрольныя заняткі ўстаем на гадзіну раней, каб, паснедаўшы, адсядзець гэтую гадзіну на табурэтах у казарме. На палігоне трэба здаць, апроч іншых, і нарматыў па выкопванні індывідуальнага акопа-ячэйкі, але замест загаду маёр кажа: «Так не ваююць ужо гадоў пяцьдзясят». За месяц, праведзены ў войску, мы толькі і рабілі, што капалі акопы для стральбы і пад БМП, мабыць на выпадак, калі колам стане ўся інжынерная тэхніка ці скончыцца дызпаліва. Часам проста сыходзім падалей у лес і ляжым пад шатамі дрэў. Андрэй Ч., аршанец, з сумам кажа: «У войску я адчуваю сябе цалкам нікчэмным стварэннем, ад якога няма карысці ні краіне, ні людзям».

Вольны час

…Вольны час у войску — асобная размова. Дэ факта выходны пачынаецца надвячоркам у суботу, калі сканчаецца шараванне і падмятанне падлогі ў казарме, або так званы ПХД («парково-хозяйственный день», або «проста храновы дзень», як кажуць салдаты). Тэрміновыя падцвердзяць, што нядзеля — найлепшы час для напісання лістоў. Рэзервісты ў гэтым не мелі патрэбы, бо амаль кожны прывёз мабільнік. Ліставаліся лічаныя людзі дый тое пісалі хутчэй дзеля самой фішкі — адаслаць знаёмым ліст з фронту, на якім, як вядома, без перемен. Праўда, навідавоку па тэлефоне не балалакалі, бо ў кожнай вайсковай часці афіцыйна ці не, але забаронена карыстацца мабільнай і пейджынгавай сувяззю, каб не дапусціць разгалошвання ваеннай таямніцы. Палітрук Фашчэнка запалохваў нас гэбістамі і крымінальнай адказнасцю, марна спрабаваў адбіраць мабільнікі, але нават самі афіцэры ігнаравалі «рэжым сакрэтнасці».

У якасці забаўляльнай праграмы ў нядзелю вадзілі ў кіно. У «мясцовым кінапракаце» дамінавалі расейскія патрыятычныя баевікі.

Вольны час у казарме па буднях выглядае так: група жаўнераў «качаецца» ў спорткутку, адзінкі чытаюць або нешта пішуць як я (патэнцыйныя паклёпнікі і здраднікі), а большасць лясы точыць ці спрабуе заснуць на зэдліку, паклаўшы рукі і голаў на дужкі коек. Удзень хіліць у сон, бо ноччу абуджаецца іншае жыццё: тыя ж размовы, слуханне музыкі, гульня з мабільнікамі. Вось так і служым!

Напоўніцу адчуваецца інфармацыйны голад. Войска нібы вакуум. Ва ўмовах бяздзеяння і панарамнага замбавання інтэлект цягам года-паўтара заўважна зніжаецца. Таму кнігі і газеты сярод пэўнага кола вайскоўцаў прачытваліся хутка. На паліцах у «ленінскім кутку» знайшліся некалькі тамоў расейскай і замежнай класікі, усё астатняе — падручнікі па вайсковай тактыцы і прапагандысцкая макулатура. Але сядзець без занятку — найгоршы сцэнар, бо адразу апаноўвае самота, гадзіны цягнуцца нібы гумовыя. Я толькі ў войску засвоіў аксіёму — трэба берагчы вольны час і выкарыстоўваць яго напоўніцу. Гэта датычыць як самаадукацыі, так і адпачынку.

Маскоўскія героі

Беларускага ў беларускім войску вобмаль. Некалькі беларускіх песень у рэпертуары ўзводаў — адзінае выключэнне з правіла. Усе каманды гучаць па-расейску. Толькі аднойчы пачуў «крокам руш!», як далёкае рэха пачатку 1990-х. Мая спроба «беларусізаваць» узвод з трэскам правалілася. Прапанаваная песня-запеўка была адрынутая толькі з-за мовы. «Трудная для заучіванія», — сказалі віцябляне, якія складалі палову ўзвода. У выніку ўзвод атрымаў гімн расейскіх інжынерных войскаў, а дакладней, два слупкі, бо астатнія наш камандзір не прыгадаў:

Войска инженерные были в почёте
С далёких Петровских времён.
Идут, шаг печатая чётко,
ряды солдатских колонн.
Вперёд понтонёры, сапёры, минёры,
любимой Отчизны сыны!
Вперёд офицеры, вперёд инженеры,
Защита и гордость страны!

Правобраз інжынерных войскаў існаваў у нас яшчэ за часамі Жыгімонта Аўгуста, калі Пётр нават у планах не значыўся. Але навошта глядзець у сваю гісторыю, калі для ўмацавання справы нафтагазаінтэграцыі лепш пазычыць у старэйшага брата? Беларус Пятро з Наваполацка не разумеў: «Што благога зрабіў Пётр І?» Я пералічыў некалькі «непаліткарэктных» беларускіх момантаў з біяграфіі самадзержца, на што пачуў жалезны аргумент: «Гэта было даўно…»

Нацыянальны нігілізм і бяспамяцтва — спадчына, прышчэпленая саветамі, якой сучаснаму грамадству пазбыцца надзвычай складана. На палігоне стаяць стэнды з выслоўямі ўсё таго ж Пятра Аляксеевіча і Аляксандра Суворава.

Або падчас вечаровай паверкі першым называюць «героя Савецкага Саюза, малодшага лейтенанта К., які паў у баях за свабоду і незалежнасць Рэспублікі Беларусь». Загадам Лукашэнкі ад 1996 г. К. быў пасмяротна залічаны ў склад роты. У чым супярэчнасць? Расеец, загінуў у баі на тэрыторыі Расеі, нават не БССР. Адзінае, што ўмоўна і лучыць яго з Беларуссю — прыналежнасць да тутэйшай часці, якая, як вядома, адступала разам з астатнім войскам у першыя месяцы вайны. Не аспрэчваю гераізм афіцэра, але пагатоў не за свабоду Беларусі ён змагаўся.

Мой намер прысягаць па-беларуску выклікаў у саслужбоўцаў перасцярогу: «Ці дазволяць табе?» Узводны Косцікаў, калі я спытаў пра беларускі тэкст прысягі, параіў звярнуцца па дазвол да ідэолага Быкава. Але наконадні прысягі палітрук абвясціў, што яе тэкст маецца на абедзьвюх дзяржаўных мовах, і салдаты вольныя ў сваім выбары. Праўда, узводны мінамётчыкаў «раіў» сваім па-беларуску не прысягаць, каб не было «белых варон». З роты рэзервістаў, апрача мяне, знайшліся яшчэ тры «бэнээфаўцы», усе з зенітна-ракетнага ўзвода, якія, калі што якое, паабяцалі памерці за Беларусь на матчынай мове. Краіна мусіць ведаць сваіх герояў: філолаг Сяргей, тэхнары Алег і Саня «Беркут».

Мяса белага мядзведзя

Настаў час прызямліцца і звярнуцца да матэрыяльнага — сталаванне ў войску. Летам мы карміліся з палявой кухні, што месцілася побач са сталоўкай. У рацыёне дамінавалі крупы і макароны. Малочных прадуктаў не было і ўсё тут. Гарнір у лепшым выпадку ўяўляў з сябе заскварку з кавалачкамі гумовага мяса — звычайна абрэзкі з костак, якія пастаўляў райзаг. Горай было, калі кашу адразу запраўлялі адвараным салам. Шэдэўр гора-кухараў і назву меў адмысловую — «мяса белага мядзведзя». Макароны ж почасту разварваліся так, што ператвараліся ў аднародную масу.

Разлік просты — галодны ваяка згамае ўсё, бо ў яго няма выбару! Не еш, хадзі, ёлуп, галодны, ніхто не прымушае. Калі страва не ў смак, «даганяйся» цёмным хлебам, якога ўдосталь. Тэрміновікі часта і ядуць спехам. Пасля каманды сяржанта «Взвод, закончіть пріём піщі!» трэба ўставаць, і ніхто не глядзіць першым ці апошнім з узвода ты сядаў за стол. Салдацікі набівалі кішэні хлебам, каб спатоліць голад паміж наведваннямі сталоўкі. Сама ежа аднастайная і посная, таму востра адчуваецца «нехватос». «Ешце кашу, у даўніну асілкі толькі яе і елі», — казаў палітрук. На пытанне, чаму ж тады волаты перавяліся, красамоўнага адказу ў яго не знайшлося.

Што ядуць дзяды

Дзедаўшчына — найбольшы страх для прызыўнікоў і рэальнасць для тых, хто служыць у войску. Апроч тых часцей, што знаходзяцца побач з месцамі дыслакацыі якога-небудзь вайсковага кіраўніцтва. Рэзервісты, натуральна, не адчулі на сабе ўсяго «смаку» гэтай з’явы. Мы былі хутчэй староннімі назіральнікамі. Андрэй Л. з усмешкай і ноткай абурэння ў голасе распавядаў, што чацвертую кабінку ў прыбіральні нельга займаць, «бо яна для дзядоў». Гэта датычыць і апошніх сталоў у сталоўцы. Рэзервіст Юра Х. неяк еў за «дзядоўскім», дык на яго коса паглядалі, але не зачапілі і словам. Па гэтых пунктах судакранання канфліктаў паміж рэзервістамі і стараслужачымі, дарэчы, маладзейшымі за нас, не было.

Неяк гутарылі з двума «духамі», якія выпрошвалі тысячу на марозіва і цыгарэты для дзядоў.

— Чаму выконваеце іх патрабаванні?

— Іначай дзяды-сяржанты будуць чапляцца, заганяюць нас па статуце…

— Так і вы праз паўгода станеце такімі ж дзядамі!

— Не, мы будзем лепшымі!

Сумнеўна, бо, зазнаўшы голад, здзекі і прыніжэнні, яны непазбежна захочуць пабыць сытымі і адносна забяспечанымі. Таму ўсё і паўтараецца па заганна-зачараваным коле.

Маладыя выконваюць функцыі абслугі. Неаднойчы назіраў, як духі куплялі ў буфеце еміну — поўныя пакеты беляшоў, піцы, сокаў, кефіру, маянэзу — і неслі ў капцёрку, дзе ўсё гэта з’ядалі сяржанты. Яшчэ да службы чуў расповед дзембеля-земляка, як ён летам не еў у сталоўцы, бо там пераважна кашы з маслам, якое дзяды змовіліся не есці. Пытаюся: «Як жа вы жылі без «пайкі?» Зямляк сабе ўсміхаўся, але галоўнага не распавёў. Цяпер я ведаю сакрэт яго «геройства» і крыніцу грошай на буфет.

 «Вінаваты? Будзеш адціскацца»

Салдаты тэрміновай службы адрозніваюцца ад нас. Гэтаму спрыяе не толькі летняя спёка, але і вайсковы побыт з аднастайным харчаваннем, турботамі службы, пастаянным напружаннем. На тле загарэлых твараў вылучаюцца зіхоткія ўсмешкі. Што-што, а зубы сапраўды белыя, чаго не скажаш пра брудную, зашмальцаваную форму (другі камплект у адпаведнасці з тэрмінам нашэння выдаецца толькі праз дзевяць месяцаў).

Мыць форму пажадана ў спёку, бо так яна хутчэй высыхае на целе. Вядома ж, якасць прання ў халоднай вадзе гаспадарчым мылам пакідае жадаць лепшага. Мой камуфляж таксама быў добра зашмальцаваны, але на 38 дзён першых збораў яго хопіць.

Э-э-э, радно-о-о-й!

Войска не спрыяе выхаванню. Працяглае перабыванне ў нязменным атачэнні выклікае агрэсію. Ударыць саслужбоўца — звыклая з’ява для тэрміновых, як і нялюдскі зварот адзін да аднаго: «Э-э-э, радно-о-о-й!» Просяць-патрабуюць даць не цыгарэту, а «цыгару». Вы розніцу ведаеце — яны не. Нязгода, адказ на любое пытанне або аргумент трансфармуецца ва ўніверсальнае выслоўе: «Ты што, еб…ы?!» Можа, гэта наступства прыніжэння асобы, якое сыходзіць ад прапаршчыкаў і афіцэраў? Калі бясконца даводзіць, што салдат — нікчэмнасць і быдла, ён сапраўды такім стане. Тут у цябе няма свайго меркавання і голасу, здзекі прызвычайся глытаць моўчкі. Мацюкі камандзіраў моладзь пераймае аўтаматычна, моцна ўплывае статкавая свядомасць. Пра якую культуру можна казаць, калі камандзір брыгады Кароль, якому не спадабалася нязладжанае прывітанне, выказаўся на плацы: «Кто как хочет, так і др…т!»

«Забраць у рэзервіста — палажняк»

…Крадзеж — натуральная з’ява ў войску. Крадуць усё, пачынаючы з формы і заканчваючы анучамі. Так, у саслужбоўца-рэзервіста Л. тройчы скралі сланцы, не звярнулі ўвагу і на тое, што апошнія, прывезеныя з дому, мелі пазнаку — на падэшве гарачым цвіком было напісанае прозвішча. Знікалі наўлечкі і прасціны…Здагадайцеся, навошта? Так, з іх рабілі падкаўнерыкі-падшывы.

Крадзеж у войску — не загана, а наступства натуральнага адбору. Для прыкладу паслухайце развагі аднаго салдаціка: «У войску не ў цябе скралі, а ты прая…ся. А забраць у рэзервіста — палажняк. Вы прыязджаеце на кароткія зборы і ўсё можаце купіць». Гэты ж хлапчыска ўпэўнена казаў, што ў войску ўсяму навучыўся і па дзембелі здолее куды заўгодна працаўладкавацца, а мы, рэзервісты, і жыцця зусім не ведаем.

Яшчэ быў выпадак, які бачыў на свае вочы: прапар заспеў «на гарачым» салдацікаў, якія неслі з кухні да бетоннага паркана паўмяха бульбы. Спробы вывесці іх на чыстую ваду поспеху не мелі, салдацікі гугнілі адно і тое ж: маўляў, узялі для сябе. Пры сведках прапаршчык іх і пальцам не зачапіў, а таму найгоршае, што гора-зламыснікі маглі атрымаць, гэта колькі дадатковых нарадаў па-за чаргой.

Вайсковы гумар

«Захварэў? Найлепшы сродак ад болю ў горле — бег, ад галавы — прысяданні». З гумарам у войску праблемы. Жарты або «чорныя», кшталту жахалкі для сапёраў «адна нага тут, другая там», або вульгарныя.

Адчуванне ўласнай перавагі, якое дае ўлада над падначаленымі, дазваляе «жартаваць» наступным чынам: «Вінаваты? Будзеш адціскацца, прыгаворваючы: буду дужым і разумным».

Лектар-ідэолаг Быкаў, які прамаўляў з паўзамі, рыхтык баксёры з показак, вучыў нас, што Рэспубліка Беларусь — самая міралюбівая краіна. Згодна з вайсковай дактрынай, наша дзяржава не мае ворагаў, але ў выпадку вайны «мы ўсіх пераможам, бо нашае войска самае моцнае». Наш смех выклікаў у яго задаволеную дзіцячую ўсмешку: ён жа лічыў свае жарты дасціпнымі і трапнымі.

Выхаванне нагамі

Адзін прапаршчык казаў: «Каб служыць у войску, трэба яго любіць». З вопыту размоў з тымі ж афіцэрамі зрабіў выснову, што ў войску служаць пераважна: а) па сямейнай завядзёнцы, б) з нявыкруткі. Афіцэры, асабліва маладыя, наракаюць на малыя заробкі, доўгія чэргі на жыллё, адсутнасць перспектываў… Адвечная песня.

Афіцэры павінны паслугоўвацца ў сваіх дзеяннях статутам. Так, але правілы існуюць, каб іх парушаць. Вось выпадак, які бачыў на свае вочы, калі стаяў у нарадзе «на тумбе». Дзяжурны па роце, лейтэнант Андросік, «выхоўваў» салдаціка, які пагарэў на самаволцы. Афіцэр ударыў пракуду ў грудзі, а потым завёў у свой кабінет, дзе ўжо даў волю і нагам. Абазнаныя скажуць, што жаўнеру пашанцавала, бо замест гаўптвахты яго толькі збілі, а Андросік, каб сябе не «падставіць», папрацаваў па індывідуальнай праграме. Што ж, сардэчна запрашаем у войска!

Здаць па тысячы на шчоткі

Думаў, што дзе-дзе, а ў войску прыемных сюрпрызаў не бывае. Але з першага збору пашанцавала з’ехаць на два дні раней, чым значылася ў дакументах. Адпусціла нас кіраўніцтва на свой страх і рызыку, папярэдне вылічыўшы з салдацкага месячнага заробку паўтары тысячы за гэтыя «выходныя» Як жартам казалі рэзервісты, каб з нагоды нашага ад’езду зладзіць банкет.

За дзень да звальнення вызначылася наша першая рота, два ёлупы з якой пайшлі ў самаволку за гарэлкай, так ім ужо карцела! Яшчэ некалькі разумнікаў выклікалі ў часць нарад міліцыі. За гэта камбат пагражаў звольніць усіх ноччу. Таму памятайце, таварышы: за правіну аднаго могуць пацярпець усе. Вось такое яно, справядлівае вайсковае выхаванне.

У дзень звальнення жанчына на складзе не хацела прымаць у нас форму. Казала, што сёння субота, скарочаны працоўны дзень, ёй прывядуць каня капаць бульбу, і… хай увесь свет пачакае. Гэта, канечне, нагода для роты рэзервістаў, каб пасядець у Z. да панядзелка. І тут паўстаў народ. Праз некалькі хвілін пабрахенькі, шчодра перасыпанай мацюкамі, у якой, апрача рэзервістаў, на «феміністку» накінуўся і прапаршчык, кабета, скрозь слёзы, нарэшце адчыніла склад.

А перад ад’ездам мы здалі па тысячы прапару Швайбовічу: «Вы тут месяц пажылі, падлогу падрапалі, умывальнік пабілі, шчоткі паламалі…» Забягаючы наперад, скажу, што падлога так і не была пафарбаваная.

Прасцей прыкінуцца дурным

Аўторак, дзень 2-і.

Сёння пачаліся «заняткі» з выхадам на палігон. Спускаемся ў яр, гушчар. Камузвода прапар М-ў тлумачыць: «Калі камбрыг нас не знойдзе — не бяды, а вось у адваротным выпадку будзе в-я-я-ялікі нацяг!»

* * *

Учора ўвечары нас адпраўлялі мыцца. Пасля, разагрэтыя, рушылі на склад атрымліваць цёплую форму, дзе чакалі дзве гадзіны. Настылі і змерзлі, як цуцыкі.

Чацвер, дзень 4-ы.

Упершыню трымаў у руках кулямёт і мусіў з яго страляць, не ведаючы нават, як ставіцца вілка. Палкан, які стаяў побач, пачаў нервавацца: «Ты што, хочаш кулямёт зламаць?» Падышоў і адамкнуў тую чортаву вілку. Я расхваляваўся і пасля стральбы не адамкнуў ражок і не адцягнуў затвор для агляду зброі на наяўнасць патронаў. Дзядзька, мацюкаючыся, плюхнуў даланёй па маім кумпале: «Тваё шчасце, што на галаве каска!»

Субота, дзень 6-ы.

Учора быў файны дзень. У лесе зладзілі сапраўдны пікнік, смажылі на вогнішчы сасіскі і трушчылі іх з маянэзам. Па дарозе на палігон ўдалося збочыць у пасёлак і закупіцца ў краме.

Вечарам быў камедзі-клаб. Са сталоўкі ўзвод вёў шараговец Дашч-к. Ён хваляваўся і не мог скамандаваць раз-два пад левую нагу. Пільны лейтэнант За-ц загадаў паўтарыць кола гонару на плацы. Урэшце мы прайшлі яшчэ два разы, бо ўзвод трэсла ад рогату.

Пазней прапар-гоблін Л-с выгнаў рэзервістаў на малы плац і загадаў маршыраваць 20 хвілін. Як яшчэ адзін вечаровы бонус — абвестка, што мыцца будзем толькі ў пятніцу. Атрымліваецца перапынак ў 10 дзён. Вось такая гігіена …

Нядзеля, дзень 7-ы.

Сёння старлей звярнуў увагу на нягеглы стан нашых аблавушак і рэзюмаваў: «Хутка зімовыя галаўныя ўборы будуць рабіць з малярскіх валікаў, а летнія — з паперы». Галеча мала каму пасуе.

* * *

Служба ў рэзерве — сапраўды, прывілей! Чатыры або шэсць месяцаў замест дванаццаці-васямнаццаці. Разумею крыўду сяброў, якія вымушаны слухаць мацюкі й пустыя размовы пячорных людзей год.

* * *

Да Юрыя Е. прыехала на выходных сям’я. Сын пабачыў тату ў бушлаце і назваў яго «мішка Гамі».

Панядзелак, дзень 8-ы.

Ідэалагічная апрацоўка на лекцыі. НАТА і Еўразвяз, асабліва Польшча і прыбалтыйскае трыа, — ворагі, а апазіцыя — здраднікі і пятая калона. Прымітыў, разлічаны на дурняў.

Серада, дзень 10-ы.

Стральба на палігоне прайшла нармалёва. Бо ўпершыню ніхто на нас не мацюкаўся. Афіцэры паводзілі сябе адэкватна. Калі ў маім АК здарылася асечка, адзін з іх спакойна перазарадзіў зброю і з калена адным стрэлам паклаў мішэнь.

Пятніца, дзень 12-ы.

Працуем у парку, мыем тэхніку, якая практычнай карысці ўжо не мае, бо састарэлая і не выкарыстоўваецца, апрача некалькіх запускаў на год. Сама сабою тэхніка — дарагі кавалак металу, бо есць шмат дызпаліва. Амаль усе афіцэры набываюць дызельныя аўто, бо саляра дармавая. Усё вакол калгаснае, усё вакол маё!

Нарэшце памыліся сёння ў душы. Як мала чалавеку трэба для шчасця!

Субота, дзень 13-ы.

Калі швэндаюцца п’яныя ў дым афіцэры, дык чаму б не прыкласціся да пляшкі дзядам і рэзервістам? Усе вакол п’яныя і задаволеныя. Калі чую «войска зробіць з вас сапраўдных мужчынаў», кажу як Станіслаўскі: «Не веру!»

Панядзелак, дзень 15-ы.

Чытаюць лекцыю пра Хатынь. Кацяць бочкі на ўкраінцаў як нацыю. Дзяржаўныя ідэолухі коса пазіраюць на аранжавую суседку.

* * *

Сёння спатрэбіліся мае веды па гісторыі на ідэалагічных занятках, калі патлумачыў афіцэрам, што другой у свеце пасля амерыканскай была Канстытуцыя Рэчы Паспалітай 3 траўня 1791 года, а не французская, як значылася ў лекцыі. Даўгалыгі лейтэнант Ч-а, які набіраў лекцыю, прыбег і кажа: «Кто сказал? Десять суток ареста!» Паказаў сваё невуцтва, а прызнаць не можа.

Побач камандзір мінамётчыкаў чытае тую ж лекцыю. «Гэта не дакладныя звесткі, зараз наш гісторык вам раскажа», — кажа яму мой камузвода. Падыходжу і распавядаю. «А почему на белорусском языке?» — пытаецца. Я нічога не адказваю на запыт, таму што стаміўся тлумачыць.

Аўторак, дзень 16-ы.

На палігоне нас накрывае снежная віхура. Холад яшчэ больш адчуваецца на пусты страўнік: паміж сняданкам і абедам 7 гадзін. А ў нядзельным выпуску «Наши новости» распавядаць пра нормы вайсковага харчавання. Пералік з мяса, рыбы, яек, гародніны, сокаў і малочных прадуктаў не стасуецца з нашым меню. Пра новыя мадэлі формы і абутку лішне казаць.

Чацвер, дзень 18-ы.

Сёння былі заняткі па выбуховай справе. Узрывалі капсуль-дэтанатар і тратылавую шашку. Лейтэнант нагадаў пра меры бяспекі, а на практыцы паказаў, якая моц выбуху ў дэтанатара памерам з батарэйку-пальчык: у 2-міліметровай сапёрнай рыдлёўцы ўтварылася дзірачка. Пальцы, а то і ўсю далонь адарвала б цалкам.

Мае пальцы ад холаду скурчанелі, не мог нават кнот запаліць. Лейтэнант нервуецца, а саслужбоўцы супакойваюць яго, бо ведаюць маю «хваробу». Таму спачатку кнот запальваю я, а потым па камандзе афіцэра ўсе астатнія. Кідаем, адбягаем, выбухі, слупкі дыму. Без здарэнняў, усе жывыя і здаровыя. Лейтэнант так і кажа: «Хлопцы, пабудзьце дурнямі паўтара месяца і едзьце дахаты жывыя і здаровыя, бо акрамя родных вы нікому не патрэбныя».

Субота, нядзеля. Дні 20-ы і 21-ы.

Вечарам у казарме было багата п’яных. Дзяжурны выклікаў ротнага, выцягнуў з-за святочнага стала (у жонкі дзень народзінаў). Ён пашыхтаваў рэзервістаў на плацы і абвесціў: «Газы!» Бяжым у казарму, нацягваем адгазнікі, выбягаем на малы плац і «матаем» па ім кругі. Зноў шыхтуемся, ротны асыпае нас порцыяй мацюкоў і дае другую каманду: «Пажар!» Праз вокны з першага паверха выцягваем койкі і тумбачкі. З другога паверха эвакуацыю ажыццяўляюць тэрміновікі. Усё майно расстаўляем на плацы адпаведна з парадкам у казарме. Раўняем дужкі коек, палоскі на коўдрах і падушкі, нацягнуўшы нітку. Сыпе дробненькі дожджык. Старлей зноў шыхтуе нас і мяшае з зямлёй. «Быдла» — найлепшае слова, якое зляцела з яго вуснаў.

А ў гэты час п’янтосы-рэзервісты на чале з прапаршчыкам Швайб-м пасопваюць у капцёрцы. За іх адказ трымаюць астатнія, бо такое яно, вайсковае выхаванне — калектыўнае, справядлівае, асэнсаванае. Новы загад: цягам паўгадзіны зацягнуць усё ў казарму.

Ужо каля поўначы працверазелы ротны тлумачыў свае захады неабходнасцю. Сапраўды, а як гэтыя лбы інакш выхоўваць?! Але не забыў прыгразіць патэнцыйным скаржнікам новымі прыгодамі. Выслухалі — і пад вільготныя коўдры спацькі.

Але інцыдэнт на гэтым не скончыўся. Назаўтра на вячэрнім разводзе дзяжурны палкан сказаў: «Вы — калхознікі з вышэйшай адукацыяй, прыехалі сюды на месяц пажэрці, паспаць, пас…ць…» Уражанне, што цябе палівае брудам нейкі арыстакрат-нобіль…

* * *

У Дзень народзінаў амаль кожны з узвода дорыць свайму таварышу прэзент — кавалачак масла вагою 15 грамаў. Падарунак трэба з’есці на месцы, у сталоўцы. А часам гэта цэлы паднос. Мой зямляк з’еў 28 «шайбаў», і гэта не рэкорд. Калі адмаўляешся есці, масла кідаюць у аблавушку, насоўваюць табе на галаву і прыхлопваюць зверху далонню пад усеагульны рогат. Вось такія забавы. Скажаце, уся дурната ад бяздзеяння…

* * *

Сяджу ў прыбіральні. Заходзіць дзяжурны-рэзервіст і кажа: «Не бросайте на х.. бумажки, я только что урны вынес!» Кажу яму: «А без матов можно?!» — «А ты что, интеллигент?» — «Не, — кажу, — я такое же быдло, как и ты».

Гэтыя словы знімаюць узніклую напружанасць, быццам цэбар сцюдзёнай вады. «И правда, нас же назвали быдлом и колхозниками…»

* * *

Бегчы па асфальце вакол часці прыемна. Пачуваешся вольным! «Сонца ў вочы, вецер у твар, бяжы, бяжы хлопец…»

Панядзелак, дзень 29-ы.

Хварэю, але займаюся самалячэннем, бо паход у медроту можа сумна скончыцца.

* * *

Наш Сярожа — унікум. Паскардзіўся маці, што няма сподняга неабходнага памеру. Маці не марудзіла і патэлефанавала ў штаб часці… Сярожу даймаюць, зрабілі аб’ектам кпінаў. Мне ж ён адпачатку нагадаў ваяку Швейка. Я не памыліўся. На крытыку Сярожа неяк прызнаўся: «Хай думаюць, што я дурны. Так прасцей».

Аўторак, дзень 30-ы.

Сёння, 1 красавіка, Дзень дурня. Перад вячэрняй паверкай у роту нечакана завітаў палкан Зац-ка. Яго цікавіла прысутнасць афіцэраў і кантрабасаў (кантрактнікаў). Як выявілася, наш камбат быў п’яны ў дым. Некалькі няўдалых спроб перамахнуць з наскоку бетонную агароджу часці яскрава гэта пацвярджаюць. Нарэшце, даўмеўся выйсці праз брамку КПП і пабрыў дадому. Вось і давядзі пасля такога салдатам, што піць — дрэнна.

Чацвер, дзень 32-і.

Ідзём на палігон здаваць нарматывы, генеральная рэпетыцыя, таму што праз тыдзень здаём экзамены. Гэтая прафанацыя ладзіцца з адзінай мэтай — прадухіліць папойку ў першай роце перад звальненнем.

Субота, дзень 34-ы.

Нас пакінулі яшчэ на тыдзень. На тое было некалькі прычын: рэзервістаў цэлая рота і дапамога на палігоне лішняй не будзе, а працуем мы не горш за салдацікаў тэрміновай. Тэрміновых можна зразумець: іх даўно заганялі.

Аўторак, дзень 37-ы.

На вечаровым разводзе ротны зачытвае прозвішчы ваяк, якія застаюцца «адпрацоўваць гадзіны прапушчаных заняткаў». Сярод іх — Юра з Паставаў. Несправядліва, бо ён ездзіў на пахаванне загінулай у аварыі цёткі. Застаюцца і тыя, хто лекаваўся ў медроце, а вось алкашы-залётнікі паедуць у час. Няма праўды на свеце…

Серада, дзень 38-ы.

Па абедзе ідзем у Дом афіцэраў на канцэрт. На ідэалагічным дакладзе, што папярэднічаў канцэрту, пекная жанчынка-афіцэр завяла гаворку пра дэструктыўныя элементы, і я чакана пачуў жахалку пра адмарозкаў з Маладога фронту, эма, рыцараў, байкераў (заставалася толькі падняцца і абвесціць на ўсю залу: «Я адмарозак! Я!»). Афіцэр наперадзе шэпча: «Этот, Дашкевич, говорят, раньше бухал по-чёрному, а потом пошёл в оппозицию». А лектарка гнула тэзу пра шкодны ўплыў Захаду і чужыя «нам» (дакладней ім — хамам і дармаедам, што так баяцца беларусізацыі) каштоўнасці. Потым выступалі графаманы з праўладнага Саюза пісьменнікаў. Адзін з іх дэкламаваў агіткі, прасякнутыя савецкім патрыятызмам (Радзіма — «ад Брэста да Уладзівастока», а чытанне завяршаецца: «Я — русский, Иванов!»).

Пасля была фанера Паліны Смолавай. Зноў «на карандаш» трапляюць афіцэры: «Пойду к сцене, надо этой п… цветы вынести».

Чацвер, дзень 39-ы.

Дзень звальнення чарговы раз паказаў, што ніякай салдацкай салідарнасці няма. Загадалі рэзервістам набыць у краме завадскога вырабу вешалкі замест саматужных з тоўстага дроту, выдадзеных на складзе ў першы дзень. І замест таго, каб культурна паслаць складскіх пацукоў, рванулі набываць гэтыя распялкі. Сказалі б усе «не», і што б камандаванне зрабіла? Не выпусцілі б нас з часці? Ха-ха-ха.

Прыгадаўся дыялог з «Маўглі»: «Дурныя! Яны забыліся закон джунгляў! Кожны сам за сябе».

Менавіта сённяшні факт стаў апошняй кропляй, пасля чаго я даў сабе абяцанне апублікаваць пра гэтыя зборы кнігу-дзённік. Што ж, час пакажа, бо аўтар — вялікі гультай і рэдка даводзіць задуманае да канца.

Ёсць яшчэ хлопцы!

Панядзелак, дзень 1-ы.

Першае, што кінулася ў вочы, калі прыехаў на апошнія зборы, — усё тая ж яміна пасярод плаца. Няўжо яна зеўрала ад мінулых збораў? Прайшло 20 месяцаў!

* * *

У абед нас не кармілі: маўляў, прыехалі ад маміных піражкоў. На вячэру выдалі чай, хлеб, а масла ўсім не хапіла. Вось і пайшлі «паломнікі» ў буфет. Адсюль парада: бярыце болей грошай — і ваш рацыён не будзе залежаць ад процьмы сюрпрызаў.

* * *

Некаторыя рэзервісты прыехалі п’яныя ў дым і спалі на сваіх клунках.

 

Аўторак, дзень 2-і.

Сёння дзяжурым па кубрыку (частка казармы, якую займае наш узвод). Прыходзіцца чакаць, пакуль астатнія калегі памыюць падлогу, бо не хапае шчотак. Праз некалькі дзён Юры Е. набыў шчотку для нашага ўзвода. Мы яе нават падпісалі. Такі вось падарунак застанецца войску.

* * *

Лекцыя па нацыянальнай бяспецы. Патэнцыйных праціўнікаў у нас няма, але вучэнні называюцца «Захад-2009», а ў пераліку вытворцаў атрутных рэчываў фігуруюць адны дзяржавы НАТА. Мабыць, каб у падкорцы салдатаў засела, што Захад — вораг.

Заходзіць маёр М-ка і асыпае прысутных адборнымі мацюкамі. Няўжо ён і дома так лаецца? Потым пачуў ад стараслужачых, што жонка ад яго ўцякла. М-ка — тыповы прадстаўнік большасці мужчынскага насельніцтва мястэчка Z. Адзіная ўцеха для іх — жлукціць гарэлку.

Вінаватая ў гэтым не сістэма, не яна псуе чалавечае ў чалавеку. Справа ў нас саміх. Нездарма ж чалавеку даецца толькі адзін шанец — нарадзіцца. А ўсё астатняе — справа яго волі, выпадку ці прыхамаці лёсу.

Серада, день 3-і.

Заняткі. Да абеду заставалася гадзіна, і, каб «забіць» час, узвод рушыць на палігон. Толькі прыходзім, як адразу павяртаемся назад. Па абедзе паўтараем тактычны манеўр. Толькі для прыліку яшчэ паслухалі лекцыю, змест якой ужо немагчыма ўспомніць. Дзякуй за ўвагу!

Чацвер, дзень 4-ы.

Недарэчнасць нашага раскладу: цягам аднаго дня тройчы надараецца фізо, а потым некалькі дзён адсутнічае нават размінка. Або цэлы дзень нудныя лекцыі ці бясконцыя шпацыры на палігон.

* * *

Афіцэры-правяраючыя пытаюцца: «Як вас кормяць?» Яны і самі добра ўсё ведаюць, а пытаюцца для прыліку.

* * *

У першыя дні ў мяне і Юрыя з Пастаў скралі сланцы. Звярнуліся да падпалкоўніка і пачулі: «Гэта прынцып казармы. Забярыце ў іншых. Толькі пазбягайце канфліктаў». Вяртаемся з начных заняткаў і…ужо вешалак для бушлатаў таксама паменела.

Субота, дзень 6-ы.

Я і Юры з Паставаў купілі праз «пасярэдніка» скрадзеныя сланцы. Раблю гэта першы і апошні раз. Пачак цыгарэт — невялікая плата, але, набываючы крадзенае, міжволі ставіш справу на паток.

Нядзеля, дзень 7-ы.

Першы выходны на гэтых зборах. У сталоўцы вяду размову з філолагам Сяргеем. Падыходзіць нейкі сяржант: «Як прыемна, што ёсць яшчэ хлопцы, якія гавораць па-беларуску!»

* * *

Вечарам казарма глядзіць кіно. Выбіраючы паміж «Канікуламі строгага рэжыму» і «Лабірынтам фаўна», салдаты аддалі перавагу першаму. Другі фільм пасля прагляду першых кадраў адкінулі, пракаментаваўшы: «Нейкая хрэнь!»

Аўторак, дзень 9-ы.

Казарма нагадвае маленькую зону са сваімі суровымі законамі-паняццямі. На вяршыні іерархіі той, хто пры ўладзе і мацнейшы фізічна. Калі знікае якая-небудзь рэч, ніхто не піша рапарты. Прасцей забраць першае, што трапілася пад руку. Вось і знікаюць сланцы, анучы, зубная паста і шчоткі, лёзы для галення, адэкалоны і шампуні, белая тканіна, ніткі… Усё, што пакідаеш у тумбачцы, можа незваротна знікнуць.

* * *

Салдаты «трэцяга тэрміну» вар’яцеюць ад бяздзеяння і лішку тэстастэрону. Вось і муштруюць маладых, прымушаюць адціскацца і прысядаць. «Духі» жывуць у пастаянным страху і напружанні. З часоў Саюза «дзедаўшчына» памякчэла, стаўшы пераважна грашовай і адпрацовачнай. Дзядуху выкараніць хіба што прафесійнае войска, а ў напаўгалодным натоўпе ёй проста наканавана быць.

* * *

Вечарам цягнемся на палігон. Навокал у вокнах панэльных дамоў гарыць святло. І як жа шчыміць сэрца салдату, які бачыць цывільнае жыццё, такое блізкае і далёкае адначасова. Але ж мы служым на Радзіме, у Беларусі, а таму меней сопляў. Майму бацьку і яго аднагодкам-беларусам было куды цяжэй служыць у Арменіі і Туркменіі.

Серада-пятніца, дні 11, 12, 13.

Ляжу ў медроце з тэмпературай 37,2. Настрой сапсаваны, бо кожны дзень хваробы для рэзервіста ў залік службы не ідзе. Усе дэмабілізуюцца, а я застануся на некалькі дзён.

У часці стан блізкі да пандэміі. Медрота, разлічаная на 30 пацыентаў, налічвае ўдвая больш. Палаты застаўленыя рыпучымі койкамі. Кубкаў і лыжак не хапае, хворыя ядуць па чарзе. І лекаў няма ніякіх…

Аўторак, дзень 16-ы.

У парк ідзем самастойна, бо маёр «рагамі ў зямлю». На зваротным шляху дружна пералазім праз паркан. Часць нібы прахадны двор. Учора школьнікі зрэзалі шлях ад школы да дому праз тэрыторыю часці, мінаючы наш узвод за адпрацоўкай стральбы лежачы. Абышлі нас і спакойна пералезлі праз паркан.

* * *

У праграме «Арсенал» быў рэпартаж пра суперпуперсучасную баявую машыну, нашпігаваную электронікай. Наш камандзір пасмейваецца: такая машына ў нашым войску ўсяго адна.

* * *

Войска вучыць цаніць простыя рэчы: душ, кубак зялёнай гарбаты, чытанне кнігі, вечаровы шпацыр… Цаніце кожную вольную хвіліну, радуйцеся кожнаму світанку.

Чацвер, дзень 18-ы.

У нас медыум. У парку маёр прапанаваў узводу на выбар: або выкапаць сапёркамі акоп-схоў на 20 чалавек і потым закапаць, або адшараваць тэхніку ў гаражах.

Пятніца, дзень 19-ы.

Афіцэры з парку штодня сядзяць у вагончыку, паляць грубку, гуляюць у карты і павольна выпіваюць. Здавалася б, бесклапотнае існаванне. Не зусім. Наракаюць на малы заробак, начальства, цешчу-скнару, жонку-змяю. Адзін 20 хвілін балалакаў з майго тэлефона і нават не падзякаваў. Такіх афіцэраў салдаты мянуюць «шакаламі».

Субота, дзень 20-ы.

Вечарам адзін паддаты «шакал» палез шнарыць па нашых тумбачках у пошуках «парушэнняў статута». Цікава, ці адпавядае яго п’яная фізіяномія патрабаванням статута?

Аўторак, дзень 23-і.

«Гэты хлопчык-тэрміновік толькі ў войску пабачыў сапраўднае жыццё!» — кажа прапар. Мы, натуральна, спрачаемся. Прыніжэнні, здзекі, мацюкі, цынізм і нівеляванне асобы, штовечар прагляд «Псіхапанарамы»… Нездарма ж тэрміновыя напіваюцца і ўцякаюць дадому. Іх вяртаюць, па магчымасці не афішуючы здарэнне.

Субота, дзень 27-ы.

У абед нанёс войску шкоду — разбіў талерку ў сталоўцы. Дзяжурны прапаршчык строга спытаў, ці вялікі ў мяне заробак. Потым спытаў прозвішча, узвод і прозвішча камандзіра.

Нядзеля, дзень 28-ы.

Вылазяць статкавыя рысы ў паводзінах. Хутчэй урваць, быць першым. У сталоўцы ўжо не шыхтуемся, а становімся без чаргі.

Панядзелак, дзень 29-ы.

Лю-дзі-і-і! Ча-ла-ве-кі-і-і! Усміхайцеся. Гэта раздражняе. Выпраменьвайце пазітыў, усім і ўсяму на злосць. Не будзьце па-ня-во-ле-ны-я!

Пятніца, дзень 33-і.

Сёння ў парк прыехаў камбрыг і добра такі ўсіх нацягнуў. У гаражах цячэ дах, машыны ржавеюць. Камбрыг загадвае выцерці ўсе машыны насуха і прамазаць салярай. На разумную галаву варта было б адрамантаваць дах …

Такое войска Беларусі не патрэбна!

Субота, дзень 34-ы.

Ноччу ў мяне знік пас.

Раніцай лейтэнант К-та злавіў Андрэя Л. за шараваннем ботаў у казарме, пашыхтаваў нас і пачаў капаць на глузды. Маўляў, можна аформіць гэта як пашкоджанне маёмасці (падлогі), адаслаць ліст на месца працы або ўвогуле перавесці на тэрміновую службу.

* * *

З салдацкага заробку прапаршчык Шв-ч забраў на добраахвотных пачатках дзве тысячы. Маўляў, ён за свае крэўныя зрабіў рамонт у прыбіральні. Колькі разоў мы сюды прыязджаем, столькі разоў прапар і робіць рамонт.

…Саслужбоўцы пайшлі на дзембель у панядзелак, 14 снежня. Я і рэшта жаўнераў засталіся даслужваць свае дні, якія праляжалі ў лазарэце. Адсюль парада: не хварэйце.

У панядзелак палкоўнік вывеў на паказ будучага дзембеля ў незвычайнай форме. Гімнасцёрка а-ля кіцель гусара 1812 года з эпалетамі й бантамі. Рукавы па баках, як і нагавіцы, з лампасамі белага колеру. Безгустоўнасць. Палкоўнік па-бацькоўску прысароміў салдата, але ж, па вялікім рахунку, яго справа, як паказацца ў такой форме на людзях.

На наступны дзень прыехала маладое папаўненне. Нібы зацкаваныя звяркі. Афіцэры равуць, падганяюць іх, і сяржанты не даюць прадыхнуць. Мой зямляк, сяржант тэрміновай службы К-скі, з непрыхаваным задавальненнем кажа: «Вось лягу ў ніжнім ярусе і буду ноччу пальцам тыцкаць у матрас, каб «дух» не заснуў». Навошта? «А мне па духані таксама нялёгка было». No comment.

* * *

У апошнюю ноч не спіцца.

Няма суму, злосці, расчаравання.

Прыходзіць разуменне: тут, у войску, я пазнаёміўся з новымі людзьмі, атрымаў незабыўныя ўражанні, карысны досвед, з іншага боку паглядзеў на свет.

З гэтым і пайду далей.

Так. Тут я пражыў маленькае жыццё і не шкадую ні аб чым!

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру