Актывісты апазыцыі падалі больш за 800 заявак на правядзеньне пікетаў 16 сьнежня. Гэтыя акцыі пратэсту скіраваны супраць скасаваньня льготаў. Зьявіліся ўжо першыя адмовы на правядзеньне пікетаў. Таксама актывісты апазыцыі працягваюць абскарджваць у судзе падобныя адмовы.

Паводле каардынатара «Сацыяльнага маршу» Валеры Ўхналёва, сябры Партыі камуністаў Беларускай накіравалі мясцовым уладам каля 500 заявак, астатнія падаваліся іншымі суб’ектамі аб’яднаных дэмсілаў. Агулам па Беларусі плянуецца правесьці больш за 800 акцый пратэсту — пікетаў і мітынгаў.

«Я думаю, нам дадуць станоўчыя адказы. Ня ўсюды, але дадуць. Калі мы будзем мець геаграфію гэтага, мы разьмяркуемся дзе, што і як мы будзем праводзіць — дзе мітынгі, дзе пікеты. І ў любым разе, нягледзячы на тое, якія будуць адказы, ці станоўчыя, ці гэта будзе забаронена, але ў большасьці сваёй, на пікеты людзі выйдуць. 17 сьнежня ўступае ў дзеяньне закон аб адмене сацыяльных гарантыяў і льгот. І вось усе нашы заяўкі пададзены на 16‑е. І большасьць людзей, гэта паказвае і сацыялёгія, і нашы сустрэчы зь людзьмі, не разумеюць і не прымаюць тое, што сёньня робіць улада», — сказаў Валеры Ўхналёў.

Да прыкладу, актывісты Берасьцейскай абласной кааліцыі аб’яднаных дэмсілаў падалі каля 117 заявак на правядзеньне пікетаў. Зь іх 65 заявак — у Берасьці, 37 — у Берасьцейскім раёне, 11 — у Баранавічах. Некаторыя заяўнікі ўжо атрымалі першыя адказы ад мясцовых уладаў.

Алег Шапавалаў з гарадзкога пасёлку Мачулішчы працытаваў ліст, які дасланы зь Менскага райвыканкаму. Маўляў, райвыканкам «на падставе закону аб мясцовым кіраваньні і самакіраваньні, як гарант палітыкі, якая праводзіцца ў дзяржаве, не дазваляе правядзеньне пікету. Мэтай якога зьяўляецца выказваньне пратэсту супраць сацыяльнай палітыкі ўладаў».

«Адмаўлялі пад рознымі прычынамі, але такая прычына ўпершыню. Я ўчора накіраваў ліст у выканкам. Я даслаў ім ксэракопію іх адказу, дзе чырвоным перакрэсьліў коскі, якія ня трэба было ставіць, напісаў чырвоным коскі, дзе трэба было ставіць. І напісаў: «Без камэнтароў. Там былі тры артаграфічныя памылкі і адна стылістычная», — заявіў Алег Шапавалаў.

Актывісты Свабоднага прафсаюзу Беларускага Юры Новікаў і Сяргей Фамін падалі скаргу ў Ленінскі суд Магілёва. Яны зьвяртаюць увагу на незаконныя дзеяньні кіраўніка справамі гарвыканкаму, які яшчэ ў жніўні адмовіў у правядзеньні аднаго зь пікетаў салідарнасьці з Аляксандрам Казуліным. Паводле кіраўніка справамі, такі пікет «зьяўляецца спосабам ціску на органы судовай улады».

Актывісты просяць суд задаволіць заяўку на акцыю і абавязаць уладу вызначыць час пікету.

«Даваць адмоўныя адказы на правядзеньне масавых мерапрыемстваў стала нормай для Магілёўскага гарвыканкаму. Так, апошнім часам, у варунках кампаніі «Сацыяльны марш» у гарвыканкам было пададзена некалькі дзесяткаў заявак на правядзеньне пікетаў супраць адмены льгот. І ні адну зь іх не задаволілі. На жаль, ніводзін заяўнік не пайшоў далей і не абскардзіў рашэньне гарвыканкаму. Калі ў раённым судзе мы не атрымаем станоўчага рашэньня, то будзем скардзіцца і далей, ажно да Камісіі ААН па правах чалавека», — заявіў Ю.Новікаў.

Алесь Дашчынскі, Radio Free Europe / Radio Liberty

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0