6 сьнежня пачынаецца афіцыйны візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Вэнэсуэлу.

На перамовах Аляксандра Лукашэнкі з Уго Чавэсам, як чакаецца, будзе абмяркоўвацца ўвесь спэктар супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і Вэнэсуэлай. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе А. Лукашэнкі.

Плянуецца, што ў Каракасе будзе падпісаны шэраг сумесных дакумэнтаў.

Беларусь разьлічвае мець выгаду ад Вэнэсуэлы на той жа аснове, што і Куба цяпер. Амбітны папуліст Чавэс марыць адыгрываць значную ролю ў сусьветнай палітыцы і дзеля таго гатовы фінансаваць бедныя краіны, што ўхваляюць ягоную палітыку.

У часе візыту ў Каракас А. Лукашэнка возьме ўдзел у цырымоніі адкрыцьця Нацыянальнай выстаўкі Беларусі ў Вэнэсуэле. Туды выправілася вялізная беларуская дэлегацыя ў складзе 300 чалавек. Сярод іх — сьпявачка Ірына Дарафеева, што мае забаўляць высокіх гасьцей.

Чавэс ужо пабываў у Беларусі з афіцыйным візытам.

У 2006 годзе прэзыдэнты Беларусі і Вэнэсуэлы прынялі рашэньне аб стварэньні стратэгічнага альянсу.

Вэнэсуэла займае першае месца ў Лацінскай Амэрыцы па даказаных запасах нафты і 7-е месца ў сьвеце па здабычы нафты. У басэйне ракі Арынока ёсьць таксама вялікія газавыя радовішчы.

Чавэс паабяцаў Беларусі дзяржаньне нафтавага радовішча, на якім можна здабываць да 2 млн тон нафты ў год — гэта столькі сама, колькі здабываецца ў нашай краіне на ўсіх радовішчах Прыпяцкага басэйну разам узятых. Удзел Лукашэнкі ў адкрыцьці здабычы мае стаць кульмінацыяй візыту.

Ход паездкі азмрочаны паразай Чавэса на нацыянальным рэфэрэндуме ў мінулую нядзелю. Вэнэсуэльцы прагаласавалі супраць унясеньня зьменаў у Канстытуцыю, згодна зь якімі Чавэс мог бы знаходзіцца на чале краіны неабмежаваную колькасьць тэрмінаў. Не дапамагло нават тое. што канстытуцыйныя перамены ішлі ў адным пакеце з законам аб зьмяншэньні працоўнага тыдня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?