У дэкарацыях тэатра павесіўся актор. Але спэктакль зрываць нельга – і прадстаўленьне ідзе ў прысутнасьці трупа. Пастаўленая п’еса прысьвечаная старому эратаману, які прымушае дачку прывесьці яму палюбоўніцу (Ліцьвінава)…
Новая стужка Кіры Муратавай – пра дыктатуру. Дыктатуру зьнямоглага эратамана, які ня здольны – і дыктатуру “культурніцкіх” рэчаў, якія ўжо не патрэбныя. Гнюсны маналёг Гамлета ў выкананьні Аляксандра Башырава, моўныя маразмы й штампы (фірмовы прыём Муратавай), гратэскныя рубэнсаўскія жанчыны (у натуры й скульптурах), нечуваны зьдзек з клясычнага фільму Клузо й паклёп на “Адэскую лесьвіцу” Эйзэнштэйна. Парэзаныя рэпрадукцыі з аголенымі жанчынамі, старая парнаграфія – і за кампанію сіплагалосы, вусаты пэрсанаж у тэлевізары, да болю знаёмы гледачам Беларусі.
“Відны мужчына – зайздросьціць эратаман (Багдан Ступка). – Ніхто адсюль ня сыйдзе, пакуль я ня кончу!”
Герой ня кончыў. Народ, давячыся сьмехам, уцёк.
Такі лёс дыктатуры.
Але рэвалюцыянэрам – з торбай воплескаў і лёгкімі, поўнымі “Ганьбы” – лепей не турбавацца.
Абсурдова-мізантрапічная стужка Муравай для зацятых кінаманаў.
Фільм мусіць дэманстравацца ў сьнежанскім Кінафармаце "4х4".