У адным з савецкіх падручнікаў фінскай мовы быў тэкст, які пачынаўся злавеснай фразай: «Фінляндыя – тыповая капіталістычная краіна». Затым ішоў скарочаны курс палітычнай эканоміі: зямля, вада, фабрыкі і заводы належаць капіталістам, а тыя, вядома ж, эксплуатуюць працоўных так, што жыць там проста немагчыма.

Школа ў фінскім горадзе Эспа. Ілюстрацыйнае фота.

Школа ў фінскім горадзе Эспа. Ілюстрацыйнае фота.

Такія апісанні павінны былі выклікаць у савецкага чалавека адпаведныя асацыяцыі: сурова-натхнёныя твары змагароў за шчасце працоўнага люду, бясконцыя чэргі на біржу працы і схуднелыя ад недахопу вітамінаў дзеткі. І поўнілася сэрца спагадай і гневам, і забываліся мы на вясновы авітаміноз сваіх дзяцей і на шматгадовыя чэргі па кватэры. Нават людзі з вышэйшай адукацыяй свята верылі ў гэтыя страшылкі савецкай прапаганды.

У 1990 годзе я па запрашэнні Саюза перакладчыкаў Фінляндыі тры месяцы праходзіў стажыроўку ў гэтай краіне. Гэта быў час, калі паліцы савецкіх крамаў блішчэлі абсалютнай пустотай, прыкрытай соллю ды славутым «Завтраком туріста».

Пасля вяртання ў родную школу мне давялося выступіць перад настаўнікамі і распавесці аб жыцці сярод каварных капіталістаў. Болей за ўсё мяне ўразіла пытанне адной настаўніцы: «А за што жывуць настаўнікі на працягу летніх месяцаў?» І ніяк не хацела паверыць, што за адпачынак яны атрымліваюць грошы і праводзяць яго, не гарбеючы на агародах дзеля пракармлення, а могуць з'ездзіць куды-небудзь у цёплыя краіны на адпачынак. «Як жа так? Там жа капіталізм!» — разгублена паўтарала мая калега.

Майму аповеду паверыў толькі адзін чалавек — інструктар гаркама партыі, які і сказаў мне пасля выступу: «Ну что жа вы так? Нужна было как-та памягчэ. Гласнасць не есць вседазволенасць. Думайце, что гаварыце!» 

Ды і праўда, савецкаму чалавеку цяжка было паверыць, што за жалезнай заслонай жывуць нармальным чалавечым жыццём, што абяцаныя нам у далёкай туманнай будучыні даброты – гэта норма чалавечага жыцця і дзеці там, без усялякага марнаслоўства, з'яўляюцца аб’ектам асаблівага клопату дзяржавы.

Цяпер, пасля таго як я адпрацаваў шмат гадоў у фінскім універсітэце і адначасова «адвучыўся» 12 гадоў у школе з унучкай, я магу пацвердзіць:

клопат пра дзяцей у Фінляндыі пачынаецца з самага нараджэння дзіцяці. Маці, выпісваючыся з раддому, атрымлівае поўны камплект бутэлечак, сосак, пялюшак і грошы на каляску.

Ніхто не нагадвае маладым бацькам пра пасаг для дзіцяці. Маці або бацька, якія возяць дзіцё ў калясцы, маюць права на бясплатны праезд на ўсіх відах гарадскога транспарту. Бывае, што такім правам і злоўжываюць: цягаюць у калясках аж пяцігадовых дзяцей. Справа тут у тым, што дзеткам да сямі гадоў праезд бясплатны, але ж бацькам даводзіцца плаціць, а гэта даволі дорага. На два гады, без страты працоўнага месца і сярэдняга заробку, адзін з бацькоў (маці або бацька) можа браць адпачынак для догляду дзіцяці.

Апрача таго, незалежна ад матэрыяльнага стану, сям'я пачынае атрымліваць грашовую дапамогу ад дзяржавы на дзяцей – прыкладна 200 даляраў за месяц.

Да сямі гадоў дзецям бясплатны ўваход у басейны, луна-паркі, кіно і г.д. Пасля сямі гадоў (да сямнаццаці) ідуць дзіцячыя ільготы, калі доступ у такія месцы для дзяцей каштуе ў два разы танней, чым для дарослых.

У Фінляндыі здаўна існуе абавязковая сярэдняя або базавая адукацыя – 9 класаў. Прычым адукацыя гэтая абсалютна бясплатная. Больш за тое. На працягу гэтых гадоў дзеці атрымліваюць ад дзяржавы бясплатныя падручнікі і сшыткі за кожны клас у поўную ўласнасць.

І не даводзіцца класнаму кіраўніку кожную вясну забіраць у школьнікаў падручнікі, падклейваць іх, сварыцца з бібліятэкай і выбіваць з бацькоў грошы за зношаныя або згубленыя кніжкі.

Абед у школе таксама бясплатны.

Не трэба збіраць даведкі і заключэнні розных органаў улады – гэта само сабой зразумела. Меню абедаў на кожны месяц дасылаюцца бацькам. Прычым абавязкова ўлічваецца веравызнанне школьніка, каб, крый божа, не накарміць свінінай мусульманіна, ці іўдзея, а ялавічынай – індуса. 

Дзеці, якія жывуць на адлегласці двух і болей кіламетраў ад школы, штомесяц атрымліваюць у школе праязны білет. Білет гэты дае права праезду ва ўсіх відах гарадскога транспарту і выдаецца незалежна ад матэрыяльнага становішча сям'і — ці то беспрацоўных, ці мільянераў. Ніякія даведкі збіраць не трэба, варта толькі сказаць у школе, што такі білет дзіцяці патрэбны.

Разумны падыход: калі дзяржава абавязала дзіця вучыцца, дык яна і забяспечвае ўсе ўмовы для выканання такога абавязку. Калі бяруць хлопца ў войска, дык не ён жа павінен купляць мундзір, зброю і г.д. Скажу толькі, што адукацыйны бюджэт Фінляндыі большы, чым абаронны.

Дзеля наведвання платных гурткоў на кожнае дзіця сацыяльнай службай выдзяляецца каля 300 даляраў на год.

Вядома, гэтага не зусім хапае, але ж для малазабяспечаных сем'яў гэта вялікая падмога, калі ўлічыць, што патрабуецца каля 300 даляраў. Апрача платных гурткоў існуе яшчэ вялікая колькасць і бясплатных, арганізаваных рознымі грамадскімі і рэлігійнымі арганізацыямі. Гэта галоўным чынам мастацкія, тэатральныя ды музыкальныя гурткі.

Усімі гэтымі дзіцячымі ільготамі і прывілеямі карыстаюцца і дзеці эмігрантаў. Уся розніца ў тым, што яны ідуць у так званы падрыхтоўчы клас, дзе побач з праграмай па арыфметыцы ды пісьме, дзеці вывучаюць фінскую мову, каб далей вучыцца ў звычайнай фінскай школе.

Прычым гэта навучанне мае на мэце не асіміляцыю, а адаптацыю дзіцяці да жыцця ў чужой краіне. А таму, напрыклад, для дзяцей з розных краін арганізуюцца ўрокі роднай мовы. Гэта звычайна руская, арабская ці самалійская – па большасці дзяцей той ці іншай этнічнай групы. Для праваслаўных хрысціян таксама арганізуюцца ўрокі закону Божага, а для мусульман — вывучэнне Карана.

Вялікая ўвага надаецца ахове навакольнага асяроддзя, а таму раз на тыдзень праводзяцца ўрокі па гэтай тэме, нават з выездамі дзяцей у запаведнікі, на азёры і г.д.

Звычайна класы ў школах невялікія: 8—20 вучняў, што дае магчымасць пастаяннага кантролю і індывідуальнай працы з вучнямі. Зазвычай урокі ў пачатковай школе (1 – 6 класы) вядзе настаўнік і памочнік з практыкантаў ад педагагічнай навучальнай установы.

Трэба сказаць, што ў малодшых класах нагрузка на дзяцей невялікая, асабліва ў параўнанні з нашай школай. Табліцу множання вывучаюць толькі ў трэцім або чацвёртым класе, а да элементаў алгебры пераходзяць яшчэ пазней.

Яно і сапраўды так: якая розніца, калі дзіця навучыцца рашаць ураўненні. Давайце прыгадаем, калі ў савецкай школе пяцідзясятых—шасцідзясятых гадоў пачыналі вучыць іксы ды ігрэкі? А хто са стапрацэнтна пісьменных грамадзян сталага ўзросту памятае, напрыклад, закон Гей—Люсака, або формулу хаця б аднаго з законаў Ньютана?

Усё будуецца на тым, каб не адбіць у вучня ахвоту да школы. Нават адзнакі выстаўляюцца канфідэнцыйна, без публічных разборак і ўшчуванняў, каб не траўмаваць дзіця. Выстаўляцца яны пачынаюць толькі ў чацвёртым класе.

А ў 1—3 класах перад дзецьмі стаіць вельмі цяжкая задача: два разы на год дзецям выдаюць бланкі, дзе вучань сам ацэньвае сябе: свае паводзіны, стараннасць, акуратнасць, адносіны з таварышамі і настаўнікамі і.г.д. А паралельна такія ж адзнакі выстаўляе настаўнік, але пасля вучня. Гэтым самым вучань прызвычайваецца да самастойнасці, да цвярозага погляду на сябе і акаляючы свет.

Самастойнасць — галоўны прынцып навучання.

Напрыклад, праходзяць якую-небудзь тэму па біялогіі ці геаграфіі. На два-тры тыдні вучням даецца заданне, скажам, праехаць з Сант'яга дэ Чылі ў бразільскі Рыу Грандэ, апісваючы прыродныя зоны, этнаграфію і г.д.

У старэйшых класах, г. зн. у базавай школе (7—9 класы) прынцып канфідэнцыйнасці адзнак цалкам зберагаецца, але дадаецца і другі, болей важны: «шчанюка ў глыбокай вадзе».

Гэта значыць, што ніхто нікога не прымушае вучыць і зубрыць, ніхто не вядзе барацьбы за татальную паспяховасць.

Для нас гэта гучыць даволі дзіка, але і дае свае вынікі. Калі сам школьнік не хоча добра вучыцца, значыць, гэта не трэба ні яму, ні ягоным бацькам, бо, атрымаўшы нізкі бал у базавай школе, ён не зможа паступіць у ліцэй (часта яшчэ яго называюць гімназіяй). Навучанне ў ліцэі працягваецца тры гады і адкрывае шлях да вышэйшай адукацыі, а значыць, да добрай кар'еры і добрага заробку. Заробкі людзей з універсітэцкай адукацыяй, так званых дыпламаваных спецыялістаў, амаль у два разы вышэйшыя, чым у тых, хто яе не мае, хаця яны могуць выконваць практычна адну і тую ж работу. 

Вялікая ўвага надаецца вывучэнню розных моваў. Найперш трэба згадаць тое, што абавязкова вывучаюцца абедзве дзяржаўныя мовы Фінляндыі: фінская і шведская. Ніякіх вызваленняў ад гэтых прадметаў законам не дапускаецца. Абавязковаю з'яўляецца і адна з замежных моў. Звычайна гэта англійская мова. Апрача гэтага існуюць некалькі моўных факультатываў. І, як правіла, кожны навучэнец бярэ паглыблены курс той ці іншай мовы. Веданне адной-дзвюх замежных моваў — гэта норма для фінскіх вучняў і студэнтаў, а разам з тым і перадумова для атрымання добрай працы як на радзіме, так і ў краінах Еўрасаюза.

Такая беспрымусовасць на першы погляд вядзе да анархіі і непісьменнасці.

У тым і крыецца вялікая розніца паміж нашымі і фінскімі школамі. Мы прымушаем усіх вучыцца нямаведама дзеля чаго і дзеля каго. Тут жа з першага класа ставіцца ўмова самастойнасці як дзяцей, так і бацькоў.

Яны павінны вырашаць самі, патрэбна ім добрая адукацыя ці не, патрэбна ім добразабяспечанае жыццё ў будучым ці не. Ніхто за іх не вырашае і не заклікае на барацьбу за светлае капіталістычнае заўтра. Грамадства і дзяржава забяспечвае ўсе матэрыяльныя ўмовы, пра якія сказана вышэй, а вы самі павінны зрабіць усё астатняе.

Па гэтай прычыне ў школах няма ні прафесіянальнай арыентацыі, ні палітінфармацый, ёсць ухілы: тэатральны, літаратурны, біялагічны, эканамічны, матэматычны і г.д. Пашану да працы, да радзімы і да нацыянальных каштоўнасцяў фінам пачынаюць ненавязліва прышчапляць з самага малога ўзросту ў сям'і і ў школе.

Дзеці вучаць патрыятычныя, народныя купальскія, калядныя і іншыя песенькі, ездзяць на экскурсіі па краіне і за мяжу, дзе выкарыстоўваюць свае веды замежных моў і г.д. Падчас святаў, калі выконваецца дзяржаўны гімн, усе ўстаюць і падпяваюць, бо так яны прывучаны з дзяцінства.

І ніхто не пасмяецца, калі ўбачыць, што ягоны аднакласнік на канікулах сядзіць за касай, працуе на вуліцы ці мые пад’езды, наадварот — гэта выклікае павагу. І тут дзяржава стварае ўмовы для заахвочвання: са школьнікаў не бяруць падаткі ўвогуле, а студэнтам яны вельмі зніжаныя.

Для навучання ва ўніверсітэце або іншай вышэйшай навучальнай установе моладзь атрымлівае дзяржаўную пазыку, якая практычна пасля заканчэння вучобы пагашаецца.

На час вучобы студэнтам даюцца вялікія льготы. Гэта і агульнаеўрапейскі білет для падарожжа па Еўропе летам, і цэны на жыллё ў студэнцкіх інтэрнатах і г.д.

Дарэчы, студэнцкі інтэрнат у Фінляндыі зусім не тое, што мы ведаем у сябе дома. Інтэрнат – гэта калі два-тры студэнты, якія жывуць кожны ў асобным пакоі, маюць адну на ўсіх кухню, туалет і душ.

Можна шмат чаго сказаць і напісаць пра слабасць заходняй адукацыі, прыводзячы дадзеныя аб шматлікіх непісьменных у заходніх краінах. Можна ганарыцца тым, што спецыялісты з былога СССР вельмі цэняцца за мяжой. Можна ганарыца тым, што Мыкола Гоголь паходзіць з Украіны, а Дастаеўскі з Беларусі. Пры жаданні можна дакапацца і да беларускіх каранёў Алішэра Наваі. Але што з таго? Ні Украіна, ні Беларусь тут ні пры чым.

У свой час мы вельмі ганарыліся тым, што Кулібін пабудаваў унікальны мост. Але пабудаваў ён яго на сушы, дзе мост так і згніў без патрэбы. Браты Чарапанавы пабудавалі першы паравоз, але для расейскіх чыгунак паравозы закупляліся на Захадзе. На мой погляд, гэта гаворыць аб тым, што адукацыя, як такая, не вельмі ўжо была і патрэбна вялікай дзяржаве. Мяркуючы па тым, як плацілі і плоцяць настаўнікам, як забяспечваюць матэрыяльную базу школ, добрая адукацыя не патрэбна і цяпер, гэтак жа, як яна была непатрэбная і раней.

Безумоўна, дзякуючы самааднасці настаўнікаў і нягледзечы на поўную занядбанасць адукацыі, у краіне ёсць шмат вельмі добрых спецыялістаў. Але працаваць яны імкнуцца – і часта дасягаюць сваёй мэты — за мяжой. А нам застаюцца «эрудыты», што выступаюць у «Слабым звяне» або іншай падобнай віктарыне, палаючы кранальнай прагай атрымаць мільён на халяву, але не могуць успомніць аўтара «Му-му» і сталіцу Францыі.

Яблыня дзічэе і пачынае прыносіць атрутна-кіслыя плады, калі яе не даглядаць. Тое ж самае адбываецца і з адукацыяй. Ні ў савецкія, ні ў постсавецкія часы на школу не хапала і не хапае грошай. І як бы не стараліся любыя ўлады давесці галодным настаўнікам і вучням, што нашая сістэма самая лепшая ў свеце, вынік адзін: занядбаная школа – гэта занядбаная будучыня народу і краіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?