У мінскай піраговай-кавярні «Штоле», той, што ля парку Горкага, працуе беларускамоўны афіцыянт.

Калі я зайшла туды сонечным восеньскім ранкам, афіцыянтаў аказалася двое, абодвум мужчынам далёка за 30. Які з іх той, што мне патрэбны? А можа быць, сёння ўвогуле не ягоная змена. Але я трапіла! «Які пірог жадаеце? Гарбату чорную, зялёную, зёлкавую?» — запытаўся мужчына і так прыемна ўсміхнуўся. Я вырашыла не губляць часу і пагутарыць з ім, пакуль кліентаў было няшмат.

Яго завуць Сяргей Сачыўка, ён высокі, падцягнуты, з яскравымі вачыма і прыемнай усмешкай. Жанаты, дарэчы, мае дачку. Пачаў сваю працу ў «Штоле» з тых часоў, як яны толькі пачалі з’яўляцца ў Мінску.

— А вы даўно беларускамоўны? — спыталася я.

— Ды не, стаж мой — адзін год толькі.

— Адзін год? Але ўражанне такое, што вы гаворыце па-беларуску ўсё жыццё. Што ж вас падштурхнула?

— Усяго патрошку. Цікавасць да мовы з’явілася даўно. Калі прыйшоў з арміі, адчуў страшную прагу да літаратуры і пачаў чытаць усё, што траплялася ў рукі.

У 90-я шоргаўся па кнігарнях і набываў беларускія кнігі. Набыў нават слоўнік, каб перакладаць ды чытаць. Пераломным момантам стала кніга Міколы Ермаловіча, пасля якой мне стала не сорамна быць беларусам.

— А як людзі ставяцца да вашай беларускамоўнасці?

— Вельмі пазітыўна. Я здзівіўся нават. Часта дзякуюць за мову.

— Мова змяніла вас?

— Я пачаў адчуваць сябе часткай чагосьці вялікага і вартага.

Працадаўца падтрымлівае Сяргея. Дома сям’я спачатку здзівілася такому рашэнню: не кожны дзень чалавек прачынаецца, а з ягоных вуснаў ліецца ўжо іншая мова. Але цяпер яго дачка-школьніца рыхтуецца здаваць ЦТ па-беларуску.

— А цяжка было перайсці на мову? Я сама першыя некалькі месяцаў амаль не размаўляла ні з кім, так складана было падабраць словы.

— У мяне тое самае было. Адчуваў сябе тармазнутым. Галоўнае, чытаць у гэты час шмат і мець сілы не адмовіцца ад задумы. І, напэўна, усе складанасці забываеш, калі бачыш, як удзячна на цябе глядзяць людзі і як ім гэтага не хапае.

Пакуль гутарылі, ля кас сабраўся натоўп, Сяргей быў вымушаны ісці на дапамогу. Па ўсёй кавярні разносілася прыгожая беларуская мова.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?