— Класе ў шостым я ўбачыў фільм «Каўказская палонніца». І мне моцна спадабаўся Юрый Нікулін. А калі даведаўся, што ён клоўн, у 1971, і сам паехаў паступаць у вучылішча цыркавога і эстраднага мастацтва ў Маскве. Але спазніўся на адзін дзень з падачай дакументаў. Вярнуўся. З сябрам за кампанію падаўся ў мінскі Політэхнічны інстытут. Не рыхтаваўся — і не прайшоў па конкурсе. Пайшоў працаваць.

«Наша Ніва»: Цырк і мора нават побач не стаяць. Як усё-ткі ў Бакінскую мараходку трапілі?

Павел Ляхновіч: Мой старэйшы сябар Слава паступіў у Чарнігаўскае лётнае вучылішча. А на наступны год пасля школы ў мяне паўстала пытанне з войскам. У ваенкамаце на камісіі агітавалі паступаць у вайсковыя вучэльні. Тут і Слава піша: давай да нас — усё за дзяржаўны кошт. Але я медкамісію не прайшоў на лётчыка, затое быў прызнаны годным у маракі. Далі спіс вучылішчаў: Уладзівасток, Піцер, Кіеў, Баку… Пра Баку я тады ведаў толькі, што там нарадзіліся спевакі Палад Бюль-бюль-аглы і Муслім Магамаеў. І мы выехалі з валожынскім хлопчыкам на цягніку. Але ён, пакуль даехалі да Харкава, спалохаўся і вярнуўся дамоў. Я ж ехаў чацвёра сутак у агульных вагонах.

«НН»: І так вось пасля чатырох бяссонных сутак прыбылі ў прыёмную камісію?

ПЛ: Так. А там пытаюцца: «На які факультэт?» — «А ў вас яшчэ і факультэты ёсць?» — «Штурманскі і хімічны». Але я хіміі не рыхтаваў і не ўяўляў, чым хімікі займаюцца на караблях. Абраў штурманскі.

Маё беларускае паходжанне дапамагло пры паступленні. Здаваў экзамен па матэматыцы. Выкладчыца пытаецца: «Там, дзе вы жывяце, далёка ад Ліды? У мяне там сваякі». А затым зноў падыходзіць: «Вы хочаце паступіць ці толькі пракаціцца прыехалі?» — «Паступіць». Задала раўнанне, якое я адразу ж рашыў і атрымаў «пяцёрку». За Ліду.

Фізіку прымаў армянін.

Я вучыўся ў беларускамоўнай школе і расійскамоўнай тэрміналогіі не ведаў. І не мог перакласці «ўяўную выяву». Кажу, што па-беларуску толькі памятаю, пачаў апісальна тлумачыць. Ён склаў рукі: «Пяць балаў». Яму спадабалася, што я не ведаў расейскай мовы.

«Чатыры разы выходзіў на вайну»

— Пасля вучобы я трапіў на падводны крэйсер на Паўночны флот, 13 дывізія флатыліі падводных лодак. Гэта стратэгічныя крэйсеры — па тых часах самыя крутыя, з самай магутнай зброяй. У нас было 16 балістычных ракет, кожная з якіх магла несці да 9 боегаловак.

«НН»: Вас для такіх суднаў і рыхтавалі?

ПЛ: Не. Вучылішча рыхтавала штурманаў, скажам так, шырокага профілю. А ўжо прыходзячы на канкрэтны карабель, даводзілася вывучаць яго тэхніку, бо яна паўсюль адрознівалася. Пасля вучылішча яшчэ чатыры месяцы даводзілася рыхтавацца да здачы на допуск да самастойнага кіравання. Я павінен быў вывучыць абсталяванне карабля — там жа была першая ў Саюзе лічбавая тэхніка!

«НН»: Гэта ў 1970-х?

ПЛ: Лодка была 1975, а я прыйшоў на яе ў 1977. Калі прыйшоў, яшчэ нават не была выпрабавана зброя. І я ўдзельнічаў у выпрабаваннях ужо праз тыдзень: з Аленяй Губы мы пайшлі ў Белае мора, у Северадзвінск, дзе нам загрузілі ракеты. Затым адышлі да вострава Жыжгін, і адтуль ужо стралялі. Гэта праз усю краіну — з Белага мора да Камчаткі! Адзін раз тады ракета не выйшла. Я не зразумеў, што адбылося, таму не спалохаўся. А ракета магла ў шахце і ўзарвацца.

Аленья губа.

Аленья губа.

Праз чатыры месяцы я самастойна ўжо нёс вахту. А ў 1979 адбылася мая першая баявая служба.

«НН»: Выхад у мора на некалькі месяцаў?

ПЛ:

На вайну. Мы грузілі ядзерную зброю, ішлі да берагоў Амерыкі. Раз ці два на суткі падымалі антэну і чакалі загаду з Масквы сцерці з зямлі амерыканскія ці якія цэлі.

Справа ў тым, што падводнікі не ведаюць, куды страляюць — нам галоўнае, каб свае каардынаты дакладна ўказаць. Бо накірунак палёту і далечыня разлічваюцца «машынай» у галаве ракеты.

Некалькі разоў за кожную вахту мы павінны былі праверыць, ці не сочаць за намі. Бо амерыканцы прысылалі свае падводныя крэйсеры. Для чаго? Каб у выпадку пачатку баявых дзеянняў не даць выпусціць ракеты, а патапіць нашу лодку раней. І адзін раз мы заўважылі «хвост»: запусцілі тады другі рэактар і на вялікай хуткасці зматаліся.

«НН»: Такія выхады да Амерыкі былі звязаныя з крызіснымі сітуацыямі?

ПЛ: Не, так рабілася ўвесь час: адзін падводны крэйсер змяняў другі. Я, напрыклад, чатыры разы выходзіў на баявую службу, па тры месяцы кожная.

Як ледзь не спалілі падлодку

— У 1981 на крэйсеры К-424 здарыўся пажар (наступствы маглі быць самыя жахлівыя). І нядаўна я прачытаў інтэрв’ю з нашым камандзірам Мікалаем Івановым — які ён быў герой. Там хлусня на хлусні.

К-424.

К-424.

18 студзеня 1981. Я заступіў на вахту. Хвілін праз пятнаццаць празванілі аварыйную трывогу. Такія рэчы часам здараюцца на дзень некалькі разоў: нейкая грэлка перагрэлася і засмярдзела — адразу трэба падаць сігнал. Таму мы вялікай увагі не надалі. Хвілін праз дзесяць я фармальна па ўнутранай сувязі ў сваіх падначаленых пытаюся: «Як там абстаноўка?» — «Абстаноўка шызая». Не зразумеў. Адчыняю дзверы ў цэнтральны пост, а там усё ў дыме. Мы адзелі сродкі абароны. Я спусціўся ў гірапост (на дзве палубы ніжэй за штурманскую рубку), а мой інжынер без прытомнасці ляжыць. І тут пайшла каманда, што лодка ўсплывае. А перад гэтым на адсек далі ЛОХ (сістэма аб’ёмнага хімічнага пажаратушэння) — распыляецца вадкасць, якая тушыць усё. Ім карыстаюцца, калі не могуць справіцца іншымі сродкамі альбо не могуць знайсці, дзе гарыць. У нас быў другі выпадак. Але перад падачай даецца каманда адзець ізалюючыя дыхальныя апараты.

«НН»: Праз ЛОХ падаецца небяспечнае рэчыва?

ПЛ:

Фрэон: два ўдыхі — і калі не труп, то траціш прытомнасць. А чалавек, які павінен быў даць каманду надзець дыхальныя апараты, збег — спалохаўся.

І па баявых пастах каманда не прайшла, таму не ўсе хлопцы дасталі апараты — і вырубіліся.

Лодка ўсплыла — ніводнай ільдзінкі. А камандзір у інтэрв’ю кажа: мы ішлі пад пакавымі льдамі шматметровай таўшчыні, паўночней Зямлі Франца-Іосіфа ў Паўночна-Ледавітым акіяне. А гэта было Нарвежскае мора, прыкладна за 30 міль ад Барэнцбурга на Шпіцбергене, дзе пакавых ільдоў не бывае. Я ж штурман — памятаю.

Афіцэры К-424. Павел Ляхновіч сядзіць справа.

Афіцэры К-424. Павел Ляхновіч сядзіць справа.

«НН»: А што гарэла?

ПЛ: Камандзір тады кінуў паліць і вырашыў, што ўсе павінны тое зрабіць. Наш падводны крэйсер быў першым у Саюзе, які меў курылку. Але Іваноў павесіў замок на дзвярах. У курылцы стаяў вугальны фільтр — і нідзе дымам не смярдзела. А ў гальюне стаяў такі ж фільтр. Народ зразумеў, што там таксама ніхто не пачуе пах дыму. Магчыма, нейкі матросік не патушыў цыгарэтку ці іскра трапіла, і ў гальюне так разгарэлася, што метал расплавіўся.

«НН»: Нехта тады пацярпеў?

ПЛ: Пяць чалавек страцілі прытомнасць ад ЛОХу. Майго інжынера выцягнулі на паветра, дзе ён ачуняў. Адзін цягнуў яго па рубачным люку за рукі, а другі знізу пхаў.

А старшыня каманды штурманскіх электрыкаў, напрыклад, вырубіўся не да канца. І яго падвялі да рубачнага люка і загадалі лезці. Ён потым расказваў:

«Думаю, куды лезці — мы ж пад вадой. Гляджу ўверх — а там неба відаць. Адчуваю, што ледзь на нагах стаю. Мабыць, мы вярнуліся з аўтаномкі і я так надраўся, што нічога не памятаю». І палез сам.

«На карабель і не цягне»

«НН»: Колькі Вы праплавалі?

ПЛ: Пяць гадоў на падводным крэйсеры і пяць на надводным караблі: на ім стаялі дызель-генератары, паравыя катлы. Я быў камандзірам. Пасля яшчэ чатыры гады выкладаў.

«НН»: Чаму пакінулі мора?

ПЛ: Хто трапіў на флот, увесь час імкнецца вырвацца на бераг. Як толькі я з’ехаў у Баку, заўжды хацелася дадому. А ў Беларусі ў той час флоцкіх частак было дзве — у Вілейцы (радыёперадатчык «Антэй») і Пінскі вучэбны атрад. І майго механіка камандзіравалі ў Пінск прымаць экзамен у матросаў. Я папрасіў яго перагаварыць з камандзірам атрада, каб мяне перавялі туды. І летам 1987 я перавёўся выкладчыкам ваенна-марской падрыхтоўкі.

Пасля пераводу ў Пінск.

Пасля пераводу ў Пінск.

«НН»: Атрымліваецца, з 1987 у мора так і не выходзілі камандзірам?

ПЛ: Не, дзякуй Богу. І не цягне. Праўда, у адпачынку ў Баку пасажырам пераплыў Каспій на пароме. Гэта адзіны раз.

Хаця плаваў па Прыпяці. Быў у нас мастак Яўген Шатохін, мы сябравалі. Ён у Расіі набыў корпус выратавальнага катара — вельбот. Прыбудаваў каюту, паставіў рухавік — зрабіў кшталту яхты. Два гады таму Яўген памёр. Яго сябры часам робяць на той яхце вандроўкі. Пазалетась мы з Уладзімірам Арловым прайшлі ад Пінска да Турава па Прыпяці.

Сакавік 25 Яўгена Шатохіна.

Сакавік 25 Яўгена Шатохіна.

 * * *

Павел Ляхновіч — адстаўны капітан-лейтэнант, пісьменнік. Нарадзіўся 25 кастрычніка 1954 у в. Сярэдняя Мінскага раёна. Выпускнік Каспійскага вышэйшага ваенна-марскога вучылішча ў Баку. Аўтар кніг прозы «Пачатак сезона» (1998), «Зялёны дуб» (2012), дзіцячай аповесці «Ігнась чарадзей» (2014). Перакладае з польскай. Жыве ў Пінску. Жанаты, мае дачку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?