Украіна будзе вырабляць свае крылатыя ракеты і высокадакладныя ўзбраенні, якія будуць замоўленыя для нацыянальных узброеных сіл, сказаў у аўторак прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка.

Гэтую заяву Парашэнка зрабіў падчас сустрэчы з працаўнікамі Днепрапятроўскага машынабудаўнічага заводу «Южмаш», паведаміла агенцтва УНІАН. З гэтай мэтай прэзідэнт унясе змены ў дзяржаўную абаронную замову.

У жніўні СМІ паведамілі пра распрацаваны на «Южмашы» праект украінскай крылатай ракеты «Коршун-2», якая будзе мець далёкасць да 280 км і масу баегалоўкі 480 кг. Па характарыстыках «Коршун-2» атрымліваецца вельмі падобным да расейскіх ударных комплексаў «Іскандэр», на немагчымасць атрымаць якія ад РФ скардзіўся Аляксандр Лукашэнка падчас сваёй апошняй прэс-канферэнцыі.

Такім чынам, украінскі комплекс можа быць варыянтам, які ў будучыні паменшыць вайскова-тэхнічную залежнасць Беларусі ад РФ. Раней Беларусь і Украіна разам стваралі іншыя баявыя ракетныя сістэмы — напрыклад, супрацьтанкавы комплекс «Шэршань», зенітны комплекс «Стылет».

У межах гэтых праектаў украінцы рабілі ракеты, а беларусы — сістэмы суправаджэння і навядзення.

«Ва Украіны ёсць даволі распрацаваны праект «Коршун-2». Але не хапіла у свой час грошай. Калі мы пачнем працу ў кааперацыі, то зможам атрымаць ракеты з далёкасцю 500 км, а не 300, як тое прадугледжана дамовамі па ракетных тэхналогіях», — адзначыў заснавальнік аналітычнага праэкту Belarus Security Blog Андрэй Паратнікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?