Аляксандр Лукашэнка не верыць у наступ сутоння літаратурнай эпохі ў Беларусі. Пра гэта ён заявіў сёння на сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі.
«У жыцці нашага народа літаратура заўсёды была сродкам пазнання свету і выхавання асобы, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
— Нездарма паэзія і проза Купалы і Коласа, Багдановіча і Мележа, Караткевіча і Быкава з'яўляюцца крыніцай нацыянальнага гонару многіх пакаленняў беларусаў».
«Чаму найвышэйшая планка, паднятая нашымі вялікімі пісьменнікамі, не адпавядае сучаснаму стану літаратурнага працэсу?» — звярнуўся ён да прысутных на сустрэчы.
«Можа быць, масцітым пісьменнікам перашкаджае інерцыя мыслення, а маладому пакаленню не хапае жыццёвай мудрасці, вопыту? Ці проста змяніўся час, і наша літаратура развіваецца ў рэчышчы агульнасусветных тэндэнцый, страціўшы традыцыі нацыянальнай пісьменніцкай школы?» — спытаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён звярнуў увагу на тое, што літаратура заўсёды сілкавала ідэямі і сюжэтамі іншыя віды мастацтва, і пацікавіўся, як развіваецца гэта творчая садружнасць сёння. «Ці справядлівыя прэтэнзіі пісьменнікаў з нагоды таго, што сучасныя кампазітары і рэжысёры адвярнуліся ад нацыянальнай літаратуры? Ці прычынай спаду цікавасці з'яўляецца недахоп годных кніг?» — пацікавіўся Лукашэнка.