на фота — прэзентацыя кнігі Віктара Марціновіча ў Мінску 30 верасня, фота Настассі Храловіч

Прэзентацыя кнігі Віктара Марціновіча «Мова» ў Гродне сарвана, паведамляюць у сацыяльных сетках карыстальнікі.

«Мы так чакалі прыезду Віктара Марціновіча і прэзентацыі яго кнігі «Мова» ў Гродне!! Дачакаліся — прыйшла міліцыя і сарвала ўсё! Як крыўдна і сумна на гэта глядзець», — напісала ў Facebook Evika Otto. Пазней яна дадала: «Весела, дазволілі правесці прэзентацыю за 10 хвілін».

Рэдактар і журналіст Антон Кашлікаў напісаў: «У Гродне на прэзентацыю кнігі Віктара Марціновіча прыйшла міліцыя з усімі вынікаючымі. Прэзентацыя сарваная. Іншых падрабязнасцей пакуль няма».

Рыма Ушкевіч: «Прыйшла на прэзентацыю «Мовы» ў Гродне і ўдала трапіла на перапіс пашпартных дадзеных. Гэта каб не расслабляліся, напэўна… Габ'е велікадушна дало нам 10 хвілін на прэзентацыю! І далучылася да мерапрыемства».

Як паведаміў Радыё Свабода Віктар Марціновіч, на прэзентацыю, якая праходзіла ў грэка-каталіцкай парафіі, у залу прыйшлі супрацоўнікі міліцыі і запрасілі яго для дачы тлумачэнняў.

«Там склалі пратакол. Я так разумею, што прычынай цікаўнасці было тое, што сустрэча з чытачамі не была неяк санкцыянавана гарвыканкамам. Такога не было ні з адным маім раманам і ні ў адным горадзе. Нідзе не было такога жорсткага супраціву.

Пасля гэтага прадстаўнік гарвыканкама, я не ведаю яго прозвішча, прапанаваў пайсці да чытачоў і сказаць, што сустрэча сарваная. Аднак я сказаў, каб ён зрабіў гэта сам. Ён пагадзіўся і сказаў прамову для прысутных. І нехта з чытачоў папрасіў 10 хвілін. Таму я атрымаў толькі 10 хвілінаў, і вельмі ўдзячны за гэта. І гэта ў дзень, калі прэзідэнт сустракаўся з кіраўніком саюзу пісьменнікаў, у які я ўваходжу. На што я звярнуў увагу прадстаўнікоў міліцыі», — сказаў В.Марціновіч.

У інтэрв'ю Еўрарадыё сп. Марціновіч зазначыў, што ён здзіўлены, што прэзентацыю кнігі сарвалі і лічыць, што гэта мясцовы перагіб.

Прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і чыноўнік гарвыканкама спынілі прэзентацыю, а самога Марціновіча сталі распытваць, чаму ён ладзіць імпрэзу без дазволу гарвыканкама.

«На што было дадзена тлумачэнне пра тое, што сустрэча праходзіць у памяшканні. Сустрэча праходзіць з нагоды выхаду кнігі, якая з'яўляецца легальнай, якая знаходзіцца ва ўсіх крамах і, прабачце, разышлася велізарным для Беларусі накладам. Што сустрэча праходзіць у дзень, калі прэзідэнт сустракаўся з беларускімі пісьменнікамі». 

Па словах Марціновіча, гродзенскія чыноўнікі, мабыць, яшчэ не ведаюць, што беларускую літаратуру «дэкрыміналізавалі». 

Прадстаўнікі ўлады склалі пратакол і паабяцалі даць прававую ацэнку сённяшняй вечарыне на працягу 10 дзён. 

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру