Жыццё маленькай Фаіны не задалося з самага ранняга дзяцінства. Так здарылася, што бацькі яе развяліся, калі дзяўчынка была зусім малечай. Спрабуючы ўладкаваць уласнае шчасце, маці аддала дачку на выхаванне бабулі. Але і тая неўзабаве памерла…

Пасля смерці бабулі гадаваць Фаіну узяўся яе родны дзядзька, які пражываў у Баранавічах. Самотны мужчына як мог даглядаў пляменніцу. Перыядычна дапамагаць яму браліся сужыцелькі. Чарговай з іх стала цыганка, якая назвалася Альбінай. У дом дзядзькі Альбіна заехала разам са сваім сынам. І жыць бы ўсім разам вялікай і дружнай сям'ёй, ды толькі цыганская кроў клікала ў дарогу, не давала заседжвацца на адным месцы.

У тую вераснёвую раніцу 2003 года Альбіна ўзяла з сабой сына, сямігадовую Фаіну і адправілася ў горад, дзе ёй, як яна распавяла, добрыя людзі павінны былі даць дзіцячыя рэчы. Наступіў вечар, але цыганка і дзеці дадому не вярнуліся. Не з'явіліся яны ні на наступны дзень, ні праз тыдзень. Тады дзядзька звярнуўся з заявай у міліцыю.

Супрацоўнікі крымінальнага вышуку тут жа пачалі шукаць дзіця, якое звяла з дому цыганка. Па крупінках збіраючы інфармацыю, яны спрабавалі выйсці на след Альбіны. Пачалі з праверкі ўсіх, хто калі-небудзь ведаў або бачыў зніклую выкрадальніцу. Даведаўшыся, што да прыезду ў Баранавічы Альбіна жыла ў Талачынскім раёне, неадкладна выехалі туды, каб апытаць яе былога сужыцеля і іншых знаёмых цыган. На жаль, гэты след ні да чаго не прывёў. Далей сышчыкі адправіліся ў Барысаў, дзе таксама бывала жанчына. Там атрымалася даведацца толькі тое, што яе імя выдуманае.

— У ходзе вышуковых мерапрыемстваў аператыўным супрацоўнікам удалося ўсталяваць, што шуканую цыганку клічуць Рада, — распавядае оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку гарадскога аддзела міліцыі Настасся Шэвелева. — Па наяўных дакументах выходзіла, што яна з'яўляецца ўраджэнкай горада Саранска Пензенскай вобласці. Аднак і гэтыя звесткі аказаліся выдуманымі: Саранск на самай справе знаходзіцца ў Мардовіі, а не ў Пензенскай вобласці.

І хоць гэтая нітачка таксама не прывяла да адчувальнага выніку, аператыўнікі зразумелі: шукаць зніклую цыганку і выкрадзеную дзяўчынку трэба не толькі ў Беларусі. «Альбіна» цалкам магла адправіцца і ў Расію, Украіну ці Малдову.

— Арыенціроўкі мы накіравалі ў Астрахань, Свярдлоўск, Архангельск, Саратаў, Саранск, Смаленск, Маскву, Львоў і іншыя гарады, — кажа Настасся Шэвелева. — Адначасова праводзілі праверку ўсіх неапазнаных дзяцей цыганскай нацыянальнасці, выяўленых на тэрыторыі Беларусі і горада Масквы, правяралі бюро рэгістрацыі няшчасных выпадкаў.

Пошукі, якія доўжыліся дзесяць гадоў, так і не прыносілі выніку. «Альбіна» з выкрадзенай Фаінай як у ваду канулі. Нечаканыя зрухі здарыліся ўжо ў гэтым годзе. Баранавіцкія сышчыкі высветлілі, што выяўлена супадзенне адбіткаў пальцаў цыганкі ў базе «Папілон» Міністэрства ўнутраных спраў па Рэспубліцы Татарстан і Прыволжскай федэральнай акрузе. Шуканая аказалася 38-гадовай цыганкай па імені Вольга, ураджэнкай горада Пензы. А неўзабаве стала вядома, што цяпер Вольга адбывае пакаранне за крадзеж у адной з расійскіх калоній.

Расійскія калегі па просьбе баранавіцкіх сышчыкаў пагутарылі з цыганкай. Тая сваё дачыненне да выкрадання дзяўчынкі адпрэчыла. Маўляў, на самай справе гэта была яе сястра. Але ўсё ж расейскім паліцыянтам удалося высветліць, што выкрадзеная дзяўчынка трапіла ў прытулак, а пасля — у дзіцячы дом горада Чапаеўска Самарскай вобласці.

— Паколькі ніякіх дадзеных пра імя дзіцяці не было, па рашэнні суда ёй прысвоілі новыя анкетныя дадзеныя, — тлумачыць Настасся Шэвелева. — Цяпер яе завуць Русаліна. Супрацоўнікі дзіцячага дома далі нам інфармацыю пра тое, дзе яна можа пражываць у цяперашні час.

Так сышчыкі знайшлі Русаліну. Каб пераканацца ў тым, што яна і ёсць тая самая Фаіна, оперупаўнаважаныя крымінальнага вышуку папрасілі расійскіх калег узяць у яе ўзоры геннага матэрыялу і накіраваць іх у Беларусь. Са свайго боку такія ж узоры ўзялі і ў бацькоў Фаіны. Генатыпаскапічная экспертыза пацвердзіла, што яна і ёсць тая дзяўчынка, якую шукалі 11 гадоў.

— Па нашай просьбе расійскія калегі паведамілі Русаліне-Фаіне пра тое, што яе шукаюць сваякі з Беларусі, — распавяла Настасся Шэвелева. — Дзяўчына, даведаўшыся пра гэта, папрасіла даць ёй нумар тэлефона сваіх бацькоў. Мы ж са свайго боку перадалі яе маці нумар мабільнага тэлефона дачкі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру